Многія
вядомыя паэты і пісьменнікі нарадзіліся ў розны час у г. Глыбокае.
Адным з із з’яўляецца пісьменнік Мікалай Максімавіч Мінскі (сапраўднае
прозвішча Віленкін) нарадзіўся 15.01.1855 года ў Глыбокім. У 1875 годзе скончыў
Мінскую гімназію з залатым медалём і паступіў на юрыдычны факультэт
Пецярбургскага ўніверсітэта, а ў 1879 годзе атрымаў ступень прысяжнага
паверанага судзебнай палаты.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1876 годзе. З патрыятычных пачуццяў да
родных мясцін узяў псеўданім "Мінскі”. Быў час, калі ўся Расія зачытвалася яго
радкамі. Іх перапісвалі ў альбомы, дэкламавалі
на балях. Цэнзура забараніла яго
першы зборнік. А.І.Рэпін, прачытаўшы ў нелегальнай газеце "Народная
воля” паэму М.Мінскага "Апошняя
споведзь”, напісаў на яе сюжэт палатно "Адмова ад споведзі напярэдадні
пакарання смерцю”, якое літаральна адразу стала знакамітым. Другі класік,
І.Ганчароў, прыйшоў у надзвычайнае хваляванне ад паэмы Мінскага "Сон
славяніна”. Аб яго паэзіі пісаў выдатны літаразнаўца С.Венгераў. Сам Аляксандр
Блок ставіў лепшыя творы М.Мінскага побач з вершамі Д.Меражкоўскага,
К.Фафанава, З.Гіпіус.
У 1905 годзе паэт атрымаў дазвол на выданне газеты "Новая жизнь”, што стала
першай легальнай газетай бальшавікоў. Сам рэдактар змясціў у газеце свой
славуты "Гімн рабочых”.
Пролетарии всех стран
соединяйтесь!
Наша сила, наша воля, наша
власть.
В бой последний, как на
праздник собирайтесь,
Кто не с нами, тот наш
враг, тот должен пасть.
Пазней амаль кожны радок гэтага
верша, не гаворачы ўжо пра першы, стаў куды больш вядомы, чым яго аўтар.
Але самому М.Мінскаму рэдактарства прынесла адны непрыемнасці : за рэвалюцыйны
пафас газеты быў прыцягнены да
суда. З вялікай цяжкасцю паэт здолеў уцячы за мяжу.
А да
гэтага было захапленне паэзіяй "народнай жальбы”, якое перарасло ў тэму "хворага пакалення”,
раздвоенага паміж прагай барацьбы
і няўпэўненасцю ў сабе:
Нет двух путей добра и
зла:
Есть два пути добра
Меня свобода привела
К распутью в час утра.
* * *
Проклятье в том, что не дано
Единого пути
Блаженство в том, что всё
равно,
Каким путём идти
Пазней, у сярэдзіне 80-х гадоў, у светапоглядзе М.Мінскага адбыўся пералом. Ягоны артыкул "Старажытная
спрэчка” з’явіўся першай у рускай
літаратуры дэкларацыяй дэкадэнцкай паэзіі. Аўтара хвалявалі ўжо не грамадзянскія праблемы, а містычныя
перажыванні: "Я цепи старые свергаю, молитвы новые пою…» .
У Парыжы напісаў драматычную трылогію "Жалезная здань”, "Хаос”. Пасля
Кастрычніцкай рэвалюцыі жыў у Берліне, Лондане (працаваў у савецкім
паўпрэдстве), Парыжы. Пераклаў "Іліяду”, "Гамера”, творы П.Верлена, П.Шэлі,
Дж.Байрана, Г. Флабера і інш.
У апошнія гады жыцця адышоў ад літаратуры. Памёр Мінскі (
Віленкін) 2 ліпеня 1937 года ў Парыжы.
Лявонцій Іосіфавіч
Ракоўскі ( 1896-1979)
Рускамоўны пісьменнік
Лявонцій Ракоўскі – беларус па нацыянальнасці. Нарадзіўся ён у Глыбокім 9 студзеня 1896 года. У
Глыбокім прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады.
Пасля заканчэння ў Вільні гімназіі ён паступае ў Кіеўскі ўніверсітэт на гістарычна-філалагічны факультэт. Але
закончыць універсітэт яму не ўдалося, перашкодзіла сусветная вайна. У гады
грамадзянскай вайны Ракоўскі служыць у Чырвонай Арміі.
У 1922 годзе Ракоўскі прыязджае ў Ленінград, каб працягваць адукацыю. Ён
паступае ў Ленінградскі ўніверсітэт на прававое аддзяленне, якое заканчвае ў
1924 годзе.
