Каталог Артыкулаў

Главная » Статьи » Артыкулы

19 Урок. Пад Расійскай каронай

19 Урок. Пад Расійскай каронай

Паводле 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Глыбокае адышло  да Расіі.

Вайна 1812 г.

У чэрвені 1812 г. французскі імператар Напалеон Банапарт пачаў вайну з Расіяй. Французскія войскі фарсіравалі Нёман непадалёк ад Коўна. Салдаты рабавалі і разбуралі беларускія вёскі, гарады, адбіралі ў насельніцтва жывёлу, прадукты. Вялікія спусташэнні пакінулі на сваім шляху французскія захопнікі. Праз Глыбокае прайшлі асноўныя сілы напалеонаўскай арміі, у тым ліку і яго гвардыя. Раніцай 18 ліпеня 1812 г. Напалеон прыбыў у Глыбокае.     Сюды ж прыбыла гвардыя. Для выканання сваіх вялікіх намераў Напалеон чакаў цяжкую артылерыю і разлічваў, што будзе ў стане распачаць дзеянні 22-23 ліпеня.  Пасля ж ён са сваёй звычайнай руплівасцю заняўся ўладкаваннем у Глыбокім этапнага пункта, забяспечанага ўсім неабходным для арміі. У Глыбокім Напалеон размясціўся ў трох невялікіх пакоях на верхнім паверсе кармеліцкага кляштара.


У першы ж дзень свайго знаходжання ў Глыбокім Напалеон выдаў загад распаўсюдзіць  "Адозву канфедэрацыі генеральнай” сярод палякаў, якія засталіся на рускай службе, з прапановай пераходзіць на яго бок.


Рабаўніцтва, марадзёрства салдат і афіцэраў напалеонаўскай арміі прынялі такія памеры, што сталі пагражаць развалам арміі. Гэта вымусіла французскага імператара выдаць 20 ліпеня ў Глыбокім загад аб марадзёрстве, які складаўся з двух артыкулаў. У першым з іх было запісана: "Кожны француз, немец, італьянец, выяўлены ў тыле арміі і ў якога няма апраўдальных дакументаў, будзе арыштаваны і дастаўлены ў бліжэйшы ваенны трыбунал па прыватнай справе, абавязак якога выносіць смяротны прыгавор тым, чый удзел даказаны ў грабяжы і марадзёрстве”. Другі артыкул абвяшчаў: "Мясцовыя жыхары незалежна ад колькасці, схопленыя разам з рабаўнікамі і марадзёрамі, якім будзе даказана, што яны прымушалі да грабяжу і ўдзельнічалі ў разбоі, будуць дастаўлены ў бліжэйшую Вышэйшую ваенную камісію і, хто не падлягае апраўданню, будуць прыгавораны да смяротнай кары”. Загад быў абвешчаны ў навакольных вёсках.  Напалеон наведаў Беразвечча, дзе пакінуў атрад салдат для нарыхтоўкі фуражу і правіянту. У Глыбокім быў адкрыты эталонны прадуктовы пункт для забеспячэння арміі  ўсім неабходным, начальнікам яго быў прызначаны польскі памешчык Алоіз Буйніцкі. Перад ад’ездам з Глыбокага Напалеон, каб аддзякаваць за гасціннасць, загадаў аднаму з прыдворных прынесці цэлае блюда напалеандораў у падарунак настаяцелю кляштара і быццам бы выказаў шкадаванне, што не можа ўзяць у Парыж касцёл кармелітаў, каб паставіць яго побач з Саборам Парыжскай Маці Божай.


Пасля ад’езду Напалеона з Глыбокага Алоіз Буйніцкі 24 ліпеня выдаў распараджэнне Барысаўскай павятовай камісіі аб дастаўцы ў Лепель 6 000 цэнтнераў мукі для забеспячэння напалеонаўскай арміі. 30 ліпеня Буйніцкі загадаў докшыцкаму камісару Ваньковічу адкрыць у Глыбокім склад і даставіць туды правіянт.


