Каталог Артыкулаў
15 Урок. Сацыяльны комплекс раёна
15 Урок. Сацыяльны комплекс раёна
Сацыяльны комплекс Глыбоцкага раёна аб’ядноўвае ўсе віды дзейнасці па забеспячэнні матэрыяльных і духоўных патрэб жыхароў раёна таварамі і паслугамі. У склад комплексу ўваходзяць жыллёва-камунальная гаспадарка, гандаль і грамадскае харчаванне, бытавое абслугоўванне, адукацыя, культура, ахова здароўя, фізічная культура і спорт, сацыяльная служба раёна, банкі. Адукацыя адна са старэйшых і найбольш важных галін невытворчай сферы як па сваіх задачах, так і па колькасці жыхароў, якія ў ёй удзельнічаюць. У адпаведнасці з Нацыянальнай сістэмай адукацыі Беларусі адукацыйная прастора Глыбоччыны ўключае дашкольнае выхаванне, агульную сярэднюю адукацыю, пазашкольнае навучанне і выхаванне, прафесійнае навучанне. Каля 50 устаноў прадстаўляюць галіну, сярод якіх дзяржаўны прафесійны ліцэй, раённая гімназія, 20 сярэдніх школ (з іх 12 сярэдняя школа-дзіцячы сад), 10 базавых (з іх 8 базавая школа-дзіцячы сад), 2 пачатковыя (у тым ліку 1 пачатковая школа-дзіцячы сад), 11дашкольных устаноў, раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання, раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр, раённы цэнтр дзіцяча-юнацкага турызму і экскурсій, раённы цэнтр дапрызыўной падрыхтоўкі, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. Установы адукацыі наведваюць каля 5600 навучэнцаў і выхаванцаў. Навучаннем, выхаваннем і абслугоўваннем займаецца 1616 чалавек, якія працуюць у сістэме адукацыі, 925 з іх непасрэдна педагогі ( 42 % маюць вышэйшую катэгорыю, 36% - першую). Адукацыйная сфера раёна, якая з’яўляецца буйнейшай у вобласці, выконвае ўсе дзяржаўныя адукацыйныя стандарты. Галоўным вынікам дзейнасці сістэмы адукацыі з’яўляецца тое, што яна ўпэўнена развіваецца і ўдасканальваецца ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь "Аб адукацыі”, эксперыментуючы і збіраючы ўсё лепшае. Выдатныя веды і практычныя навыкі дэманструюць вучні на рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе, навукова-практычных канферэнцыях, конкурсах, спартыўных спаборніцтвах. Праца педагогаў адзначана высокімі ўзнагародамі. У сістэме адукацыі званне "Заслужаны настаўнік БССР” атрымалі 18 педагогаў, "Заслужаны настаўнік РБ” – 1, больш 80 узнагароджаны ганаровым знакам "Выдатнік адукацыі РБ”. Прафесійнае навучанне ажыццяўляецца установай адукацыі "Глыбоцкі дзяржаўны прафесіянальны ліцэй”, якая з 1992 года пачала працаваць па сістэме бесперапыннай адукацыі: ПТВ – ССНУ - ВНУ. У ліцэі рыхтуюць кадры па 8 спецыяльнасцях і 9 адзінкавых кваліфікацыях. Сярод іх: трактарыст-машыніст, слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын, вадзіцель аўтамабіля катэгорыі "С”, маляр, повар, прадавец, аператар машыннага даення. Культура. Наладжванне аптымальных умоў для гарманічнага, высокаякаснага адпачынку, развіцця эстэтычных і музычных здольнасцяў, захавання і адраджэння культурна-гістарычнай спадчыны краю – такія асноўныя накірункі працы ўстаноў культуры і мастацтва раёна. На Глыбоччыне працуюць 74 установы культуры. З іх 31 установа клубнага тыпу, 35 бібліятэк, 3 дзіцячыя школы мастацтваў, 4 музычныя школы, Дом рамёстваў, перасоўны аўтаклуб, Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей і яго філіял у в. Мосар. За апошнія гады створаны новыя тыпы ўстаноў культуры: перасоўны аўтаклуб, бібліобус, цэнтр рамёстваў у аграгарадку "Падсвілле”, Запрудскі дом фальклору, культурны гісторыка-турыстычны цэнтр у вёсцы Івесь, культурна-дэндралагічны комплекс у вёсцы Мосар, культурна-спартыўныя цэнтры ў аграгарадках "Азярцы”, "Марцыбыліна”, сельскія цэнтры культуры ў аграгарадках "Галубічы”, "Ломашы”, "Дзеркаўшчына”. Адкрыты пляцоўкі філарманічнага і тэатральнага абслугоўвання ў Ломашах і Азярцах. Ва ўстановах культуры працуюць 371 чалавекі, з іх 28% маюць вышэйшую адукацыю, 63% - сярэднюю спецыяльную. Раённыя святочныя мерапрыемствы, канцэрты, святы і конкурсы прымае адна з буйнейшых і старэйшых устаноў культуры краю – Глыбоцкі гарадскі Дом культуры. Пасля рэканструкцыі, дабудовы танцавальнай залы з памяшканнямі для дадатковай адукацыі ён стаў галоўнай культурнай пляцоўкай раёна. Любімым месцам адпачынку для жыхароў райцэнтра стаў гарадскі Цэнтр культуры па вуліцы Леніна, адкрыты у 1998 годзе. Тут пастаянна ладзяцца выставы, спектаклі, Дні імянінніка, дэманструюцца кінафільмы, працуюць аматарскія аб’яднанні, сямейны клуб "Востраў паразумення”, клуб народных майстроў і мастакоў "Крыніца”. Да паслуг наведвальнікаў – тэатральная зала імя І. Буйніцкага, выставачная зала, камп’ютарны клас. Адраджэннем, захаваннем традыцый, рамёстваў займаецца Глыбоцкі Дом рамёстваў. Тут працуюць 12 гурткоў па інтарэсах, арганізуюцца экскурсіі, майстар-класы, персанальныя, дзіцячыя, перасоўныя выставы. Створаны наступныя калекцыі: маляваных дываноў па матывах творчасці Я. Драздовіча, па тэхніцы ткацтва ручнікоў, абрусоў, паясоў, салома- і лозапляцення, ганчарства. У 1999 годзе Дом рамёстваў атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва”. Сёння ў галіне працуе каля 220 мастацка-творчых калектываў, з якіх 19 маюць званні "народны” або "узорны”. Старэйшымі з іх з’яўляюцца: клуб народных майстроў і мастакоў "Крыніца”, камерны хор, народны клуб ветэранаў вайны і працы "Маналіт”, народны сатырычны гурт "Шпілька”, ансамбль народнай песні "Крынічанька”, эстрадная студыя "Архіў”. Па ўзору тэатра І. Буйніцкага працуе народны тэатр "Цярэшка”, а ў бібліятэцы сямейнага чытання ладзяцца літаратурна-музычныя гасцёўні "Сустрэчы для душы”. Званні народных і ўзорных маюць сельскія калектывы ў Галубічах, Зарубіне, Дзеркаўшчыне. Значнай падзеяй у духоўным жыцці раёна з 2007 года стаў Міжнародны фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм "Магніфікат”, які праводзіцца на базе Глыбоцкага ГЦК, касцёлаў у Мосары і Удзела, Івескага КГТЦ. Штогод у раёне праводзяцца агляды мастацкай самадзейнасці, конкурсы, святы. Самае шматлікае свята краю "Квітней, Глыбоччына” ладзіцца больш 20 гадоў запар. Бібліятэчная сістэма абслугоўвае каля 23 тысяч чытачоў, паступова ўкараняецца камп’ютарызацыя працы, ствараюцца электронныя каталогі. Сем экскурсійных залаў дэманструе наведвальнікам Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей, які створаны ў 1992-1997 гадах. Турысты з Беларусі, далёкага і бліжняга замежжа наведваюць Мосарскі культурна-дэндралагічны комплекс. З мэтай адраджэння і захавання гісторыка-культурнай спадчыны раёна 67 помнікаў архітэктуры, археалогіі, гісторыі і культуры занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей раёна. Ахова здароўя. Галоўнай мэтай гэтай галіны з’яўляецца выкананне сацыяльных стандартаў установамі аховы здароўя раёна, правядзенне прафілактычных санітарна-гігіенічных мерапрыемстваў, аказанне насельніцтву кваліфікаванай спецыялізаванай дапамогі, фарміраванне здаровага ладу жыцця. Для вырашэння гэтых задач у раёне працуюць 2 раённыя бальніцы, 20 ФАПаў, 7 амбулаторый, 8 аптэк. Для аказання медыцынскай дапамогі адзінокім жыхарам сталага ўзросту, якія маюць хранічныя захворванні, арганізаваны 3 сельскія ўчастковыя бальніцы сястрынскага догляду на 45 ложкаў. Для жыхароў 5 