Пісаць Ракоўскі пачаў з дзяцінства. А ў 1916 годзе ў студэнцкім зборніку
Кіеўскага ўніверсітэта "Звяно” быў надрукаваны яго першы верш. Будучы ўжо
прафесійным белетрыстам, Ракоўскі
напісаў словы песні "Фізкультурная” (музыка
кампазітара Стэфаніі Заранак). Песня атрымала прэмію ў 1933 годзе ў дні
святкавання 15-годдзя камсамола.
У час вучобы ва ўніверсітэце працуе як журналіст у газеце
"Ленинградская правда” , дзе піша артыкулы і нарысы пад сваім прозвішчам і
пад псеўданімам "Лявонцій Рублёў”.
У снежні 1924 года ў часопісе "Ленінград” надрукавана яго першае апавяданне
"Помста”.
У
трыццатых гадах Л.Ракоўскі канчаткова выбірае шлях гістарычнага белетрыста.
З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны ён працуе ваенным карэспандэнтам франтавой газеты "На страже Родины”, а потым
карэспандэнтам
газеты народнага апалчэння "На защиту Ленинграда”.
Саракавыя і пяцідзясятыя
гады з’яўляюцца найбольш плённымі ў пісьменніцкай дзейнасці Л.Ракоўскага. Ім
напісаны і апублікаваны вялікія гістарычныя творы – аповесць "Канстанцін
Заслонаў”, "Адмірал Ушакоў”, "Кутузаў”. Дарэчы, вось цытата з рамана "Кутузаў”: "Нарэшце ён
(Напалеон) змог рушыць далей.
Шлях ішоў цераз мястэчка Глыбокае, цераз якое калісьці праходзілі палкі
Пятра Вялікага і Карла XII. У Глыбокім, наладжваючы склады прыпасаў, снарадаў і
зброі, Напалеон пражыў пяць дзён. Мястэчка Глыбокае вельмі спадабалася Напалеону і яго штабу. Напалеон жыў у вялікім
кармеліцкім манастыры. Вокны яго двух пакояў выходзілі на маленькае возера ля пагорка і на ланцужок маляўнічых сажалак,
выкапаных рукамі прыгонных манастыра”.( 17, с.320-321)
У многіх творах Л. Ракоўскі прыгадвае родныя мясціны. За дзейнымі асобамі,
героямі твораў заўсёды праглядаюцца рэальныя людзі, з якімі аўтар
непасрэдна сутыкаўся ў паўсядзённым жыцці ў Глыбокім.
Гістарычныя раманы і аповесці Л. Ракоўскага перакладзены на нямецкую,
кітайскую, польскую, чэшскую,
балгарскую, літоўскую і іншыя мовы. І сам Ракоўскі быў перакладчыкам твораў
з беларускай і украінскай моў.
Тадэвуш Даленга-Мастовіч
Вядомы
польскі пісьменнік Т.Даленга – Мастовіч нарадзіўся 10 жніўня
1898 года ў маёнтку Акунёва на Глыбоччыне. Тут прайшло яго дзяцінства. Любіў ён
пакіраваць парай коней ці чацвярыком у васьмігадовым узросце, а маючы
адзінаццаць гадоў ездзіў на аўтамібілі.
Атрымаўшы пачатковую адукацыю дома, ён паступіў у Віленскую гімназію, якую скончыў у 1915 годзе, дзе ўжо
ўдзельнічаў у нелегальных
патрыятычных арганізацыях. Далейшае
навучанне ў Кіеўскім універсітэце было
звязана з удзелам у польскай вайсковай арганізацыі.
У 1919 годзе ён добраахвотна пайшоў у польскую армію, дзе праслужыў да 1922 года. Быў удзельнікам
польска-савецкай вайны.
Калі
пачаліся ваенныя падзеі 1919-1920 гадоў, сям’я
Мастовічаў пераехала ў Польшчу. Кантакт з родным краем быў страчаны.
Першыя гады пасля вайсковай службы прайшлі
ў Варшаве і былі цяжкія для маладога гуманіста з незакончанай вышэйшай
адукацыяй.
Жыццёвае становішча палепшылася ў 1924 годзе. У той час яго дзядзька
Зыгмунт Рытэль, які быў прафесарам
Варшаўскай палітэхнікі, дапамог Тадэвушу знайсці месца працы ў рэдакцыі газеты.
