Каталог Артыкулаў

Главная » Статьи » Артыкулы

18 Урок. Рэч Паспалітая ў гісторыі нашай мясцовасці

18 Урок. Рэч Паспалітая ў гісторыі нашай мясцовасці

 

1 ліпеня 1569 г. паводле Люблінскай уніі ВКЛ і Польшча злучыліся ў адзіную дзяржаву - Рэч паспалітая. Быў абраны адзіны гаспадар - кароль польскі і князь літоўскі, рускі, прускі, мазавецкі, жамойцкі, кіеўскі, валынскі, падляшскі і ліфляндскі. Новая дзяржава з назвай Рэч Паспалітая, што ў перакладзе з польскай мовы азначае рэспубліка( res – «справа», publica – «агульнанародная» з лацінскай мовы). Гэта дзяржава ўяўляла сабой саюз ВКЛ і Польскага каралеўства. Вынікі Люблінскай уніі выявіліся ў так званай паланізацыі – апалячванні беларуска-літоўскай шляхты праз далучэнне яе да польскіх шляхецкіх вольнасцей.

 

Вайна 1654 – 1667г.

Ледзь толькі паспелі пабудаваць намечаныя Корсакам касцёлы, як на гэты край абрушыўся маскоўскі «патоп». У 1654 годзе цар Аляксей на чале 200-тысячнай арміі асабіста ўступіў у Літву. Пасля кароткай асады Полацка рускія войскі фарсіравалі Дзвіну. 25 ліпеня царскія ваяводы з войскам падышлі да крэпасці Дзісна «i мяшчане яе i другія людзі білі чалом цару». Пасля Дзісны прыйшла чарга на Друю, у якой «літоўскіх людзей пазабівалі, маёнткі i касцё­лы папалілі». Гэтак жа было захоплена i Глыбокае, здаецца, у два этапы. Паводле польскай версіі сцвярджаецца, што каля 2000 Масквы (pycкix войск) 2 жніўня было падцягнута да Глыбокага, у якім было размешчана войска — атрад шляхты з некалькімі сотнямі коней.

У гэтым месцы знаходзіўся кашталян полацкі Рудаміна са сваей сілай. Баявая гатоўнасць яго войска аказалася не на вышыні, не было праведзена разведвальных дзеянняў. I калі рускія войскі раптоўна выйшлі з лесу i з'явiлicя перад горадам, войска Рудаміна кінулася бязладна ўцякаць. У гэты час загінула шмат шляхты, многія трапілі ў палон. Пра ўзяцце Глыбокага Васіль Шарамецеў паведаміў цару 9 жніўня.

Потым, хоць польскія крыніцы i паведамляюць, што пасля ўзяцця Глыбокага рускія хутка адступілі да Полацка, горад канчаткова перайшоў да pycкix i на працягу некалькіх гадоў знаходзіўся пад ix уладай. I толькі калі агульная ваенная сітуацыя змянілася на карысць Польшчы, Глыбокае было вызвалена. Ужо ў студзені 1659 года з Полацка паведамлялася цару, што 7 студзеня ў Полацкім павеце з'явіўся з Глыбокага атрад з 60 чалавек, у гэтым горадзе Глыбокім камандзірам быў палкоўнік Валовіч, які «спаліў астрожак (замак) у Глыбокім i сам выехаў да гетмана Сапегі, пакінуўшы ў Глыбокім 10 харугваў з палка».

Звесткі пра астрожак або крэпасць у Глыбокім пацвярджаюць, што рускія ўтрымлівалі тут пастаянны гарнізон, які быў выгнаны Валовічам. Далейшае ўпамінанне пра Глыбокае пазначана датай 19 верасня 1661 го­да. Паколькі Полацк яшчэ знаходзіўся ў ру­ках цара Аляксея, тут сабраўся сеймік пад кіраўніцтвам кашталяна полацкага Івана Кор­сака для разгляду пытання, звязанага з вызваленнем Дзісны ад рускіх (23 сакавіка).

