Каталог Артыкулаў

Главная » Статьи » Артыкулы

4 Урок. Геалагічная будова, рэльеф і карысныя выкапні
4 Урок. Геалагічная будова, рэльеф і карысныя выкапні


            Глыбоцкі раён знаходзіцца на буйным блоку зямной кары – Еўразійскай літасфернай пліце, на яе старажытным устойлівым участку – Усходне-Еўрапейскай платформе з таўшчынёй зямной кары да 45-53 км. Але гэта тоўшча неаднародная, яна складаецца з двух ярусаў: ніжняга – старажытнага, цвёрдага крышталічнага фундаменту, і верхняга, больш маладога асадкавага чахла, складзенага з асадкавых парод рознага ўзросту.
            Фундамент платформы ўтварыўся 2, 5 – 3, 0 млрд. гадоў таму назад у архейскую і пратэразойскую эры. Ён складзены з вельмі цвёрдых парод: граніту, гнейсу, кварцыту, якія змяты ў складкі і пранізаны застыўшай лавай. Заглянем пад паверхню фундамента, для чаго ўяўна знімем тоўшчу асадкавых парод пад намі. Паверхня фундамента платформы на тэрыторыі нашага раёна, у параўнанні з усёй Беларуссю, крыху прыўзнята. Такія прыўзнятыя ўчасткі  прынята называць антэклізамі. У тэктанічных адносінах Глыбоцкі раён размешчаны  ў межах паўночнай часткі Беларускай антэклізы, якая прадстаўлена Вілейскім пахаваным выступам. Гэта па сутнасці горная сістэма з вышынямі  ў 500-600 м, якая паступова паніжаецца на поўнач. Крышталічны фундамент у старажытны час у выніку тэктанічных рухаў апускаўся і прыўзнімаўся, што прывяло да з’яўлення на ім лініі разломаў, насоўванняў, утварэння гранітна-гнейсавых блокаў. Пасля ўтварэння крышталічнага фундаменту ў канцы пратэразою пачаў фарміравацца асадкавы чахол.
            Участкі платформы, дзе фундамент пакрыты асадкавым чахлом, называюцца плітамі. Наш раён размешчаны ў межах заходняй часткі Рускай пліты, асадкавы чахол якой дасягае 540-600 м. Пароды асадкавага чахла залягаюць амаль гарызантальна або слаба змяты ў складкі. Сярод іх пераважаюць гліны, суглінкі, пяскі, супесі, мел, мергель, вапнякі. Таўшчыня залягання і характар парод залежаць ад ўмоў, якія былі ў розныя геалагічныя часы. Цяпер цяжка ўявіць, але тэрыторыя нашага краю ў выніку апускання платформы неаднойчы была дном мора і пакрывалася вадой. Так было ў канцы пратэразойскай эры, у кембрыйскім, ардовіцкім, дэвонскім  перыядах палеазойскай эры. Амаль  200 млн. гадоў на марскім дне адкладваліся асадкавыя слаі пясчанікаў, глін, гліністых сланцаў, мергелю ў некалькі сот метраў. Асабліва трэба выдзеліць адклады парод дэвонскага перыяду, калі на месцы нашага раёна была марская лагуна, у цёплых водах якой назапасіліся найбольшыя тоўшчы асадкавых парод, якія паслужылі асновай для фарміравання сучаснага рэльефу і глебаў. У канцы дэвону мора паступова адступае на ўсход і поўдзень. З гэтага часу тэрыторыя Глыбоччыны становіцца сушай. Ва ўмовах кантынентальнага клімату тоўшча асадкавых адкладаў нязначная, і фарміравалася яна за кошт пераносу горных парод падчас працэсаў фізічнага выветрывання.
Завяршэнне фарміравання паверхні асадкавага чахла  адбылося ў чацвярцічны перыяд кайназойскай эры, калі пахаладанне клімату змянялася перыядамі пацяплення. Асноўны ўплыў на фарміраванне платформавага чахла ў антрапагене аказалі зледзяненні.
           Рэльеф раёна сфарміраваўся пад уплывам дзейнасці старажытных ледавікоў, якія 5 разоў перакрывалі тэрыторыю Беларускага Паазер’я. Чатыры з іх (нараўскае, бярэзінскае, дняпроўскае, сожскае) пакрывалі тэрыторыю раёна цалкам, а паазерскія ледавіковыя адклады завяршылі фарміраванне рэльефу Глыбоччыны. 
Тэрыторыя раёна аддалена ад складкаватых абласцей, таму на ёй могуць фіксавацца толькі слабыя землетрасенні як водгалас тэктанічных рухаў, што адбываюцца ў сейсмічных паясах. У 1977, 1990 гадах да Глыбоччыны дакаціліся падземныя штуршкі сілай 3-4 балы з Карпат, а ў 2004 такой жа моцы -  з Гродзеншчыны.
           Павольныя рухі зямной кары, якія раней прыводзілі да апускання, а цяпер да павольнага нязначнага да 1 мм у год пад’ёму паверхні, аказваюць уплыў на разбуральную дзейнасць водных патокаў, на развіццё балот.

