Адмена прыгоннага права. У сярэдзіне 19 стагоддзя мястэчка Глыбокае належала князю Вітгентштэйну — буйнейшаму землеўладальніку на Беларусі, які меў больш за 100 маёнткаў у 12 паветах, 500 тысяч дзесяцін зямлі і 60 тысяч сялян. 19 лютага 1861 г. быў абвешчаны маніфест аб адмене прыгоннага права і «Мясцовае палажэнне... для губерній Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай і часткі Віцебскай». У Глыбоцкім краі рэформа праводзілася паводле «Мясцовага палажэння», у адпаведнасці з якім за сялянамі прызнавалася права на дарэформенны надзел. Адрэзкі дапускаліся ў выпадках, калі памер сялянскага надзелу перавышаў надзел, устаноўлены інвентаром. Землеўладальнік, які адводзіў адрэзкі, меў магчымасць забіраць у сялян лепшыя землі, выганы, вадапоі, без якіх яны не маглі абысціся. За карыстанне зямлёй сяляне абавязаны былі да заключэння выкупной здзелкі адбываць памешчыку павіннасці ў выглядзе паншчыны і аброку. Такое становішча сялян лічылася часоваабавязанае. Гэтыя ўмовы выклікалі рэзкае незадавальненне сялян, якія адмаўляліся адбываць павіннасці. У сваім данясенні ад 23 мая 1861 г. падпалкоўнік С.Адамовіч паведамляў у Вільню Р.А.Далгарукаву, што войскам Мурамскага пяхотнага палка падаўлена выступленне сялян у маёнтках Дзісенскага павета, сярод якіх пералічаны і падзеі на Глыбоччыне. Так, паведамлялася, што хваляванні былі ў маёнтку Мосар, які належаў Абдону Бжастоўскаму, у Міхальцах, што належалі Юстыну Грабніцкаму, Канстанцінаве, якім валодаў Казімір Акушка. Прычынай выступленняў была агітацыя адстаўнога падпалкоўніка Антаноўскага з Глыбокага, які ўжо знаходзіўся пад арыштам да вырашэння пытання вышэйшым начальствам. У час хваляванняў было захоплена «более упорных, разных имений 35 человек», якія накіраваны ў турму ў Дзісну, а іншыя «наказаны умеренно розгами». Пасля адмены прыгоннага права буйное памешчыцкае землеўладанне на Беларусі захавалася. Землеўладальнікамі былі не толькі памешчыкі-дваране, але і мяшчане, і сяляне. Сустракаліся маёнткі, якімі валодала сялянская грамада. Паўстанне К. Каліноўскага. Паўстанне 1863—64 гг., мэтай якога было сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне ад царскай Расіі беларускага, польскага і літоўскага народаў, — адна з найбольш значных падзей 19 стагоддзя. Але ацэнкі яго вельмі супярэчлівыя. Пра гэта сведчаць шматлікія гістарычныя даследаванні і архіўныя дакументы, у якіх зафіксавана, што актыўны ўдзел у гэтым паўстанні прынялі сяляне і шляхта, рамеснікі з мястэчак, студэнты і духавенства Глыбоччыны. У Верхнянскай і Казлоўскай валасцях 23 студзеня 1863 г. раніцай былі выяўлены на сценах хат і іншых пабудоў «печатные экземпляры возмутительного воззвания», якія заклікалі сялян да супраціўлення ўладзе. Пры расследаванні на месцы дзісенскі земскі спраўнік К.У.Фліяркоўскі выявіў «лістоўкі» пад назвай «Мужыцкая праўда» № 5 і № 6 на сцяне хаты жыхара вёскі Верхняе Івана Краміча, пры дарозе на вёску Верацейкі. Такія ж экземпляры былі знойдзены ў суседніх вёсках Казлоўскай воласці Асінгарадку, Ласіцы. Мясцовыя чыноўнікі — валасныя старшыні былі напалоханы гэтымі заклікамі, збіралі «Мужыцкую праўду» для перадачы вышэйшаму начальству. На пошукі вінаватых у з'яўленні «Мужыцкай праўды» былі прыцягнуты свяшчэннік Шапубовіч, валасныя чыноўнікі, паліцэйскія. Але вышукі ўлад аказаліся дарэмныя. Калі пачаліся арышты ўдзельнікаў паўстання, у ліку арыштаваных быў і ксёндз Францішак Завадскі з Канстанцінава, пад узмоцненай вартай яго прывезлі ў Глыбокае, дзе ўжо было шмат арыштаваных з навакольнай шляхты. Іх зноў, як і ў 1831 г., збіралі ў кармеліцкім кляштары. Следства ўзначальваў сам на- чальнік павета Лаўрушкевіч з Дзісны.
