Каталог Артыкулаў

Главная » Статьи » Артыкулы

10 Урок. Прыроднае раяніраванне тэрыторыі

10 Урок. Прыроднае раяніраванне тэрыторыі

         Калі вам давялося пабываць у розных мясцінах Глыбоччыны, то вы змаглі пераканацца ў разнастайнасці яе краявідаў. Глыбоччына – край шматлікіх сінявокіх азёр і плынных, утуленых у свае берагі рэк і рачулак, якія абвіваюць узгоркі з пакатымі схіламі. А якое непаўторнае  і прывабнае ўбранства нашых лясоў і лугоў! Якія цудоўныя ваколіцы Зябак, Падсвілля, Узрэчча, Мосара…     Вы ўжо пазнаёміліся з асаблівасцямі будовы, рэльефу, кліматычных умоў, паверхневых вод, арганічнага свету раёна. Атрыманыя звесткі дапамогуць вам больш змястоўна ведаць прыроду нашага краю. Кожны куточак адметны, асаблівы, але ў той жа час многія мясціны маюць агульныя або блізкія да падабенства рысы прыроды, гісторыю фарміравання.

         На вонкавы воблік паверхні раёна, яго рэльеф, а потым і на іншыя кампаненты прыроды аказала уплыў Паазерскае зледзяненне. Ледавік, які пакінуў нашу тэрыторыю прыкладна 16-13 тысяч гадоў таму назад, аставіў пасля сябе адметныя сляды: марэнныя ўзгоркі і грады, часта пакрытыя лесам, якія ўзвышаюцца над суседнімі паніжэннямі, азёрамі на 20-30 метраў. Рэльеф раёна можна назваць "маладым”, слаба змененым. Ледавік меў розную ступень уздзеяння на тэрыторыю, што прывяло да характэрнага спалучэння прыродных ландшафтаў, фарміравання фізіка-геаграфічных правінцый, акруг, раёнаў.

         Згодна з адзінай агульнаеўрапейскай класіфікацыяй прыроднага раянавання большая частка Глыбоцкага раёна належыць да Беларускай Паазерскай правінцыі, а поўдзень раёна – да Заходне-Беларускай правінцыі.

         Фізіка-геаграфічны раён Дзісенская нізіна адносіцца да акругі Падзвінне Беларускай Паазерскай правінцыі. У паўночна-заходняй частцы Глыбоччыны вузкай паласой (шырынёй 12-14 км і даўжынёй да 28 км) працягнулася нізіна да ракі Дзісна. Яе паўднёвая мяжа праходзіць па лініі: возера Пліса(на граніцы з Пастаўскім раёнам) – Пятроўшчына – Залессе – Сасноўка. Тып рэльефу – азёрна-ледавіковы, які сфарміраваўся на месцы Полацка-Дзісенскага прыледніковага вадаёму паазерскага ледавіка. Складзена з азёрна-ледавіковых, пераважна стужачных глініста-пясчаных адкладаў. Плоска-ўвагнутая паверхня нізіны з абсалютнымі адзнакамі 140-160 метраў  нахілена на паўночны захад да ракі Дзісна. Найбольшая абсалютная вышыня нізіны ў межах раёна – 161 м, "Мосарскі пагорак”, на вяршыні якога ўстаноўлены крыж - самы высокі ў Беларусі. Слабаўзгорыстая, да 10-15 метраў, паверхня перарэзана рачнымі далінамі Палавіцы, Лучайкі, Бярозаўкі. Урэз вады ракі Палавіца (116 м) – самае нізкае месца ў раёне. Група азёр Пятроўскае, Жакаўскае, Царкавішча – з’яўляюцца азёрамі з падпруднымі катлавінамі, неглыбокімі , багатымі раслінным і жывёльным светам, з нізкімі, забалочанымі берагамі. Возера Пліса не  толькі адно з прыгажэйшых азёр, але ўваходзіць у "пяцёрку” буйнейшых як па глыбіні так і па плошчы азёр Глыбоччыны.

         Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя пераважна гліністыя і сугліністыя.

         Больш 60 % гэтага куточка Глыбоччыны занята лясамі, сярод якіх пераважаюць ялова-сасновыя пароды з участкамі шэрай вольхі, бярознікамі і асіннікамі. Лясны масіў працягнуўся ад вёскі Мосар на захадзе да Барсукоў на ўсходзе амаль суцэльнай паласой, сярод якой сустракаюцца два бязлесыя астроўкі ля вёсак Капыльшчына і Чаронка. Значная частка нізіны забалочана. Найбольшы балотны масіў – Чысты Мох.