"Паводле распараджэння найвышэйшага імператара Францыі і караля прапанавана адкрыць правіянцкі магазін у Глыбокім, да якога далучыць бліжэйшыя мясцовасці, як Куксін, Ваўшчызна, Жаўнежоўшчына, Янушаў з фальваркамі Замошша, што рэквізаваны і таму вызвалены ад іншых распараджэнняў, якія паступаюць з Докшыц. Пасля намеснік "докшыцкага камісара, на працягу трох дзён з дня выдання гэтага прадпісання, абавязаны максімальна пастарацца даставіць 15 бочак з мукой ці жытам, 60 бочак аўса, 10 бочак гароху, 2 тысячы гарцаў гарэлкі, 200 валоў, за якімі канвой прыбудзе з Глыбокага”. Аднак загады А. Буйніцкага не выконваліся, аб чым сведчыць "Заява пра адсутнасць у казённых складах і ў прыватных асоб”, падпісаная А. Буйніцкім: "Пастанова Барысаўскай павятовай камісіі другога аддзела паліцыі ад 24 ліпеня ў маёнтках Ваўшчызна і Слабада прачытана, але ні жыта, аніякай мукі ў свірнах казённых і сялянскіх няма, бо ўсё, што было назапашана, канфіскавана і дастаўлена ў Вярхоўную стаўку яснавяльможнага імператара Францыі ў Глыбокім, а зараз самі засталіся без харчавання да новага ўраджаю”.


23 ліпеня сярод французскіх войск у Глыбокім назіралася незвычайнае ажыўленне. Вялікія павозкі, у якія было запрэжана па восем-дзесяць коней, пачалі рухацца з Глыбокага на Докшыцы. Гэта была цяжкая артылерыя, якую Напалеон чакаў некалькі дзён і якую тэрмінова накіраваў пад Віцебск. Сам імператар выступіў з Глыбокага ў ноч на 24 ліпеня, пакінуўшы тут гарнізон, большасць якога была размешчана ў Беразвеччы, шпіталь і склады. Гарнізон нёс варту на дарогах, быў прамежкавым этапам на шляху зносін Напалеона з імперыяй, па якім рухаліся кур’еры імператара.


З набліжэннем напалеонаўскіх войск насельніцтва пакідала дамы і ў некаторых месцах усімі вёскамі ішло ў лясы. Сяляне спынілі выплату падаткаў, і акупанты абкладалі падаткамі сваіх памагатых – памешчыкаў, але і тыя таксама адмаўляліся ўносіць іх. Так, 5 жніўня 1812 г. зборшык падаткаў Грыгаровіч рапартаваў падкамісару докшыцкага кантона аб тым, што глыбоцкі памешчык Буйніцкі адмовіўся плаціць падаткі. Пра баявыя дзеянні на тэрыторыі Глыбоччыны і пра шматлікія страты з боку французаў сведчыць шэраг масавых пахаванняў на тэрыторыі раёна. У час вайны французскія акупанты на тэрыторыі беларускіх губерняў сфарміравалі з рэкрутаў 5 пяхотных і 4 уланскія палкі. З Дзісенскага павета, у тым ліку з Глыбоччыны, рэкруты ўвайшлі ў склад двух палкоў: 22-га пяхотнага са штаб-кватэрай у Мінску (камандзір – граф Станіслаў Чапскі) і 18-га ўланскага, які размяшчаўся ў Нясвіжы, пад камандаваннем графа Караля Пшаздзецкага. Гэтыя часці, сфарміраваныя толькі ў кастрычніку, у баявых дзеяннях на французскім баку ўдзельнічалі мала. Яны дайшлі да Парыжа з рэшткамі разбітай арміі Банапарта. Аляксандр I не знайшоў дзеянні мясцовых рэкрутаў крымінальнымі. Гэтыя палкі былі накіраваны ў Польшчу для прадаўжэння ваеннай службы, але ўжо царскай, пад камандаваннем цэсарэвіча Канстанціна. Пасля заканчэння ваеннай службы ўланы і салдаты вярнуліся дадому.


