Каталог Артыкулаў

Главная » Статьи » Артыкулы

24 Урок. Рыжскі мірны дагавор і лёс Глыбоччыны. Уваходжанне ў склад БССР

24 Урок. Рыжскі мірны дагавор і лёс Глыбоччыны. Уваходжанне ў склад  БССР

 

У саставе  Польскай дзяржавы.

18 сакавіка 1921 г.  - падпісанне Рыжскага мірнага дагавора паміж РСФСР і Украінай з аднаго боку і Польшчай  - з другога.  Да Польшчы адышла значная частка тэрыторыі Беларусі.  Дзісна стала парубежным горадам. Дзяржаўная граніца праходзіла па фарватары Заходняй Дзвіны, ад яе за 800 м стаяла дзісенская пагранзастава, якая знаходзілася за 69 км ад Глыбокага. Далей на поўдзень лінія кардона праходзіла каля в.Ветрына, на ўсход ад вёсак Язна, Празарокі, уздоўж Галубіцкай пушчы,на ўсход ад Докшыц каля в.Камайск, Восава, Гняздзілава. Такім чынам, Глыбоччына стала прыгранічнай зонай, а сам горад ад нейтральнай паласы знаходзіўся за 25-27 км. Сама Польшча была падзелена на дзве часткі: на Цэнтральную Польшчу А і Польшчу Б , так званыя "крэсы ўсходне” (усходнія ўскраіны), у якія ўваходзіла і Заходняя Беларусь. У эканамічных адносінах Заходняя Беларусь была адсталай ускраінай, аграрным прыдаткам Польшчы А. Заработная плата ў Заходняй Беларусі была амаль у 2 разы ніжэй. За гады ўваходжання ў склад Польскай дзяржавы прамысловая вытворчасць у Заходняй Беларусі скарацілася ў параўнанні з 1913г. на 40 %. Беларусы праваслаўнага веравызнання не мелі права займаць пасады ў дзяржаўных установах, арміі. У дзяржаўных установах забаранялася размаўляць на беларускай мове.  Вялікую ўвагу польскія ўлады звярталі на школы. У першыя ж гады яны дасылалі настаўнікаў на курсы польскай мовы і перападрыхтоўку ў Кракаў. У сярэдзіне 1920-х гадоў усе беларускія і рускія школы былі закрыты, а выкладанне ў школах было пераведзена на польскую мову. Было забаронена выданне газет і кніг на беларускай мове. У Глыбокім была адкрыта гімназія і агульнаадукацыйная сямігадовая школа. Паводле  перапісу насельніцтва ў 1921 годзе на тэрыторыі Дзісенскага павета, адміністрацыйны цэнтр якога знаходзіўся ў Глыбокім, пражывала 84 307 беларусаў, што складала 56,4% усяго насельніцтва. У 1922 г. адбыліся першыя выбары ў польскі сейм і сенат. Выбраныя ў сейм дэпутаты называліся пасламі. Адзінаццаць паслоў ад беларускіх зямель утварылі "Беларускі пасольскі клуб”, з якога ў 2-й палавіне 1923 г. вылучылася левае рэвалюцыйна-дэмакратычнае крыло ў складзе Б.Тарашкевіча, С.Рак-Міхайлоўскага, П.Мятлы, П.Валошына. У 1930 годзе ў трэці раз праводзіліся выбары ў польскі сейм. Прэзідэнт Польшчы Юзаф Пілсудскі ў суправаджэнні вялікай групы афіцэраў у рамках выбарчай кампаніі прыбыў у г.Глыбокае. З нагоды яго прыбыцця пры ўездзе ў горад была збудавана святочная аздобленая брама. Гэты візіт садзейнічаў прыцягненню галасоў выбаршчыкаў у карысць Ю.Пілсудскага.