Фактары фарміравання рэльефу раёна

           Сучасная звыклая нашаму позірку паверхня тэрыторыі раёна сфарміравалася пад уплывам розных працэсаў, галоўнымі з якіх з’яўляюцца:
па-першае, геалагічная будова. Падняццю крышталічнага фундамента Вілейскаму пахаванаму выступу адпавядае адносна ўзвышаны характар рэльефу. Па-другое, старажытныя зледзяненні, якія аказалі самы рашаючы ўплыў на сучаснае аблічча рэльефу Глыбоччыны.
           Адклады з валуноў і галькі, якія перамешаны з пяском і глінай, перанесеныя і адкладзеныя ледавіком, называюцца марэнай, а рэльеф, створаны ледавікамі, - марэнным. Дзякуючы акумуляцыі марэнных адкладаў апошняга  Паазерскага зледзянення, утварыліся канцова-марэнныя ўзвышшы і грады, характэрныя для Глыбоччыны.
           У перыяд раставання ледавіка водныя патокі размывалі марэну, пераносілі, а потым адкладвалі пясчаны і глініста-жвіравы матэрыял на поўдзень ад град і фарміравалі водна-ледавіковыя раўніны і зандравыя палі.  Водныя патокі, якія цяклі на поўнач, сустракалі адступаючы ледавік і ўтваралі прыледніковыя азёры, на дне якіх назапашваўся глей, гліны, суглінкі. Пасля канчатковага адступлення ледавіка азёры былі спушчаны рэкамі, на іх месцы ўтварыліся азёрна-ледавіковыя раўніны, характэрныя для паўночна-заходняй часткі раёна. 
             У час таяння ледавіка ў шматлікіх яго трэшчынах праточнымі водамі адкладваўся пясчана-жвіравы матэрыял, які пасля раставання лёду ўтварыў камы, акруглыя купалападобныя узгоркі вышынёй да 40-50 метраў, складзеныя пераважна слаістымі супескамі і суглінкамі з вялікай колькасцю валуноў на паверхні.
Вузкія звілістыя грады, якія выцягнуты пераважна ў напрамку руху ледавіка, са стромкімі схіламі – озы – характэрны для рэльефу раёна. З ледавіковай дзейнасцю звязаны таксама друмліны – грады кроплепадобнай формы.
             Сучасная гаспадарчая дзейнасць чалавека прыводзіць да з’яўлення кар’ераў, адвалаў, яроў, насыпаў. Так, у выніку здабычы пясчана-гравійнага матэрыялу, зніклі некалі высокія грады каля Плісы, Слабады, Юркава, Чарневіч. Працэсы меліярацыі відазмяняюць воблік нізінных участкаў, балот.
            Тэрыторыя Глыбоцкага раёна размешчана на захадзе Усходне-Еўрапейскай раўніны. Паўночная і паўночна-заходняя частка  раёна знаходзяцца ў межах Дзісенскай нізіны, якая з’яўляецца паўднёва-заходняй часткай Полацкай азёрна-ледавіковай нізіны. Урэз ракі Паловіца ў 2 км на поўнач ад вёскі Капыльшчына самае нізкае месца раёна – 130 м. Праз цэнтральную частку раёна з паўднёвага захаду на паўночны ўсход працягнуліся Свянцянскія грады, у адрогах якіх знаходзіцца вышэйшы пункт раёна 226,4 м размешчаны за вёскай Кавалі. На ўсходзе раёна – Ушацка- Лепельскае  ўзвышша. На паўднёвы захад заходзіць частка Верхнебярэзінскай раўніны. Па спалучэнню форм рэльефу Глыбоцкі раён з’яўляецца сапраўдным эталонам Беларускага Паазер’я. Кожная буйная форма рэльефу адрозніваецца па ўмовах фарміравання і характару паверхні.