Вызваленне Глыбокага ад французскіх войск можна аднесці да канца кастрычніка – першай дэкады лістапада 1812 г. Паводле звестак глыбоцкага краязнаўца А. А. Сабалеўскага, напярэдадні вызвалення ў Беразвеччы, дзе стаяў гарнізон непрыяцеля, толькі для яго патрэб дзейнічала хлебапякарня, дзе працавалі мясцовыя жыхары. У пэўны час, прызначаны да адступлення французаў, хлебапёкі Беразвечча прыгатавалі хлеб, дадаўшы ў цеста нягашаную вапну. Большасць салдат памерла, а астатнія пахавалі сваіх паплечнікаў ва ўрочышчы Барок на беразе возера Мушкат і кінуліся наўцёкі з Беразвечча. Пасля адыходу французскіх войск Глыбокае засталося разбураным і разрабаваным. І ў мястэчку, і ў навакольных вёсках усе коні былі рэквізаваны, жывёла знішчана, пасяўныя плошчы пасля вайны скараціліся больш чым удвая.

 

Паўстанне 1830-1831 гг.


29 лістапада 1830 г. у Варшаве ўспыхнула паўстанне супраць царызму. Да сакавіка 1831 г. хваляванні дасягнулі Дзісенскага павета. Цэнтрам ваенных фарміраванняў паўстанцаў стала мястэчка Лужкі, дзе 13 красавіка сабралася больш за 50 памешчыкаў, якія падтрымалі паўстанне. Яны склалі акт канфедырацыі (тэкст быў напісаны ксяндзом піяраў мясцовага кляштара Адамам Татурам), далі клятву на агульнае выступленне для ўзнаўлення Польскай дзяржавы ў межах 1772 г. і ўтварылі Урадавы камітэт, старшынёй якога стаў памешчык з Плісы Рамуальд Падпіпента. Для грамадзянскага кіравання паветам паўстанцы прызначылі камендантаў і камісараў. Камандуючым паўстанцамі быў празначаны  падпалкоўнік ў адстаўцы Валенцій Брахоцкі, які меў сувязь з Віленскім цэнтральным паўстанцкім камітэтам. Яго намеснікам стаў Алоіз Буйніцкі, камандзірам артылерыі – Міхаіл Храпавіцкі. Камендантам мястэчка Глыбокае быў прызначаны Ігнат Корсак.


Вялікую падтрымку паўстанцам аказалі 18 юнкераў з Дзінабургскага ваеннага вучылішча, выхадцы з мясцовай шляхты, якія прыбылі ў Глыбокае 18 красавіка і адразу заняліся навучаннем паўстанцаў правілам карыстання зброяй, вырабам пораху з салетры.


 Камітэт прыняў зварот да памешчыкаў і насельніцтва павета. Так, у звароце да яўрэяў мястэчка Глыбокае ад 23 красавіка 1831 г., гаварылася, што самі яны (яўрэі) не змогуць накіраваць са свайго асяродку воінаў-добраахвотнікаў, і належыць ім прынесці ў мэтах ахвяравання грошы, сукно, порах, свінец. Паўстанцкі камітэт звярнуўся таксама да сялян і іншых саслоўяў.


Былі выдадзены інструкцыі для вайскоўцаў, паводле якой патрабавалася захоўваць спакой і агульны парадак. Кожны ўдзельнік паўстання павінны быў даць прысягу.


Прадпісаннем Урадавага камітэта ад 14 красавіка вызначалася, каб кожны памешчык на другі дзень сам з’явіўся на кані ў Лужкі са зброяй, прывёз з сабой з 7 рэвізскіх душ аднаго чалавека ўзростам ад 18 да 40 гадоў, апранутага, з двухтыднёвым правіянтам. Названыя вышэй прадпісанні, звароты Урадавага камітэта, акт канфедэрацыі былі разасланы па ўсім Дзісенскім павеце. За невыкананне іх камітэт пагражаў пакараннем аж да смяротнай кары. Па распараджэнні Брахоцкага ў Лужках былі пастаўлены дзве шыбеніцы.