Грамадскае жыццё. У ліпені 1925 г. была створана Беларуская сялянска- рабочая грамада - масавая легальная арганізацыя нацыянальна- вызваленчага характару. Яе кіраўнікамі былі Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Мятла, Валошын. У праграме Грамады былі патрабаванні рэвалюцыйна-дэмакратычных пераўтварэнняў, свабоды нацый, канфіскацыі зямель памешчыкаў. Грамада аб’яднала бяднейшых і сярэдніх сялян, гарадскую беднату і прагрэсіўную інтэлігенцыю. У дзісенскім павеце ў чэрвені-лістападзе 1926 г. было створана 138 гурткоў Грамады, якія аб’ядноўвалі 9980 членаў. Першы гурток Грамады быў створаны 21 чэрвеня 1926 года ў Празароках, яго ўзначаліў М.Нікіфароўскі. 15 жніўня 1926 г. на з’ездзе БСРГ у Глыбокім быў створаны павятовы камітэт Грамады, старшынёй якога быў выбраны Міхась Нікіфароўскі, сакратаром - Архіп Цяліца, скарбнікам - Сцяпан Стоцік. Дзейнічала на Глыбоччыне і Таварыства беларускай школы (ТБШ), якое стварала гурткі самаадукацыі, бібліятэкі-чытальні, перасоўныя бібліятэкі. Ідэя адраджэння роднай школы на мове "матчынай” і з дапамогай настаўнікаў, агульны культурна-асветніцкі ўздым, прапаганда ведаў былі асноўнай мэтай таварыства. Усяго ў Дзісенскім павеце было адкрыта 7 школ. 6 мая 1928 г. у Глыбокім на вуліцы Ломжынскай, 56, адбыўся агульны сход прадстаўнікоў глыбоцкай акругі ТБШ, у якім прынялі ўдзел 24 чалавекі, іх фотаздымак быў змешчаны ў "Беларускім календары” за1929 год. Польскія ўлады закрывалі ўправы таварыства, бібліятэкі, арыштоўвалі і судзілі кіраўнікоў таварыства. У 1928 - ліпені 1930 г. была забаронена дзейнасць 6 акруговых упраў і больш за 300 гурткоў, колькасць членаў ТБШ скарацілася ўтрая. Да 1933 г. на тэрыторыі Заходняй Беларусі ўжо не існавала беларускіх школ. На шлях барацьбы за родную мову і адраджэнне беларускасці паўставалі такія людзі як паэт А.Дубровіч і мастак Я.Драздовіч. У кастрычніку 1923 г. была створана Камуністычная партыя Заходняй Беларусі як састаўная аўтаномная частка адзінай Кампартыі Польшчы. Як і ўся КПП, КПЗБ змагалася за перамогу пралетарскай рэвалюцыі ў Польшчы, за ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і перадачу зямлі сялянам без выкупу, за права на самавызначэнне Заходняй Беларусі аж да аддзялення ад Польшчы і ўз’яднанне з БССР. Глыбокае ўваходзіла ў сферу дзейнасці Глыбоцка-Пастаўскага акруговага камітэта КПЗБ. Дзейнічала арганізацыя КПЗБ і ў Глыбокім. Найбольш актыўнымі яе членамі былі Х. і М.Крэйнісы, Зубовіч, А.Міхасёнак. Яны займаліся распаўсюджаннем падпольнай літаратуры, праводзілі тайныя сходы. Эканамічная няроўнасць, сацыяльная і нацыянальная заняволенасць дапаўняліся  палітычным бяспраўем мас. Тайная палітычная паліцыя (дэфензіва)  працавала кваліфікавана, аператыўна, мела шырокую сетку паведамляльнікаў, былі паведамляльнікі і ў Глыбокім. У сярэдзіне 1930-х гадоў дэфензіва правяла масавыя арышты сярод падпольшчыкаў Глыбоцка-Пастаўскага акруговага камітэта КПЗБ. У 1930-я гады на Глыбоччыне актыўна развівалася краязнаўства, краязнаўцы выдавалі часопіс "Зямля Дзісеньская” на польскай мове. Сярод  аўтараў - Язэп Драздовіч, асноўная заслуга краязнаўцаў - выданне ў 1935 г. кнігі О.Гедэмана "Глыбокае”.

 

