З 1975 года пры рэдакцыі глыбоцкай раённай газеты "Веснік Глыбоччыны” працуе літаратурнае аб’яднанне "Далягляды”. Арганізаваў яго вядомы паэт Алег Салтук, які ў 1974 годзе прыехаў з Ушач у Глыбокае і стаў працаваць уласным карэспандэнтам газеты "Віцебскі рабочы”.
У літаратурным аб’яднанні пачалі гуртавацца маладыя таленты Глыбоччыны. Назва "Далягляды” не выпадковая, бо сабраліся ў гуртку людзі апантаныя, улюбёныя ў эстэтычныя словы. Даляглядаўцамі лічылі сябе Алег Салтук, Алесь Жыгуноў, Марыя Баравік, Віталь Гарановіч, Тамаш Ляшонак, Уладзімір Сауліч, Людміла Андзілеўка, Ганна Зінкевіч, Ганна Вязіцкая і іншыя.
Многія вершы нашых аўтараў пакладзены на музыку мясцовымі кампазітарамі Б.Грамакоўскім, Г. Шакола і магіляўчанінам Яцковым.
І сёння ў "Далягляды” прыходзяць маладыя аўтары. Сярод іх Галіна Шыман, Ганна Лукашэвіч, Леанід Пінязь, Віктар Асмялоўскі, Юрый Міхалевіч.
Іх творы ўжо можна прачытаць не толькі на старонках раённага друку, але абласнога і нават рэспубліканскага.