Каталог Артыкулаў

Главная » Статьи » Артыкулы

1.Эканамічнае развіццё зямель Глыбоччыны ў Раннім сярэднявякоўі

16 Урок. Эканамічнае развіццё зямель Глыбоччыны

ў Раннім і Высокім сярэднявякоўі

 

1.Эканамічнае развіццё зямель Глыбоччыны

 ў Раннім сярэднявякоўі

Поўнач сучаснай Беларусі даволі рана стала вядома і для людзей з цэнтраў еўрапейскай цывілізацыі. Яшчэ ў V ст. да н.э. старажытнагрэчаскі гісторык Герадот пісаў пра племя андрафагаў. На думку Б.А. Рыбакова, андрафагам адпавядала насельніцтва днепра – дзвінскай культуры ці культуры штрыхаванай керамікі.

Дальнейшае сацыяльна – эканамічнае і этнічнае развіццё насельніцтва Беларусі прывяло ў Раннім сярэднявеччы да значных змен у яго жыцці. Заселеныя крэўнымі сваякамі гарадзішчы сталі тормазам гаспадарчага прагрэсу, яны стрымлівалі ініцыятыву найбольш прадпрымальных родаў, перашкаджалі асваенню новых зямель і гандлёваму абмену. Старыя патрыярхальныя гарадзішчы былі пакінуты, а замест іх узніклі неўмацаваныя селішчы, якія ўтвараліся ў зручных для вядзення гаспадаркі месцах. У выніку гэтага балцкія культуры – днепра – дзвінская, штрыхаванай керамікі і некаторыя іншыя зліваюцца ў адну, якая атрымала назву банцараўскай, банцараўска – тушамлянскай ці тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны – Тушамлі – Калочына. Гэта культура з’яўляецца ўсходне – балцкай, існуе на працягу V – ІХ ст.ст.

Археалагічная культура – гістарычная агульнасць археалагічных помнікаў пэўнага перыяду, якія маюць шэраг уласцівых толькі ім рыс (форма і арнаментацыя посуду, упрыгожанні, пахавальны абрад і г.д.) і размяшчаецца на акрэсленай тэрыторыі.

Цікавы факт. Амаль усе даследаваныя ў Падзвінні селішчы знойдзены на месцах стаянак каменнага і бронзавага вякоў, на нізкай першай надпольнай тэрасе рэк і азёр, ля самай вады. Да такога тыпу адносіцца селішча ля вёскі Пліса Глыбоцкага раёна. Магчыма гэтаму спрыялі прыродныя фактары – зручнае размяшчэнне ля вадаёмаў, да таго ж VVI ст.ст. вучоныя палеагеографы лічаць часам нізкага ўзроўню стаяння вод.  

У  VІІ – VIІІ ст.ст. змянілася палітычнае становішча, таму селішчы размяшчаюцца побач са старымі гарадзішчамі. Самі гарадзішчы ператвараюцца ў крэпасці – сховішчы, значна ўмацаваныя дадатковымі валамі, шляхам падсыпкі краю пляцовак, абарончымі драўлянымі сценамі. На тэрыторыі Глыбоцкага раёна селішчы гэтай эпохі выяўлены побач з гарадзішчам Запруддзе, на месцы стаянкі Пліса-1 каля возера Пліса.

Пры раскопках гэтых паселішчаў знойдзены шматлікія фрагменты гладкасценнага посуду з жарствой (жвірам), прылады працы, нажы, наканечнікі дзідаў, іголкі, гліняныя прасліцы, вырабы з косці, упрыгажэнні – падвескі, скроневыя кольцы, бранзалеты, шыйныя грыўні.



                План гарадзішча каля г. Глыбокае. Раскоп і шурф 2001 г.

У 2000 г. быў адкрыты помнік гарадзішча каля г. Глыбокае, якое размешчана на поўдні ад г. Глыбокае, ў лесе, 1 км ад дарогі, займае частку доўгай грады вышынёй 12 – 14 м.