Эканамічнае развіццё. У 1927 г. Глыбокае мела статус горада, тут было 5612 жыхароў, знаходзілася адміністрацыя Глыбоцкай гміны, усе органы ўлады Дзісенскага павета, тры банкаўскія ўстановы: філіял Віленскага сельскагаспадарчага прамысловага банка, Дзісенскі павятовы банк, Яўрэйскі народны банк. Выходзіла штодзённая газета "Glos Dzisnienski” ( "Голас Дзісненскі”), працавала друкарня. У гандлёвай сферы дзейнічала таварыства польскіх купцоў, працавалі рыбалавецкае, дабрачыннае таварыствы, некалькі кааператываў. Рынак працаваў тры дні на тыдзень: у панядзелак, чацвер, пятніцу. Збожжам гандлявалі ў горадзе 42 купцы, скупляючы яго ў насельніцтва оптам.  Цана на жыта на працягу некалькіх гадоў трымалася стабільна: 2 злотыя за пуд. Продаж розных тавараў вялі шматлікія крамы і магазіны, толькі на продажы галантарэі спецыялізавалася 80 крам, дзе манаполію трымалі яўрэйскія купцы. Напрыклад, у Празароках дзейнічала 22 крамы, 21 крама належыла яўрэўскім купцам, 1 - беларусу, які гандляваў коньмі і вупражжу. Газай і бензінам гандлявалі на Глыбоччыне фірма "Галіцыя” і канцэрн "Мазут”. Была наладжана вытворчасць цукерак ( 2 цукерні), пашыў шапак, выраб скур (4 гарбарні), працавалі прыватныя краўцы, шаўцы. У 1936 годзе ў Глыбокім быў пабудаваны буйны мясакамбінат, пачаў працаваць генератар гарадской электрастанцыі. У наваколлях Глыбокага абаснавалася 36 буйных землеўладальнікаў. Г.Граўз у в.Акунёва меў 1292 га зямлі, С.Аскерка ў Азярцах  - 966 га, Масальскія ў Глыбокім - 931 га, у Беразвеччы віленскае зямельнае таварыства апрацоўвала 419 га зямлі. Апорай рэжыму былі асаднікі ( удзельнікі савецка-польскай 1919-1920гг.). У Віленскім ваяводстве на кожнага асадніка ў сярэднім прыходзілася 16.5 га зямлі. На Глыбоччыне асаднікаў было больш за 100 чалавек. Частка насельніцтва Глыбокага займалася сельскай гаспадаркай па трохпольнай сістэме. У аграрнай палітыцы польскія ўлады падтрымлівалі памешчыкаў і заможных сялян. Польскія праводзілі ў вёсцы хутарызацыю і адначасова развівалі асдніцкую гаспадарку.  Усеагульны эканамічны крызіс (1929-1933) моцна адбіўся на стане насельніцтва Заходняй Беларусі, падаткі павялічыліся ў тры разы. Найбольш цяжкім з падаткаў быў пазямельны. Да яго далучаліся розныя надбаўкі, у тым ліку 10% надбаўка на экспартныя прэміі буйным землеўладальнікам і гандлярам хлебам. Па Віленскім ваяводстве ў канцы І квартала 1933 г. нядоімкі па дзяржаўных падатках склалі 16 266 злотых, што амаль на 50% перавысіла ўзровень 1929 г. Вясной 1932 г. Дзісенскі павет ахапіла эпідэмія тыфу.   У 1933 г. у  Дзісенскім павеце быў   голад. Па звестках польскага друку, у Пастаўскім, Браслаўскім, Дзісенскім, Свянцянскім і часткова Вілейскім паветах Віленскага ваяводства ў канцы 1933 г. галадала каля 20 тысяч сямей, да сакавіка 1934 г.  - 40 тысяч сямей. Галеча і адчай вялі беларусаў да пошуку работы за мяжой. У 1929 - 1934 гг. З Віленскага, Навагрудскага і Палескага ваяводстваў эмігрыравала 57 600 чалавек. У 1930-я гады на Глыбоччыне вялося будаўніцтва брукаваных гасцінцаў. Паколькі яны мелі стратэгічнае значэнне, будавалі надзейна і хутка.

25012012180.jpg

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

               1934 год. Глыбокае. Дажынкі. Дэлегацыя Празароцкай гміны.

 