Вялікую дапамогу ў фарміраванні войска паўстанцаў аказаў кармеліцкі кляштар. Ён паставіў са свайго маёнтка 300 сялян, выдзеліў 6 ксяндзоў у распараджэнне Урадавага камітэта. У паўстанні прымалі ўдзел  манахі глыбоцкага кляштара – Анзельм Гускі, Патрыцый Корсак, Ігнат Руткоўскі, Нарцыз Валынскі, прыёр глыбоцкага касцёла Уладзіслаў Казакевіч, ксёндз парафіяльнага касцёла Рамуальд Глінскі, свяшчэннік глыбоцкай уніяцкай царквы Аляксандр Скабалановіч.


Духавенства было варожа настроена да палітыкі царызму. У Беразвецкім і Лужкоўскім вучылішчах, у школах карысталіся польскай мовай, справаводства таксама вялося на польскай мове.


Сабраная паўстанцамі "збройная сіла” была асвячона ксяндзом-піярам Адамам Татурам у Лужкоўскім касцёле, тут было праведзена набажэнства.


23-24 красавіка паўстанцы ў колькасці 3 000 чалавек выйшлі з Лужкоў для ўзяцця Дзісны. Тры дні горад знаходзіўся ў іх руках, пасля чаго Дзісна была занята рускімі войскамі пад камандаваннем полкоўніка Макарава. 12 мая ў Глыбокае прыбыло некалькі рот вілейскіх паўстанцаў пад камандаваннем Радзішэўскага, якія адступалі з Вілейкі пад націскам царскіх войск. Тут іх дагнаў генерал Саф’янаў. Пасля двухдзённых сутычак, а потым крывавай бітвы пад Глыбокім, 15 мая Радзішэўскі адвёў свой атрад на Лужкі. Пакінутае мяцежнікамі Глыбокае было занята генералам Саф’янавым.


Усе канфедэраты злучыліся ў Лужках, аднак надзеі ўтрымацца ў Дзісенскім павеце ўжо не было. Кола акружэння звужалася. Да гэтага часу ў Лужках і Глыбокім было  каля 10 000 паўстанцаў. Было прынята рашэнне раздяліцца. Частка паўстанцаў пад кіраўніцтвам Ігната Адахоўскага 18 мая накіравалася на ўсход для арганізацыі баявых дзеянняў каля Лепеля. Ім ўдалося захапіць Лепель, але хутка яны былі разгромлены войскам генерала Каблукова. Адахоўскі пасля двухдзённых абарончых баёў быў узяты ў палон. Галоўныя сілы паўстанцаў вырашылі ісці ў Вількамір (сучасны г. Укмерге ў Літве) для злучэння з мясцовымі паўстанцамі, а далей рухацца да Вільні. Неўзабаве Брахоцкі з войскамі праз вёскі Мосар, Казяны накіраваўся ў Браслаўскі павет і адтуль – да Вількаміра. На поўдзень ад Відзаў каля в. Качаргішкі адбыўся бой з войскам падпалкоўніка Цінькова. І на гэты раз паўстанцы вымушаны былі раздзяліцца. Радзішэўскі атрымаў пад сваё камандаванне вілейскія атрады, а свянцянскія і браслаўска-дзісенскія атрады засталіся пад кіраўніцтвам Барткевіча і Брахоцкага. З 25 мая да 10 чэрвеня яны прайшлі ад Віжун да г. Кейданы і далучыліся да рэгулярных войск пад камандаваннем польскага генерала Антона Гелгуда. Агульная колькасць такога войска складала каля 10-12 тысяч чалавек.


19 чэрвеня каля Вільні адбылася рашаючая бітва паўстанцаў з рускім войскам. Паўстанцы пацярпелі паражэнне і вымушаны былі адступіць на Захад. Частка шляхты, актыўныя ўдзельнікі і кіраўнікі паўстання збеглі ў Каралеўства Польскае і Прусію. Невялічкія атрады хаваліся ў мясцовых лясах і балотах.