            Свянцянскія грады займаюць амаль 70% тэрыторыі раёна. Яны ўтварыліся на мяжы ледавіковага покрыва Паазерскага зледзянення з характэрным градава-узгорыстым канцова-марэнным рэльефам. Складзены ўзвышаныя ўчасткі з суглінкаў, радзей з супескаў і пяскоў, з вялікай колькасцю валуноў. Паміж град сустракаюцца камавыя пясчаныя ўзгоркі, друмліны, азёрныя катлавіны. Сярэдняя вышыня Свянцянскіх град у раёне 190-210 метраў. Над суседнімі нізінамі адносная вышыня дасягае да 50 метраў. Асаблівую цікавасць выклікае рэльеф град на ўсход ад вёскі Юркава да вёскі Ламці, а таксама ля вёсак Горкі, Лісіцы, Зябкі. З-за значнага перападу вышынь, круцізны схілаў, глыбокіх азёрных катлавін Доўгінскай групы азёр, флоры і фауны батанічнага заказніка "Халмагоры” гэтую тэрыторыю сапраўды можна назваць "Глыбоцкай Швейцарыяй”. Буйнаградавыя марэнныя ўзгоркі, розныя па вышыні і абрысах, надаюць адметны выгляд мясцовасці і ў паўднёва-усходняй частцы раёна, на поўдзень ад раённага цэнтра г. Глыбокае. Свянцянскія грады  - водападзел паміж басейнамі рэк Заходняй Дзвіны, Нёмана і Дняпра.
            Дзісенская нізіна – частка буйнай азёрна-ледавіковай Полацкай нізіны – у нашым раёне працягнулася вузкай паласой на поўнач ад Свянцянскіх град да граніцы з Шаркаўшчынскім раёнам, займае да 12% плошчы раёна. Плоска-ўвагнутая паверхня нізіны з абсалютнымі адзнакамі 140-160 метраў  нахілена на паўночны захад да ракі Дзісна. Слабаўзгорыстая, да 10-15 метраў, паверхня перарэзана рачнымі далінамі Палавіцы, Лучайкі, Бярозаўкі. Складзена з азёрна-ледавіковых, пераважна стужачных пясчана-гліністых адкладаў.
            Ушацка-Лепельскае ўзвышша займае ўсход раёна на плошчы каля 7%. У эпоху Паазерскага зледзянення тэрыторыя ўзвышша была занята ледавіком. Паверхня сфарміравалася пад уплывам нераўнамернага намнажэння сугліністай марэны і дзейнасці вод ледавіка. Рэльеф пераважна хвалісты і дробнаўзгорысты з вышынямі да 140-200 метраў. Найбольш прыўзнятыя ўчасткі ўзвышша каля Ломашаў, найбольшая вышыня 196 метраў каля Кульгаёў. Камавыя ўзгоркі чаргуюцца з нізіннымі катлавінамі і рытвінамі, на схілах узгоркаў маюцца глыбокія і кароткія яры.
             Верхнебярэзінская нізіна размешчана ў паўднёва-усходняй частцы  і займае каля 11% тэрыторыі раёна. У ледавіковую эпоху Барысаўская марэнная града запруджвала талую ваду і на месцы Верхнебярэзінскай нізіны ўтварылася велізарнае возера. Рака Бярэзіна прарэзала граду і спусціла возера.  
           Паверхня нізіны плоска-ўвагнутая з нахіламі на паўднёвы ўсход. Пры значных абсалютных вышынях да 150-180 метраў Верхнебярэзінская нізіна ў межах Глыбоцкага раёна з’яўляецца часткай Чарнаморска-Балтыйскага водападзелу рэк, які праходзіць паміж рэкамі Шоша і Чарніца. Нізіна складзена з пясчана-гліністых флювіягляцыяльных і азёрна-ледавіковых, рачных і балотных адкладаў. Месцамі да вышыні 10-15 метраў уздымаюцца марэнныя і 