Пасля 6 тыдняў арыштаваных, у тым ліку і паўстанцаў з Глыбоччыны, накіравалі цераз Друю і Прыдруйск у Дзвінскую (Дзінабургскую) крэпасць. Тут утрымліваліся вязні з Ковенскай, Віцебскай, Віленскай і Курляндскай губерняў. Прысуд паўстанцам адбыўся праз 14 месяцаў, частка іх была адпушчана.
Некаторыя ўдзельнікі паўстання былі высланы ў Сібір, а іх землі канфіскаваны. Сярод іх былі памешчыкі Шкіндэр з Варанова, Яркоўскі з маёнтка Русакі, Фалькоўскі з маёнтка Свілы (Свіліцы).
За актыўны ўдзел у паўстанні каталіцкага духавенства, ксяндзоў-кармелітаў глыбоцкага кляштара, якія заклікалі да ўдзелу ва ўзброенай барацьбе, дапамагалі грашамі паўстанцам, хавалі іх ад арышту, асудзілі.
Адзін з удзельнікаў паўстання, Фалькоўскі, дажыў да ўтварэння польскай незалежнай дзяржавы і ў 1920-я гады карыстаўся вялікай павагай у асяроддзі глыбоцкіх палякаў, мясцовых улад як ветэран паўстання 1863—64 гг.
У сувязі з паўстаннем 1863—1864 гг. у Польшчы, Літве і на Беларусі царскі ўрад пайшоў на пэўную карэкціроўку папярэдніх указаў адносна адмены прыгоннага права. Паводле ўказа ад 2 чэрвеня 1863 г. ўсё сялянства Беларусі з 1 студзеня 1864 г. пераводзілася на абавязковы выкуп зямлі, часоваабавязанае становішча ліквідавалася. Вышэйшы падушны надзел вызначаўся ў 4—5 дзесяцін, ніжэйшы — 1,6 дзесяціны.
Асоба М. М. Мураўёва. 15 мая 1831 года прыехаў у Глыбокае магілёўскі губернатар М.М.Мураўёў (1796—1866), удзельнік Айчыннай вайны 1812 г., ён шаснаццацігадовым юнаком у складзе рускай арміі праз Відзы адступаў пад націскам напалеонаўскіх захопнікаў.
Пад старшынствам М.М.Мураўёва пачала працаваць камісія ваеннага суда. На допыт было дастаўлена каля тысячы чалавек. Дапытвалі днём і ноччу, Мураўёў дзейнічаў рашуча і жорстка. Гэтая камісія была размешчана ў будынку кармеліцкага кляштара (паўднёвая частка царквы). Будынак кляштара стаў месцам чалавечых пакут і слёз. У літаратуры розных часоў шмат напісана пра метады вядзення следства, якія выкарыстоўваў Мураўёў, празваны ў народзе «вешальнікам». 24 мая адсюль у Дзінабургскую крэпасць былі адпраўлены першыя вязні (22 чалавекі). Былі заведзены 172 судовыя справы, якія і цяпер захоўваюцца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Літвы ў Вільнюсе. 59 тамоў зберагаюць памяць пра тыя даўнія падзеі, якія мелі месца і ў нашым краі. У 1831 г. з Глыбокага Мураўёў быў пераведзены на пасаду губернатара г. Гродна. У 1863 г. яму зноў давялося пабыць некалькі дзён у Глыбокім у час задушэння паўстання пад кіраўніцтвам Каліноўскага. Маёмасць паўстанцаў забіралася ў казну. Канфіскаваныя землі раздаваліся рускім чыноўнікам. Былі праведзены меры на паслабленне польскага ўплыву, актывізаваўся працэс русіфікацыі Беларусі. Быў закрыты Віленскі універсітэт, у школах і вучылішчах забаронена польская мова. У 1832 г. былі закрыты вучылішчы ў Лужках і Беразвеччы, дзе навучаліся дзеці памешчыкаў, шляхты з розных паветаў Беларусі, Літвы і Латвіі. У 1839 г. царкоўны сабор у Полацку прыняў рашэнне аб уз'яднанні уніяцкіх цэркваў з праваслаўнымі. Кармеліцкі кляштар і касцёл праіснавалі да 1865 г., а потым былі закрыты. У 1878 г. будынак касцёла пераасвячоны пад праваслаўную царкву, а бібліятэка з 3 000 кніг аддадзена Віленскаму музею старажытнасцей. Кляштарныя архівы кармелітаў былі вывезены ў Санкт- Пецярбург, дзе захоўваюцца і цяпер. Забаранялася выкарыстоўваць словы Беларусь, Літва. Гэта тэрыторыя атрымала назву Паўночна-Заходні край.
|