У лістападзе таго ж 1661 года дайшло да рашучага бою з pycкiмi. Балінскі, Геаграфічны слоўнік i іншыя крыніцы называюць дату бітвы пад Глыбокім 6 лістапада 1661 года, у якой Чарнецкі i Павел Сапега дабіліся значнай перамогі над Хаванскім. Аднак неабходна адмовіцца ад лакалізацыі гэтай бітвы, памылковага ўказання месца i даты. На падставе супастаўленняў Корзан устанавіў неадпаведнасць вызначаных фактаў мемуарыстам Кахоўскім, які пакінуў нашчадкам сумбурнае апісанне бою. Сапраўды бітва адбылася 4 лістапада пад Кушлікамі, у мясцовасці, якая знаходзіцца за 2 мілі на ўсход ад Дзісны. Праўдай аказалася толькі тое, што ў гэтыя дні Глыбокае было ў цэнтры ваенных падзей. 1 лістапада Ян Казімір даручае вернаму ротмістру з Далгінава «тэрмінова паспяшацца на наш бок... пад Глыбокае». 2 лістапада туды на поўнач спяшаюцца каралеўскія палкі, 5 лістапада Ян Kазiмip у Глыбокім падпісаў зварот да войскаў пасля кушлікоўскай перамогі. 8 лістапада вялікі гетман Павел Сапега з лагера пад Глыбокім выдае «універсал», у якім выказвае спачуванне з-за страшнага спусташэння гэтага краю i даручае вылоўліваць i тэрмінова караць мяцежнікаў i грабежнікаў, якiя не прад'явяць пісьмовых доказаў. Кароль гасціў у Глыбокім амаль тыдзень i толькі 11 лістапада накіраваўся ў Дзісну i Кушлікі, каб агледзець месца бітвы, адкуль зноў праз Глыбокае 2 снежня вяртаецца ў Вільна.

У Геаграфічным слоўніку прыведзена версія, што сляды бітвы пад Глыбокім — акопы, косці, алебарды — адносяцца да 1661 года. Магло гэта быць i ў 1654 годзе, а можа, каля 1658 года пры узяцці «астрожка».

Відавочна, што ў ходзе гэтай працяглай вайны горад павінен быў пацярпець: ксёндз Курчэўскі ўспамінае, што касцёл парафіяльны быў спалены... У прылеглым да Глыбокага рэгіёне, напэўна, не ўцалеў нi адзін касцёл. Былі спалены касцёлы ў Друі, Новым Пагосце, Задарожжы, Празароках...

У нейкай незразумелай сувязі з гэтым застаецца апісанне «бітвы», якая адбылася ў 1667 годзе ў Глыбокім. Адзін паручнік венгерскай харугвы паведамляў, што калі прыбыў са сваей харугвай у Глыбокае i спакойна раскватараваўся «па звычаі i парадку армейскім» на начлег у мястэчку кармелітаў, то на ix напаў узброены натоўп глыбоцкіх мяшчан. Паручнік на кані даскакаў i ледзь супакоіўся. Пералічвае ён забітых i параненых салдат, як ён мяркуе, забітых у возера скінулі. Пры гэ­тым мяшчане захапілі шмат шабляў, мушкетаў, грошай i г. д., лічыць, што нападзенне было зроблена з ведама i дазволу кармелітаў босых. Пратэсты паручніка ксяндзу прыёру ніякіх вынікаў не далі, пасля адыходу войск быў унесены пратэст у гарадскую кнігу Полацка. У некалькі незразумелым асвятленні ў ей паказана баявая гатоўнасць харугвы, роля манахаў кляштара, звесткі пра колькасць i баявітасць мяшчан. Можна дапусціць, што салдаты паручніка складалі нейкую недысцыплінаваную часць, якая бадзялася i рабавала насельніцтва.


 

Род Радзівілаў у гісторыі г. Глыбокае

Пасля смерці Крыштафа Зяновіча (1614), аднаго з уладальнікаў Глыбокага, яно дасталося ў спадчыну яго сыну Мікалаю-Багаславу, кашталяну полацкаму, які быў ужо католікам i пабудаваў тут касцёл святога Міхаіла. Дачка Мікалая, Ганна-Соф'я, у 1628 годзе выйшла замуж за Альберта-Уладзіслава — князя Радзівіла (памёр у 1636 г.). Вялікія ўла­данні, у тым ліку i Глыбокае, у якасці пасагу перайшлі да радзівілаўскага дома.

