Каталог Артыкулаў

Главная » Статьи » Артыкулы

14 Урок. Гаспадарка Глыбоцкага раёна

14 Урок. Гаспадарка Глыбоцкага раёна

         Глыбоцкі гаспадарчы раён  - адзін з буйнейшых і значымых ў Віцебскай вобласці як па колькасці прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, так і па аб’ёме, кошце  выпускаемай прадукцыі і колькасці паслуг. Па гэтых паказчыках ён першы сярод сельскіх раёнаў вобласці і саступае толькі прамыслова-гаспадарчым цэнтрам: Віцебск, Полацк-Наваполацк, Орша. У раёне спалучаюцца і ўзаемадзейнічаюць паміж сабой галіны вытворчай і невытворчай сферы, паміж якімі цяжка правесці ўяўную мяжу. Напрыклад, Глыбоцкі ўчастак "Палівазбыт” адносіцца да энергетычнай галіны, але яго прамая задача аказваць паслугі па забеспячэнні насельніцтва палівам.

         У раёне працуюць больш 110 прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў як дзяржаўнай, так і кааператыўнай, акцыянернай, арэнднай, фермерскай, прыватнай уласнасці, якія ўтвараюць гаспадарчы комплекс раёна. Вядучай галіной з’яўляецца прамысловасць, якая прадстаўлена 17 прадпрыемствамі.

         Сучасная галіновая структура гаспадаркі фарміравалася працяглы час. Да сярэдзіны 19 стагоддзя гаспадарка краю была тыповай для ўсёй Беларусі, у якой вядучая роля належала сельскай гаспадарцы з дробнарамеснай вытворчасцю ў асноўным у мястэчку Глыбокае.Пасля аграрнай рэформы 1861 года гаспадарка пачала набываць таварную накіраванасць. Галоўнай галіной становіцца малочная жывёлагадоўля, прадукцыя якой пачала перапрцоўвацца на 11 зборных і 5 арцельных заводах па вырабе сыру, масла, творагу.Узрасло значэнне ільнаводства і, асабліва, бульбаводства. Бульба ў вялікай колькасці ўжывалася як сыравіна для вінакурных заводаў ў Глыбокім і Чарневічах. Паравы млын у Зябках, вадзяныя ў Юзафове і Мылічах значную частку мукі адпраўлялі ў вінакурні.

         Эканамічны крызіс 1870-90 гадоў прымусіў землеўладальнікаў перабудоўваць гаспадарку на капіталістычны лад. У краі пачалі ўзводзіцца невялікія фабрыкі і заводы ( з колькасцю 5-15 чал.). Сярод іх значных памераў былі цагельныя заводы ў Чарневічах, Падгаях, Арэхаўне, завод лімонна-шыпучай вады, піва і дрожджаў, мылаварны, абараначная фабрыка і красільня "Фарбарня” у Глыбокім, чарапічны завод у Азярцах.

         За "польскім часам”галоўную ролю адыгрывае мястэчка Глыбокае, у якім пачалі працаваць цукерачная фабрыка, гарбарны завод, бойня будучага мясакамбіната, прадпрыемствы па перапрацоўцы ільносемя, часальні воўны, 2 электрастанцыі і 14 прыватных хлебапякарань.

         Адразу ж пасля вызвалення Глыбоччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у раёне пачынаецца аднаўленне прадпрыемстваў і будаўніцтва новых. У першыя пасляваенныя гады адноўленыя дробныя прадпрыемствы былі аб’яднаны ў райпрамкамбінат, куды ўваўшлі цагельныя і вапнавыя заводы, мылаварны і смалакурны завод, ганчарны цэх, вытворчасць алюміевага посуду і палазоў для павозак і саняў. На Плісчыне працавалі спіртавы і тарфяны заводы, 5 млыноў, 4 цагельныя і 2 вапнавыя заводы. У 1949 годзе пачаў працу Пліскі маслазавод і закончылася будаўніцтва Глыбоцкага кансервавага завода.

         Пераход гаспадарчага комплексу Глыбоччыны на новы ўзровень адбыўся ў  70-80 гады ХХ стагоддзя, калі ва ўмовах цэнтралізаванай планавай эканомікі СССР вырашылася пытанне аб удасканаленні тэрытарыяльнай структуры гаспадаркі Віцебскай вобласці. Акрамя ўсходняга буйнага Віцебска-Аршанскага, цэнтральнага  - Полацка-Наваполацкага, ўзнікла неабходнасць стварэння буйнага заходняга прамысловага вузла. Глыбоцкі раён, які займае цэнтральнае становішча сярод 7 заходніх раёнаў вобласці, стаў збіральнікам гаспадарчых сувязей раёнаў-суседзяў. Перадумовамі для эканамічнага развіцця раёна з’явілася забяспечанасць працоўнымі рэсурсамі, зручныя транспартныя шляхі, а таксама Глыбоцкія электрычныя сеткі , якія аб’ядноўвалі 6 раёнаў.

         У Глыбокім пачалося будаўніцтва самага вялікага ў былым СССР малочнакансервавага камбіната, рэканструкцыя, а па сутнасці будаўніцтва новага, буйнейшага ў рэспубліцы мясакамбіната. Для забеспячэння камбінатаў сыравінай у раёне ўзводзіліся буйныя жывёлаводчыя комплексы ў саўгасе імя Ціміразева, Галубічах, Маліноўшчыне.

         Пашыраліся і адбудоўваліся Глыбоцкі кансервавы завод, Падсвільскі вінзавод і ільнозавод. Планавалася ўзвядзенне ў Глыбоцкім раёне алюмініевага завода, які б выкарыстоўваў электраэнергію Ігналінскай АЭС, ваду мясцовых азёр і прывазную сыравіну. Для гэтых мэт ствараліся і пашыраліся будаўнічыя арганізацыі раёна.

         У гады перабудовы суседнія раёны ствараюць свае прадпрыемствы па перапрацоўцы мяса-малочнай прадукцыі, што прынесла цяжкасці ў забеспячэнні сыравінай прадпрыемстваў, асабліва мясакамбіната.

         Пасля рашучых захадаў урада  па стабілізацыі гаспадаркі краіны ў канцы 90-х – 2000 гадоў гаспадарка раёна развіваецца на новым больш высокім узроўні з улікам рынкавых адносін і новых форм гаспадарання.


Категория: Артыкулы | Добавил: evgeniy_cherkes (01.03.2014)
Просмотров: 879 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Форма ўвахода
Катэгорыі раздзела
Артыкулы [91]
Карысныя рэсурсы



Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь



Нацыянальная бібліятэка
Беларусі



Турызм у Беларусі


  Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт



Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны



Дзень беларускага пісьменства

Пошук


Надвор'e у Глыбокім

Статыстыка

Aнлайн yсяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0