З 1925 года з’яўляюцца яго артыкулы, фельетоны і першыя апавяданні маладога
аўтара. Да свайго прозвішча ён прыбавіў "Даленга” ад родавага герба маці, што ў
той час было модным у зямельна-шляхецкім асяроддзі.
У канцы 1928 года пісьменнік пакідае працу ў газеце і становіцца незалежным
пісьменнікам. Адзін за адным з’яўляюцца ў друку яго творы: "Апошняя брыгада”,
"Чэкі без аплаты”, "Кар’ера Нікадыма
Дызмы” і іншыя. Апошняя аповесць "Дзённік пані Ганкі” з’явілася ў 1939
годзе. Рэцэнзенты далі ёй вышэйшую
ацэнку, чым папярэднім творам.
Трэба адзначыць, што 1933 год быў перыядам творчага ўзлёту для аўтара. У
прэсе з’явілася шмат артыкулаў аб яго творчасці, рэпартажаў аб жыцці. У гэтым
жа годзе пачынаецца яго супрацоўніцтва з кінематографам.
Рэжысёр Мікола Вашыньскі ў 1937 годзе стварыў кінафільм "Знахар”, у 1938
годзе - "Прафесар Вільчур”.
Успаміны пра дзяцінства і асяроддзе, у якім жыла
мясцовая шляхта, ляглі ў аснову яго аповесцяў.
У часы Польшчы сям’я Мастовічаў жыла ў Глыбокім па вуліцы Кракаўскай (
цяпер вуліца Савецкая). Сюды
прыязджаў і Тадэвуш. У мясцовай школе
настаўніцай працавала сястра пісьменніка Яніна ( па мужу Маразовіч).Калі пачалася Другая
сусветная вайна, пісьменнік зноў апынуўся на фронце ў віхуры ваенных падзей
верасня 1939 года. У гэтым жа годзе ён і загінуў.
Творчасць Даленгі-Мастовіча
па-ранейшаму папулярная не толькі ў Польшчы, а таксама ў перакладзе і на рускую
мову .У пасляваенныя гады было экранізавана восем яго твораў. Усяго за перыяд з 1934 па 1981 гады кінематаграфістамі Польшчы і ЗША было створана
14 кінаверсій яго лепшых твораў.
Клаўдзій Дуж-Душэўскі ( 1891-1959 г.)
Пра
Клаўдзія Сцяпанавіча Дуж-Душэўскага, ураджэнца Глыбокага, актыўнага дзеяча
беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, нястомнага рупліўца на ніве
беларускай культуры і асветы, таленавітага будаўніка-архітэктара пасляваеннае
пакаленне беларусаў доўгі час нічога не ведала. Гэта імя воляй
сталінска-берыеўскага рэпрэсіўнага апарату было бессаромна зняслаўлена, а
лёс бязлітасна пакалечаны. І ўсё ж гістарычная праўда
прабівае сабе дарогу.
26 красавіка 1891 года ў сям’і Душэўскіх нарадзіўся сын. Было гэта ў
мястэчку Глыбокае, што належала ў той час Віленскай губерні. У сям’і ўжо было
пяць дзяўчынак. Не ведалі, як назваць хлопчыка, бо ў святцах на гэты
дзень значыліся толькі жаночыя імёны. Нехта падказаў: Клаўдзія. У мужчынскім
варыянце гэта гучала як Клаўдзіюш, - і святцам пасавала, і хлопцу падыходзіла.
У пяць гадоў ён ледзь не памёр ад менінгіту. Але хлопчык ачуняў, адужаў
напасць.
Падрос, паехаў у Вільню, скончыў там рэальную гімназію, потым трапіў у
Пецярбургскі горны інстытут.
Як вядома, менавіта ў Пецярбурзе сярод студэнтаў, выхадцаў з Беларусі,
зарадзіліся першыя грамадскія
культурна-асветныя арганізацыі. Душэўскі належаў да таго самага асяроддзя, да
якога належалі Янка Купала, Цётка, Браніслаў Тарашкевіч і іншыя. У беларускім
гуртку, што збіраўся на кватэры прафесара Браніслава Эпімах-Шыпілы, Душэўскага
ведалі і любілі. Паўліна Мядзёлка згадвае яго як выканаўцу ролі Сцяпана
Крыніцкага ў "Паўлінцы” Янкі Купалы.
А потым адбылася Лютаўская
рэвалюцыя. Да царскага ўраду К.Дуж-Душэўскі ставіўся адмоўна. Яго прадзед з
матчынага боку, Урублеўскі, загінуў ў паўстанні 1831 года, дзед, Высоцкі, склаў галаву ў
1863 годзе.