Яшчэ адна згадка пра Глыбокае, дакладней пра глыбоцкія землі. У 1591 г. пэўная частка Глыбокага, што належала полацкім езуітам, была абменена на іншыя ўладанні, якія знаходзіліся бліжэй да Полацка.

 

Завяшчанне Корсака

Да гэтага часу размова ішла пра глыбоцкія ўладанні i мястэчка Зяновічаў, якое знаходзілася ў Ашмянскім павеце. Але несумненна i тое, што ў 16 стагоддзі ўжо існавала прылеглае да яго i Глыбокае ў ваяводстве Полацкім, якім валодаў род Корсакаў.


Пачынаючы з 1582 года паміж Эльяшам Корсакам i Міхаілам Сулістроўскім шмат гадоу ішоў судовы працэс, які для нас не прадстаўляе асаблівай цікавасці. Важна, што ў дакументах гэтага судовага працэсу неаднаразова ўпамінаецца мястэчка Глыбокае i ўладанні пад такой жа назвай. Прэтэнзіі Сулістроўскага суд адхіліў, i ў пачатку 17 стагоддзя Глыбокае з навакольнымі землямі зноў вяртаецца роду Корсакаў. Атрымлівае яго Іосіф Львовіч Корсак — ваявода мсціслаўскі i староста дзісенскі.


Іосіф Корсак увекавечыў сябе ў гicторыі Глыбокага вядомым завяшчальным запісам. Паводле гэтага завяшчання (фундуша) павінны былі пабудаваць касцёл i кляштар кармелітаў босых, а таксама парафіяльны касцёл.


Гэтае завяшчанне існавала сама меней трох рэдакцыях. Першая (1639 г.) не дайшла да нас. Змененае ў 1640 г. i расшыранае ў 1643 с. завяшчанне дайшло да нашых часоў. Згодна апошняй яго рэдакцыі можна вылучыць чатыры пункты ахвяраванняў:


- ксяндзам канонікам рэгулярным у Вільні;


- базыльянам у Беразвеччы;


- ксяндзам кармелітам босым у Глыбокім;


- свецкаму святару (капелану) у Глыбокім.


Ксяндзы кармеліты босыя акрамя «мя­стэчка Глыбокага з yciмi мяшчанамі, іx землямі i павіннасцямі» сталі ўладальнікамі маёнткаў Ластавічы, Свіла, Перадолы, а так сама купленых тым жа Корсакам за 140 000 польскіх злотых вялікіх маёнткаў Гняздзілава i Вольберавічы. Фундатар абавязаў ксяндзоў кармелітаў утрымліваць пансіянат для моладзі (канвікт), шпіталь для бедных.


Заўважым, што аналіз ахвяраванняі Корсака цікавы тым, што адным росчыркам пяра былі створаны прасторныя ўладанні для духавенства. Значнае багацце было ахвяравана беразвецкім базыльянам у 1638 г. Другія Корсакі амаль адначасова завяшчалі Залессе ксяндзам базыльянам  віленскім (1625г.) і запрасілі ў в. Удзела францысканцаў (1642 г.)


Трэба дадаць, што ў 17 стагоддзі былі падараваны духавенству іншыя ўладанні: Докшыцы — жамойцкай капітуле, Параф’янава — віленскім біскупам, Празарокі i Дзісна — ксяндзам францысканцам. У выніку на тэрыторыі Дзісенскага павета ўтварылася кампактная прастора, цэнтрам якой стал Глыбокае.

 

Паўстанне Т. Касцюшкі на Глыбоччыне

У 1772 г. у Пецярбургу быў падпісаны дакумент аб першым падзеле Рычы Паспалітай паміж Расійская імперыяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Да Расіі адышла Усходняя Беларусь. Гэта падзея стала вынікам абсалютнай слабасці цэнтральнай (каралеўскай) улады і палітычнай анархіі, пры якой рашэнне агульнадзяржаўнага органа кіравання – сойма майгло не прымацца, калі супярэчыла інтарэсам мясцовай шляхты і магнатаў.