Гарадзішча мае авальную форму размерам 60x37 м, выцягнута па лініі поўнач – поўдзень. З паўднёвага боку ўмацавана надпольным валам вышынёй 2 м і шырынёй у асновы 6 м. З паўночнай і заходняй старон размешчаны дзве тэрасы шырынёй да 5 м (сляды валоў). Толькі ўсходняя частка не мае ўмацаванняў (круты схіл). У культурных пластах пры правядзенні раскопак знойдзена касцяное далато, шмат фрагментаў гладкасценнай керамікі, шмат кускоў шлака, касцяная і жалезная праколкі, гліняныя прасліцы, гузік, жалезны нож, астанкі касцей хатніх і дзікіх жывёл. Знаходкі датуюцца VIVIII ст.ст. н.э.³

 

Табліца 1. Відавы склад жывёл з гарадзішча каля г. Глыбокае

 

Від жывёл

Колькасць касцей

% ад агульнай колькасці

Колькасць жывёл

% ад агульнага ліку жывёл

Буйная рагатая жывёла

27

36

2

14,29

Мелкая рагатая жывёла

20

26,67

3

21,43

Свіння хатняя

16

21,33

2

14,29

Конь

5

6,67

3

21,43

Лось

1

1,33

1

7,14

Мядзведзь

2

2,67

2

14,29

Расамаха

4

5,33

1

7,14

Усяго:

75

100

14

100

 

 

 

Табліца 2. Суадносіны хатніх і дзікіх жывёл

на гарадзішчы каля г. Глыбокае

 

Від жывёл

Колькасць касцей

% ад агульнай колькасці касцей

Лік жывёл

% ад агульнай колькасці жывёл

Хатняя

68

90,67

10

71,43

Дзікія

7

9,33

4

28,57

Усяго:

75

100

14

100

 

У 1974 г. А.Р. Мітрафанаў даследаваў 168 м² плошчы, культурны слой магутнасцю 0,3 – 0,4 м. Культурны слой – пласт з рэшткамі дзейнасці людзей. На мацерыку выяўлены два грунтавыя пахаванні па абраду трупаспалення. У адным былі абломкі глінянага посуду, два драцяныя скроневыя кольцы і ўтульчаты двухшыпавы наканечнік стралы. Побач з пахаваннем гаспадарчая яма, у якой знойдзены  зярняты жыта і перапаленае збожжа, гліняныя гаршкі і гліняныя прасліцы. Прасліца (праселка) гліняны або каменны гузік з адтулінай у цэнтры, які служыў для павелічэння інерцыі вярчальнага руху верацяна.

Гэта гарадзішча аднесена А.Р. Мітрафанавым да ІХ ст. Гэта быў крывічанскі апорны пункт, які ўзнік пры асваенні новых зямель.

Шматлікія зярняты жыта, якія добра захаваліся, даюць права меркаваць што важнай прагрэсіўнай з’явай у ІХ ст. было вырошчванне новай збожжавай культуры азімага жыта, якое ў адрозненне ад збожжавых культур таго часу (мяккай пшаніцы, ячменю, аўса і інш.) было найбольш марозаўстойлівае, добра процістаяла пустазеллю, лепш было прыстасавана для мясцовых умоў, давала ўстойлівыя ўраджаі.

Доўгачасовае выкарыстанне гарадзішчаў у нашым краі можна растлумачыць канкрэтнымі сацыяльна – эканамічнымі ўмовамі, прычынамі і фактарамі знешняй небяспекі. Малы культурны пласт (слой) 0,2 – 0,4 м сведчыць аб развіцці ляднага земляробства, асваеннем новых зямель і перамяшчэннем насельніцтва.

Акрамя падсечна – агнявога земляробства значную ролю ў жыцці людзей адыгрывала жывёлагадоўля, рыбная лоўля. З рыбалоўных прылад трапляюцца грузілы, кручкі, восці, блешні. На даследаваных паселішчах выяўлены сляды вытворчасці па апрацоўцы жалеза. Развівалася кавальская справа, удасканальвалася і тэхналогія металургічнай вытворчасці, аб чым сведчаць знаходкі сярпоў. Развівалася ганчарства. 

Категория: Артыкулы | Добавил: evgeniy_cherkes (02.03.2014)
Просмотров: 641 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Форма ўвахода
Катэгорыі раздзела
Артыкулы [91]
Карысныя рэсурсы



Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь



Нацыянальная бібліятэка
Беларусі



Турызм у Беларусі


  Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт



Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны



Дзень беларускага пісьменства

Пошук


Надвор'e у Глыбокім

Статыстыка

Aнлайн yсяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0