18 мая ў Глыбокае з двума эскадронамі гусараў прыбылі генералы Каблукоў і Гудовіч. З імі прыехаў магілёўскі губернатар   М. М. Мураўёў для правядзення следства. Удзельнік вайны 1812 г., ён шаснаццацігадовым юнаком у складзе рускай арміі праз Відзы адступаў пад націскам напалеонаўскіх захопнікаў. Пад старшынствам  Мураўёва пачала працаваць камісія ваеннага суда. На допыт было дастаўлена каля тысячы чалавек. Дапытвалі днём і ноччу, Мураўёў дзейнічаў рашуча і жорстка. Гэтая камісія была размешчана ў будынку кармеліцкага кляштара. 24 мая адсюль першыя вязні (22 чалавекі) былі накіраваны ў казематы Дзінабургскай крэпасці. Былі заведзены 172 судовыя справы, якія і цяпер захоўваюцца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Літвы ў Вільнюсе. Кіраўнікі паўстання Брахоцкі, Татур, Лапацінскі былі засуджаны да пакарання смерцю. Асобы, якія прымалі актыўны ўдзел у паўстанні, былі прыгавораны да розных тэрмінаў зняволення і адпраўлены ў Дзінабургскую крэпасць. 72 чалавекі былі засуджаны ваеннымі судамі ў мінскую турму. 23 адпраўлены ў турму г. Пскова.  Частка паўстанцаў эмігрыравала ў Заходнюю Еўропу і Паўночную Амерыку. Сярод эмігрантаў былі 52 удзельнікі паўстання ў Дзісенскім павеце. Большасць з іх ніколі не вярнулася на радзіму.


Дзінабургская крэпасць так была перапоўнена вязнямі, што яе камендант вымушаны быў хадайнічаць аб вызваленні часткі засуджаных і перадачы іх на парукі. Нямала засуджаных было саслана ў Сібір. Пазней некаторыя справы былі перагледжаны, асобным удзельнікам паўстання зніжаны тэрміны зняволення.


У 1831 г. з Глыбокага Мураўёў быў пераведзены на пасаду губернатара  г. Гродна.


Паводле загада цара Мікалая I патрабавалася жорсткае пакаранне ўдзельнікаў паўстання 1830-1831 гг. Маёмасць засуджаных забіралася ў казну. Канфіскаваныя землі раздаваліся рускім чыноўнікам. Былі праведзены меры на паслабленне польскага ўплыву, актывізаваўся працэс русіфікацыі Беларусі. Быў закрыты Віленскі ўніверсітэт, у школах і вучылішчах з  забаронена польская мова. У 1832 г. былі закрыты вучылішчы ў Лужках і Беразвеччы, дзе навучаліся дзеці памешчыкаў, шляхты з розных паветаў Беларусі, Літвы і Латвіі. У 1839 г. царкоўны сабор у Полацку прыняў рашэнне аб уз’яднанні ўніяцкай царквы з праваслаўнай. У 1842 г. былі ўзяты ў казну ўладанні глыбоцкіх кармелітаў: Глыбокае, Ластавічы, Перадолы, Запалоўе, Амбросавічы, Варанова, Свілы, Вольберавічы, Янкі, Крукі. Сюды былі накіраваны адміністратары, а кляштару пакінулі толькі 203 дзесяціны зямлі. 


Категория: Артыкулы | Добавил: evgeniy_cherkes (02.03.2014)
Просмотров: 667 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Форма ўвахода
Катэгорыі раздзела
Артыкулы [91]
Карысныя рэсурсы



Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь



Нацыянальная бібліятэка
Беларусі



Турызм у Беларусі


  Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт



Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны



Дзень беларускага пісьменства

Пошук


Надвор'e у Глыбокім

Статыстыка

Aнлайн yсяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0