паўночна-заходніх раёнаў вобласці, якія маюць хранічную ныркавую недастатковасць, у Глыбокім працуе аддзяленне гемадыялізу. У Петрунове размешчаны Глыбоцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для пажылых і інвалідаў абласнога падначалення на 320 месцаў. Буйнейшай установай з’яўляецца УЗ "Глыбоцкая ЦРБ”, якая мае стацыянар на 195 ложкаў і 7 аддзяленняў: тэрапеўтычнае, хірургічнае, педыятрычнае, гінекалагічнае, акушэрскае і інфекцыйнае, стаматалагічнае. Паліклініка разлічана на прыём 300 пацыентаў у змену і складаецца з дыягнастычнага кабінета, аптэкі і аддзялення хуткай дапамогі. Другой па велічыне з’яўляецца УЗ "Падсвільская раённая бальніца” на 65 ложкаў з тэрапеўтычным і неўралагічным аддзяленнямі, з паліклінікай на 65 прыёмаў.з мэтай паляпшэння абслугоўвання насельніцтва і аказання неадкладнай медыцынскай дапамогі створана сетка хуткай медыцынскай дапамогі ў выглядзе 3 пастоў у Глыбоцкай ЦРБ, 1 паста у Падсвільскай і начнога паста пры Празароцкай бальніцы. Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляюць каля 90 ўрачоў і 800 медыцынскіх работнікаў. Жыллёва-камунальная гаспадарка. Галоўная мэта работы – стварэнне сучасных, камфортных, спрыяльных умоў для жыццядзейнасці жыхароў раёна. Створана арганізацыя 6 ліпеня 1944 года для аднаўлення разбуранага горада, рамонту і ачысткі калодзежаў, маставых. У канцы 40-ых гадоў гаспадарка абслугоўвала 48 вуліц горада, мела лазню, а ў апошнія дзесяцігоддзе – ахапіла ўвесь раён. Сучасная структура УП "ЖКГ” складаецца з вытворчых участкаў: кацельнай гаспадаркі і цеплавой сеткі, водаканала, лазнева-гасцінічнай гаспадаркі, добраўпарадкавання, абслугоўвання жылога фонду, транспартнага, электратэхнічнага, мнагапрофільнага. У галіне працуе 498 чалавек. У складзе кацельнай гаспадаркі 21 кацельня( з іх 7- на прыродным газе, 13 – на мясцовым паліве, 1 – на паліўнай шчэпцы). Выкарыстоўваюцца такія віды паліва: мясцовае (дровы) - 55%, прыродны газ – 43%, мазут – 17, 5%. Цеплая вада ад кацельняў падаецца ў жылыя дамы і вытворчыя памяшканні па 65 км цеплавых сетак. Вадаправодна-каналізацыйная гаспадарка абслугоўвае 119 км вадаправодных і каналізацыйных труб (Глыбокае -49 км, Падсвілле – 6 км, сельская мясцовасць – 64 км), Ваду падаюць 42 артэзіянскія шчыліны, 21 воданапорная вежа. Для абезжалезвання вады ў Глыбокім пабудаваны станцыі абезжалезвання вады на 3500 м3 і на 600 м3, а ў Падсвіллі – на 900 м3. Абслугоўваюцца 21 населены пункт Глыбоцкага раёна. На балансе лазнева-гасцінічнага ўчастка – 4 лазні ( Глыбокае -105 , Ломашы – 10, Удзела – 10, Падсвілле – 56 месц). Гасцініца ў г. Глыбокае можа прыняць 55 гасцей ў сваіх 35 нумарах. Дапаўняюць працу службы сетка прыватных гасцініц: "Беларусачка” (11месц), "Норд”, "Спальвік” (7 месц), гасцёвы дом "Уют” (14 месц), "Сосенка”(4 месцы). Участак "Добраўпарадкаванне” падтрымлівае чысціню вуліц, тратуараў, зялёных насаджэнняў, кветнікаў. Займаецца санітарнай ачысткай тэрыторый могілак, мемарыяльнага комплексу "Барок”, абслугоўвае фантаны горада. 12 работнікаў участка электратэхнічнай службы абслугоўваюць і рамантуюць абсталяванне жылога фонду, забяспечваюць вулічнае асвятленне, святочную ілюмінацыю горада. Транспартны цэх – буйнейшы ў ЖКГ. Яго работнікі задзейнічаны на расчыстцы вуліц ад снегу і смецця, выкананні санітарна-тэхнічных работ. Участак многагаліновых паслуг уключае сталярны цэх, пілараму, рытуальныя паслугі, цэх жалезабетонных вырабаў, выконвае самы вялікі комплекс платных паслуг з вялікай колькасцю асартыменту вырабаў. Абслугоўвае 305 жылых дамоў і вялікую колькасць