Спробай захаваць суверэннасць (самастойнасць, незалежнасць) Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. (да першага падзелу) стала паўстанне 1794 г. на чале з ураджэнцам Беларусі Тадэвушам Касцюшкам (1746 – 1817). Актыўны ўдзел у ім узялі патрыятычная шляхта, мяшчанства (гарадскія жыхары), сялянства, святарства (царкоўныя дзеячы).


У ВКЛ на чале паўстання стаў палкоўнік Якуб Ясінскі. Тут быў утвораны асобны ад Польшчы орган кіраўніцтва паўстання – Найвышэйшая Літоўская рада.


Пасля некалькіх месяцаў з Кракава выступіў Касцюшка, пра што чуткі дайшлі ажно да Дзісны 27 красавіка 1794 года маёр граф Бенігсен атрымаў загад аб неадкладнай адпраўцы аднаго эскадрона кавалерыі i 120—130 егераў, якія павінны паспяшацца ў Глыбокае для ўціхамірвання тутэйшых жыхароў. На наступны день Тутомлін рапартуе Рапніну, што войска было адпраўлена для назірання за няўстойлівым спакоем... яшчэ няма яўнага i адкрытага паўстання, але ўсё для гэтага падрыхтаванна. Другі генерал Лукашэвіч у той жа дзень запэўнівае Рапніна, што прысутнасць apмii надасць другі кірунак намерам жыхароў нанава набытых губерняў i папярэдзіць далейшыя намеры аб паўстанні. Пасля такой «апекі» Глы­бокае прыціхла. Адсюль 9 мая на падаўленне паўстання ў Браслаускім павеце выступіў маёр Стафеопула, браслаўчан разграміў i Браслаў спаліў. У канцы мая ў Глыбокім былі размешчаны тры эскадроны Пскоўскага драгунскага палка.


Неабходна цяпер вярнуцца да аднаго з помнікаў архітэктуры Глыбокага. Маецца на ўвазе вялікая, моцна пашкоджаная часам,старая калона, якая знаходзіцца на каталіцкіх могілках. Называецца цяпер яна напалеонаўскай.


Калоны пабудаваны з чырвонай цэглы, у верхніх частках ix захаваліся рэшткі тынкоўкі. Яны аднолькавай вышынм (каля 9 метраў). Фундамент калон уяўляе сабой вялізныя чатырохвугольнік з аднолькавымі паглыбленнямі, якія служылі для надпісаў Нельга сказаць, чым былі закончаны яны зверху, — крыжамі, аркамі альбо фигурай святых. Нягледзячы на невялікія адрозненні, у вочы кідаецца ўзаемазалежнасць архітэктуры абодвух помнікаў. Гісторыя леанпольскай калоны такая: 22 жніўня 1791 года былы ўладальнік Леанполля Ян Нікадзім Лапацінскі пісаў: «...задумаў увекавечыць тут, на рубяжах Рэчы Паспалітай, справу Канстытуцыі 3 мая, у якой ёсць i мой сціплы ўклад. Для гэтай мэты распарадзіўся паставіць цагляны слуп высокі, па маім чарцяжы, на адкрытым месцы амаль над Дзвіной, каб здалёк бачны быў за кардонам (правабярэжная Дзвіна знаходзілася ў 1772 г. у Pacii). На васемнаццаты дзень было асвячэнне помніка ксяндзом біскупам у прысутнасці ксяндза каноніка i іншага духавенства. Вяльможны біскуп сказаў пропаведзь, якая шмат каго кранула да слёз... На слупе была змешчана таблічка з надпісам».


Глыбоцкая калона была пабудавана да заснавання могілак. Паводле сцвярджэння доктара Люрантца, датуецца яна канцом 18 стагоддзя. Самы стары надпіс адносіцца да 1810 г. Верагодна, у той час была пабудавана капліца i створаны могілкі. 3 гэтага, відаць, трэба зрабіць вывад, што глыбоцкая калона была пазней абкружана крыжамі. Гэты помнік злучае 18 стагоддзе з 20, заняпад з адраджэннем. Яго захаванасцю было занепакоена польскае краязнаўчае таварыства.