дзюнныя ўзгоркі. 
Карысныя выкапні
             Нетры Глыбоцкага раёна не вельмі багаты на карысныя выкапні. Асадкавы чахол спрыяў назапашванню толькі няруднай выкапнёвай сыравіны, сярод якой  выяўлены месцанараджэнні пясчана-гравійнага матэрыялу, гліны ганчарнай, торфу, сапрапеляў.
На Глыбоччыне разведана 9 радовішчаў пясчана-гравійных сумесяў.
Месцанараджэнне пясчана-гравійнага матэрыялу Баравое – адно з буйнейшых у Беларусі, выяўлена ў 1940 годзе. Дэталёва распрацавана ў 1969-1970 гадах. Магутнасць карыснай тоўшчы ад 1, 2 м да 18 метраў. Агульныя запасы пясчана-гравійнай сумесі 84, 44 млн м3 пясчана-гравійнага матэрыялу, з іх прамысловыя – 36, 44 млн. м3.
             Надазерскае месцанараджэнне пясчана-гравійнага матэрыялу размешчана ў 0, 8 км на захад ад вёскі Надазер’е. Разведаныя 1, 5 млн. м3. Магутнасць карыснай тоўшчы 1, 6 – 10, 3 м. Месцанараджэнне распрацоўваецца, пясок і гравій выкарыстоўваецца ў дарожным будаўніцтве.
             Гліны ганчарныя раскіданы лінзамі па тэрыторыі, адносяцца да тыпу "тлустых” сартоў  і не могуць выкарыстоўвацца без дабаўлення пяску. У мінулым  яны выкарыстоўваліся як сыравіна на цагляных прадпрыемствах па вырабу чырвонай цэглы і ў ганчарстве.
             Забяспечаннасць  торфам для мэт сельскай гаспадаркі ў раёне ацэньваецца як нездавальняючая. Разам з тым адкрыты і ўключаны ў рэзервы як перспектыўныя для выкарыстання месцанараджэнні торфу:
- у лекавых мэтах: Ломышкі (37 га);
- для вытворчасці кармавых дрожджаў: Скураты (1430 га), Кур’янава (716 га);
- з утрыманнем бітуманоснай і гідролізнай сыравіны: Бычкоўскае (698 га), Сервеч (548 га), Заазер’е (81 га);
             Выпрацаваныя тарфяныя месцанараджэнні ў большасці выпадкаў падсцілаюцца сапрапелямі, якія з’яўляюцца крыніцамі арганагеннай сыравіны для сельскай гаспадаркі, медыцыны, прамысловасці. Запасы сапрапелевага слою магутнасцю да 1, 7 м адкрыты на месцанараджэнні торфу Кур’янава. У азёрах Глыбоччыны запасы сапрапеляў дасягаюць ад 18,5 м (Молена) да 8-9 м (Кагальнае, Шо).


Категория: Артыкулы | Добавил: evgeniy_cherkes (16.02.2014)
Просмотров: 2635 | Рейтинг: 3.0/2
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Форма ўвахода
Катэгорыі раздзела
Артыкулы [91]
Карысныя рэсурсы



Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь



Нацыянальная бібліятэка
Беларусі



Турызм у Беларусі


  Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт



Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны



Дзень беларускага пісьменства

Пошук


Надвор'e у Глыбокім

Статыстыка

Aнлайн yсяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0