Прыродаахоўныя тэрыторыі: геалагічныя помнікі "Мосарскі пагорак” плошчай 40 га, "Галубінскі пагорак (пінга)” плошчай 80 га.

Гісторыка-архітэктурныя аб’екты, помнікі прыроды мясцовага значэння –паркава-архітэктурны комплекс у Мосары, Залесскі парк.

 

 

Фізіка-геаграфічны раён Свянцянскія грады ўваходзіць у акругу Нарачана-Ушацкае Паазер’е Беларускай Паазерскай правінцыі і займае большую частку тэрыторыі Глыбоччыны. Працягнуліся  Свянцянскія грады ад граніцы з Пастаўскім раёнам з паўднёвага захаду на паўночны ўсход.

         Фарміраванне рэльефу тэрыторыі звязана з дзейнасцю ледавікоў. Характэрнай рысай рэльефу з’яўляецца яго маладосць і захаванасць першасных форм. Растаяўшы ледавік пакінуў сістэму марэнных град, узгоркаў, якія ў асноўным маюць круты і кароткі паўднёвы схіл, палогі і доўгі – паўночны. Пры абсалютных вышынях 190-210 метраў, маюцца участкі, асабліва каля рэк і азёрных катлавін, вышыня якіх на 20-30 метраў, а каля возера Доўгае на 30-40 метраў ніжэй. Спалучэнне буйных узгоркаў і глыбокіх вузкіх лажбін надаюць гэтым мясцінам уяўленне нізкагорнага рэльефу. Тэрыторыя складаецца з гліністых адкладаў чырвона-бурага, бурага і шэрага колераў, суглінкаў, пяску, жвіру і галькі са шматлікай колькасцю валуноў.

         Рачная сетка негустая. Рачныя даліны -  глыбокія без тэрас і поймы. Маладыя, у асноўным вузкія рачныя даліны рэк Авута (з прытокам Нехрысць), Бярозаўка (з прытокамі Дабрылаўка, Маргва, Аржаніца), Мнюта, Свіліца ўюцца ў міжградавых паніжэннях.

         Міжузгоркавыя паніжэнні заняты катлавінамі азёр рознай формы і паходжання. Доўгінская азёрная група ляжыць паблізу краявых град Свянцянскага ўзвышша на граніцы з Верхне-Бярэзінскай нізінай. Большасць азёр гэтай групы мае невялікія памеры і ўтварае выцягнуты з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход ланцужок. Азёры Доўгае, Свядава, Гінькава, Псуя ляжаць у вузкай глыбокай упадзіне і адносяцца да лагчынных. "Беларускім Байкалам” можна па праву назваць самае глыбокае возера Беларусі  - Доўгае (53, 7 м), самым чыстым на Глыбоччыне  - возера Гінькава, трэцяе па глыбіні возера краіны (43, 3 м). Возера Шо мае амаль правільную авальную форму, ляжыць у абшырнай плоскай катлавіне ў цэнтры спушчанага старажытнага Шошынскага возера. У раённым цэнтры і вакол яго шмат азёр, злучаных паміж сабой буйнейшай ракой Бярозаўкай – Ластавіцкае, Крывое, Кагальнае, Вялікае, Падлазнае, Мушкат. Выдзяляюцца прыгажосцю і багаццем жывёльнага свету азёры Запрудска-Бушыкаўскай і Залесскай груп.

         Глебавае покрыва вельмі разнастайнае: вяршыні і схілы град заняты дзярнова-падзолістымі супясчанымі і сугліністымі глебамі, у паніжэннях дзярновыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя з тарфяна-балотнымі. Лясістасць град невысокая – каля 25%. Найбольшы лясны масіў – Падсвільска-Пліска-Псуеўскі, а таксама даліна ракі Авута. Пераважаюць лясы з елкі, сасны з прымессю вольхі, бярозы, барадаўчатай асіны.

         Унікальнасць прыродных ландшафтаў Свянцянскіх град абумовіла арганізацыю ў яе межах вялікай колькасці прыродаахоўных тэрыторый. Гідралагічнымі заказнікамі рэспубліканскага значэння з’яўляюцца азёры Доўгае, Белае, Сэрвач. Заказнікі мясцовага значэння – ландшафтна-батанічныя "Пліскі камавы масіў”, "Маліноўшчынскія ўзвышшы”, гідралагічны – "Гурбы”.

Батанічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння з’яўляецца дэндралагічны сад Глыбоцкага доследнага лясгаса, геалагічнымі: "Чортаў камень Вялецкі”, "Камень з рыбкамі”, "Вялікі камень Старынаўскі”, "Габрусёў камень”, "Горкінскі оз”. Да геамарфалагічных помнікаў прыроды мясцовага значэння адносяцца: "Кавалеўская гара” – вышэйшы пункт Глыбоцкага раёна (226, 4 м), "Гарвацкі кам”, "Зябкаўскае ўзвышша”, "Мядзведкаўскі оз”, да геалагічных – "Камень Давыдкаўскі”, "Камень Галубіцкі”, "Камень Прошкаўскі”, "Камень Прыпернянскі”.

         Фізіка-геаграфічны раён Ушацка-Лепельскае ўзвышша займае невялікую ўсходнюю частку тэрыторыі Глыбоччыны па лініі Сяменчыкі-Чашкі-Івесь і з’яўляюцца заходнімі ўскрайкамі Ветрынскага і Кублічскага падраёнаў узвышша. У эпоху апошняга зледзянення раён знаходзіўся на месцы ледавіковага языка і таму асноўныя формы рэльефу арыентаваны ў напрамку яго руху. Тып рэльефу ўзгорыста-марэнна-азёрны. Паверхня складзена валуннымі суглінкамі і супесямі. Марэнныя ўзгоркі каля Ломашаў, Кульгаёў, Чашкоў чаргуюцца з шырокімі плоскаўзгорыстымі водна-ледавіковымі катлавінамі катлавінамі, часта забалочанымі. Пераважаюць абсалютныя вышыні ў 160-180 метраў, найбольшая – 196 м (каля в. Руднікі).

         У час будаўніцтва чыгункі паміж Загаццем і Кульгаямі ўзгорысты рэльеф вельмі перашкаджаў будаўніцтву, таму чыгуначнае палатно пятляе паміж марэнных узвышшаў. Гэты ўчастак самы складаны паміж Полацкам і Крулеўшчынай для руху цягнікоў, якія тут сцішаюць ход.

         Рачная сетка бедная, у асноўным злучае сваімі ручаямі і пратокамі невялікія азёры. Буйнейшыя азёры – Каравайна, Вялікі і Малы Супанец, Івесь. Кулёк – падпрудныя, лагчынныя.

         Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя. Бярозавыя, асінавыя, чорнаальховыя гаі, сосны пакрываюць да 30 % тэрыторыі. Каля азёр і ў паніжэннях – злакава-разнатраўныя лугі і нізінныя балоты. Да 60 % тэрыторыі распахана.

         Паўднёва-усходняя частка раёна адносіцца да Заходне-Беларускай правінцыі, фізіка-геаграфічнага раёна Верхне-Бярэзінская нізіна. Паверхня прыўзнята да 150-180 метраў над узроўнем мора. Рэльеф створаны Сожскім ледавіком і талымі водамі апошняга паазерскага ледавіка, якія сцякалі на поўдзень і стварылі буйны вадаём. Рака Беразіна спусціла возера, утварылася амаль плоская слабаўзгорыстая раўніна з асобнымі прыўзнятымі ўчасткамі каля Вострава, Ліпава.

         Тэрыторыя пакрыта густой сеткай рачулак, меліярацыйных каналаў, якія ўпадаюць у Чысцянку (прыток ракі Шо) і Чарніцу (прыток Бярэзіны).  Такім чынам Верхнебярэзінская нізіна ў межах Глыбоцкага раёна з’яўляецца часткай Чарнаморска-Балтыйскага водападзелу рэк. Нізіна складзена з пясчана-гліністых флювіягляцыяльных і азёрна-ледавіковых, рачных і балотных адкладаў. Месцамі да вышыні 10-15 метраў уздымаюцца марэнныя і дзюнныя ўзгоркі. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя, поймава-дзярновыя забалочаныя і тарфяна-балотныя глебы. Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіравы матэрыял.

          Сярод лясоў найболбш пашыраны хвойнікі сфагнавыя і верасова-імшыстыя, ельнікі даўгамошна-імшыстыя, бярэзнікі і алешнікі асаковыя. Амаль 80% тэрыторыі пакрыта ляснымі масівамі, сярод якіх выдзяляецца ландшафтна-гідралагічны заказнік мясцовага значэння «Галубіцкая пушча», які знаходзіцца на стадыі пераўтварэння ў аднайменны рэспубліканскі ландшафтны заказнік. 
Категория: Артыкулы | Добавил: evgeniy_cherkes (23.02.2014)
Просмотров: 1519 | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Форма ўвахода
Катэгорыі раздзела
Артыкулы [91]
Карысныя рэсурсы



Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь



Нацыянальная бібліятэка
Беларусі



Турызм у Беларусі


  Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт



Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны



Дзень беларускага пісьменства

Пошук


Надвор'e у Глыбокім

Статыстыка

Aнлайн yсяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0