 

Цікава ведацьЯкуб Ясінскі нарадзіўся 24 ліпеня 1759 року (паводле іншых зьвестак — у 1761) у Вэнглеве каля Пыздраў у Вялікапольшчы. З 12 рокаў навучаўся ў Варшаўскім кадэцкім корпусе, заснаваным каралём Станіславам Панятоўскім. Меў схільнасць да грамадзкіх навук, захапляўся ідэямі Асьветнікаў, асабліва на яго паўплывала філязофія Жан Жака Русо.Скончыў навучаньне ў 1783 року і атрымаў пасаду падбрыгадзіра, пасьля двух рокаў службы вярнуўся ў Кадэцкі Корпус у якасьці выкладніка інжынэрнай справы.13 студзеня 1792 року атрымаў званьне палкоўніка інжынэрыі і быў накіраваны рэвізорам на будову «Каралеўскага» канала, які злучаў Піну і Мухавец (паміж местамі Пінск і Кобрынь).                         


Пасьля ганебнага для Рэчы Паспалітай Гарадзенскага сойму 1793 року значная частка шляхты, у тым ліку і шматлікія вышэйшыя вайсковыя чыны, выехалі за мяжу. Я. Ясінскі застаўся ў Вільні, спрабуючы рэарганізаваць інжынэрны корпус. Вядома, што ён прытрымліваўся радыкальных («якабінскіх») поглядаў. Выступаў за скасаваньне прыгоннага права і аднаўленьне Рэчы Паспалітай ў межах 1792 року.


У ноч з 22 на 23 красавіка 1794 року Я. Ясінскі ўзначаліў паўстаньне ў Вільні. Паўстанцы хутка абяззброілі расейскі гарнізон, узяўшы ў палон 1012 чалавек. 23 красавіка на Рынкавым пляцы быў абвешчаны «Акт паўстаньня Літоўскага народу». 25 красавіка за здраду Радзіме з ініцыятывы Я. Ясінскага пакаралі кіраўніка мясцовай адміністрацыі гетмана С. М. Касакоўскага.


У якасьці галоўнакамандуючага літоўскімі паўстанцамі кіраваў арганізацыяй новага войска, з мэтай пашырэньня сацыяльнай базы паўстаньня пісаў рыфмаваныя праклямацыі да сялянаў на беларускай мове.11 траўня 1794 року Т. Касьцюшка прызначыў Я. Ясінскага генэрал-лейтэнантам.


Тым часам, вырашылі cпыніць кампанію адным імклівым маршам Суворава. Сувораў атрымаў важныя для Расеі перамогі ў бітвах пры Крупчыцах і пад Берасьцем. 10 кастрычніка паўстанцы пацярпелі вырашальную параза пад Мацяёвiцамi, Т. Касьцюшка трапіў у палон. 20 кастрычніка Я. Ясінскі прыбыў у Варшаву і папрасіў новага дыктатара паўстаньня Тамаша Ваўжэцкага прызначыць яго ў прадмесьце Варшавы цьвердзь Прагу, якая мусіла стаць шчытом места. У абаронцаў фартэцыі ўжо не заставалася надзеяў на перамогу.


3 лістапада распачаўся абстрэл фартэцыі, а наступнай раніцай а 5-й гадзіне пачаўся штурм. Прыкладна праз палову гадзіны расейцы зламалі лінію абароны, у прадмесьці пачалася паніка. Людзі кiнулiся да моста — адзінай сувязі з Варшавай. Я. Ясінскі быў сярод тых, хто абараняў адыход людзей да моста. Тут, каля Бродна, ён і загінуў. Як і іншых абаронцаў Прагі, Я. Ясінскага пахавалі на Каменкаўскіх могілках.


Категория: Артыкулы | Добавил: evgeniy_cherkes (02.03.2014)
Просмотров: 1014 | Комментарии: 1 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Форма ўвахода
Катэгорыі раздзела
Артыкулы [91]
Карысныя рэсурсы



Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь



Нацыянальная бібліятэка
Беларусі



Турызм у Беларусі


  Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт



Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны



Дзень беларускага пісьменства

Пошук


Надвор'e у Глыбокім

Статыстыка

Aнлайн yсяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0