Уваходжанне ў склад СССР і БССР. 23 жніўня 1939 года паміж СССР і Германіяй быў заключаны дагавор аб ненападзе. Згодна сакрэтнаму пратаколу да гэтага дагавора Заходняя Беларусь трапляла ў зону ўплыву СССР. 1 верасня 1939 г. Германія аб’явіла вайну Польшчы. 17 верасня 1939 г. Чырвоная Армія ўступіла ў межы Заходняй Беларусі. Як толькі чырвонаармейцы занялі Глыбокае, быў прызначаны ваенны камендант горада. 19 верасня стала працаваць Часовае ўпраўленне - адміністрацыйная ўлада Глыбоцкага павета. Пачало яно сваю дзейнасць з прадуктовых пытанняў і гандлю. На гэты час у Глыбокім быў развіты кустарна-гарбарны промысел, 2 заводы па перапрацоўцы льнанасення, ільназавод, 2 невялікія друкарні, 2 эектрастанцыі, 4 млыны, 14 невялікіх хлебапякарняў, кааператывы "Сполым”, "Рольнік”. Гандляры на словах ухвалялі прыход Саветаў, аднак тавары хавалі, паколькі не былі ўпэўненыу трываласці новай улады. З гэтага часу вялікія чэргі ў крамах сталі пастаяннымі. Новыя гарадскія ўлады выдалі загад гандляваць з 9 да 19 гадзін (цэны не павінны былі перавышаць тыя, што былі 15 верасня), абменьваць 1 злоты на 1 рубель, хлебапякарням выпякаць па 300 кг хлеба штодзень, каб забяспечыць 10 000 насельніцтва 0.5 кг на чалавека. Дзелавая актыўнасць насельніцтва адыходзіла ў падполле з-за небяспекі экспарпрыяцыі маёмасці і капіталаў. У Глыбокім праходзілі масавыя мерапрыемствы і народныя гулянні. 19 верасня выступаў ансамбль народных танцаў СССР. Канцэрт скончыўся здравіцамі ў гонар Сталіна і Варашылава, у фінале прагучаў "Інтэрнацыянал”. 25 верасня пачала выходзіць газета "За свабоднае жыццё”. 3 лістапада газета змясціла справаздачу : "Для забеспячэння насельніцтва Глыбокага таварамі першай неабходнасці з Савецкай Беларусі завезена 27 вагонаў солі, вагон папірос, некалькі кілаграмаў махоркі, некалькі дзесяткаў скрыняў запалак і 3 тоны газы”. 22 кастрычніка 1939 года адбыліся выбары ў Народны сход Заходняй Беларусі. Праз тыдзень у Беластоку Народны сход аб’явіў аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. З прыходам новай улады жыхары Глыбоччыны маглі ўвачавідкі пераканацца ў тым, якімі метадамі яна будуе новае грамадства. Чуткі аб рэпрэсіях у БССР неаднойчы даходзілі, рэпрэсіі супраць насельніцтва заходніх абласцей пачаліся ўжо з 1939 г. Галоўныя элементы плана па будаўніцтву новага грамадства былі наступнымі. Першым звяном плана было заваяванне неабмежаванай палітычнай улады, таму і першымі ахвярамі сталі прадстаўнікі польскай адмінністрацыі незалежна ад іх канкрэтнай віны, а таксама польскія ваеннапалонныя, асаднікі.  Яны не былі  асуджаны  нават суб’ектыўным сталінскім судом, іх вывозілі па прыгаворах ваенных трыбуналаў. Але заваяванне палітычнай улады было недастатковым, таму пачалася эканамічная вайна супраць "апоры капіталізму” у вёсцы  - заможных сялян. Частка іх, якіх раней адносілі да кулакоў (сяляне, што мелі больш за 20 га зямлі і наёмных рабочых, ці тых, хто здавалі зямлю ў арэнду), былі абвешчаны памешчыкамі і вывезены; тыя, хто меў да 20 га зямлі і апрацоўваў яе сам ці з дапамогай родзічаў, былі названы кулакамі і сасланы ў Сібір. "Лішкі” зямлі больш за 12 га на гаспадарку былі абрэзаны і раздадзены малазямельным сялянам. У калгасы ішлі ахвотна бедныя сяляне, "сераднякі” цяжка ўспрымалі неабходнасць аддаць у агульнае карыстанне сваю жывёлу і зямлю. Восенню 1939 г. на Глыбоччыне было арганізавана 11 калгасаў. 15 студзеня 1940 г. у складзе Вілейскай вобласці былі ўтвораны Глыбоцкі і Пліскі раёны. У Глыбоцкі раён увайшлі гарадскі і 9 сельскіх саветаў: Абрубскі, Верхнянскі, Дзеркаўшчынскі, Залескі, Капыльшчынскі, Літоўшчынскі, Лучайкаўскі, Мамайскі, Тумашэўскі, Узрэцкі - усяго 7440 двароў і 37 740 жыхароў. У Пліскім раёне было 18 сельсаветаў: Асінаўскі, Астроўскі, Валодзькаўскі, Верацейскі, Галубіцкі, Драбаўшчынскі, Зашчаслянскі, Каралевіцкі, Кукроўскі, Кульгайскі, Лужкоўскі, Міцькоўскі, Пліскі, Празароцкі, Прошкаўскі, Свільскі, Стральцоўскі, Углоўскі.  Няпростым было ў тыя дні жыццё: людзям прыходзілася прыстасоўвацца да сёмай па ліку ўлады за 23 гады. Радасць і гора, страх і надзеябылі разам у іх жыцці. Іяшчэ адчуванне пастаяннай трывогі: набліжалася вайна.

Категория: Артыкулы | Добавил: evgeniy_cherkes (02.03.2014)
Просмотров: 1076 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Форма ўвахода
Катэгорыі раздзела
Артыкулы [91]
Карысныя рэсурсы



Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь



Нацыянальная бібліятэка
Беларусі



Турызм у Беларусі


  Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт



Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны



Дзень беларускага пісьменства

Пошук


Надвор'e у Глыбокім

Статыстыка

Aнлайн yсяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0