адміністрацыйных будынкаў участак жылога фонду. Работнікі гэтага ўчастка праводзяць тэхнічнае абслугоўванне, рамонт будынкаў, даглядаюць прыдворныя тэрыторыі. Гандаль і грамадскае харчаванне. Гандлёвыя паслугі ў раёне аказваюць больш 300 магазінаў ад буйнага па плошчы Глыбоцкага ўнівермага да невялікай сельскай крамы. Асноўным прадпрыемствам, якое ажыццяўляе гандаль, з’яўляецца раённая спажывецкая кааперацыя, якая не толькі гандлюе таварамі , але і нарыхтоўвае, закупляе сельскагаспадарчую прадукцыю і сыравіну, перапрацоўвае яе. У ёй занята каля 800 чалавек, у тым ліку ў гандлі больш 430, працуе 115 магазінаў, 5 крам, 9 аўтамагазінаў. У сістэме кааперацыі дзейнічае 31 прадпрыемства грамадскага харчавання на 1059 месцаў. Многія прадпрыемствы раёна рэалізуюць сваю прадукцыю праз сетку фірмавых магазінаў (ААТ "Глыбоцкі МКК”, ААТ "Глыбоцкі мясакамбінат”, ААТ "Канстанцінаў двор” і інш.) Вялікі ўклад у насычэнне рынка таварамі аказваюць індывідуальныя прадпрымальнікі. З 1021 прадпрымальніка ў раёне 600 прадстаўляюць гандлёвыя паслугі. Пардукты і тавары штодзённага попыту можна купіць на рынках, а таксама ў гандлёвым цэнтры "Еўраопт”. Для задавальнення патрэб насельніцтва ў сезонных таварах ладзяцца кірмашы. Бытавое абслугоўванне займаецца пашывам і рамонтам вопраткі, абутку, бытавой тэхнікі, вырабам розных бытавых і гаспадарчы тавараў.У склад галіны ўваходзяць сістэма цырульняў, фотаатэлье, пункт пракату, ксеракопіі, рэкламы і рытуальных паслуг. Асноўнае прадпрыемства – комплекснае ўнітарнае прадпрыемства бытавога абслугоўвання "Навінка”. Работнікі прадпрыемства аказваюць 18 відаў паслуг і мае 9 падраздзяленняў, якія працуюць па ўсім раёне. З 2007 года з’явіліся новыя паслугі для жыхароў горада і раёна – апрацоўка зямельных участкаў, абмалот збожжавых, перавозка грузаў. Прыватныя прадпрыемствы з кожным годам аказваюць большую колькасць разнастайных бытавых паслуг. Фізічная культура, спорт, турызм. Накіроўвае, арганізуе, праводзіць спартыўна- масавыя мерапрыемствы, ладзіць фізкультурную работу камітэт па справах фізічнай культуры і спорце пры Глыбоцкім райвыканкаме. Асаблівай папулярнасцю сярод глыбачан карыстаюцца заняткі і спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, барацьбе, боксу, шашках і шахматах, армрэслінгу, валейболу. Так, П. Дабровіцкі – чэмпіен Еўропы па дзесяцібор’і; В. Марцынкевіч, С. Гілеўская – чэмпіены краіны па шашках. С. Сіманковіч – чэмпіен Еўропы па армрэслінгу. Для заняткаў фізічнай культуры і спортам дзейнічаюць у раёне новы гарадскі стадыён з трыбунамі на 2000 гледачоў, 29 спартыўных залаў, 8 футбольных палёў, каля 160 спартыўных пляцовак. Працуюць дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, Цэнтр фізічна-аздараўленчай работы, спартыўны клуб "Рынг”, турыстычны клуб "Азімут”. Кожны год праводзіцца круглагадовая спартакіяда сярод калектываў фізкультуры і спорту. Найбольш масавымі і любімымі сталі такія спаборніцтвы: асеннія кросы, лыжныя гонкі "Лыжня кліча”, "Вас выклікае Спартландыя”, чэмпіянаты па мініфутболе, амрэслінгу. Шматлікіх балельшчыкаў збірае футбольная каманда "Азярцы” – удзельнік чэмпіяната вобласці па футболу.
|
Категория: Артыкулы | Добавил: evgeniy_cherkes (23.02.2014)
|
Просмотров: 972
| Рейтинг: 0.0/0 |
|
Карысныя рэсурсы
|
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Нацыянальная бібліятэка Беларусі
Турызм у Беларусі
Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт
Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны
Дзень беларускага пісьменства
|
Статыстыка |
Aнлайн yсяго: 1 Гасцей: 1 Карыстальнікаў: 0 |
|