Каталог Артыкулаў

Главная » Статьи » Артыкулы

28 Урок. Пасляваеннае аднаўленне гаспадаркі раёна. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Глыбоцкага раёна ў 1970-я – 1990-я гады.

28 Урок. Пасляваеннае аднаўленне гаспадаркі раёна. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Глыбоцкага раёна ў 1970-я – 1990-я гады.

 

Развіццё прамысловасці, гандлю і транспарту. Асноўныя этапы пасляваеннай гісторыі  Глыбоччыны намеціліся пасля 3 ліпеня 1944г. Менавіта ў гэты дзень Глыбокае было вызвалена ад фашысцкай навалы. Галоўнай задачай жыхароў горада і раёна ў гэты час стала аднаўленне ўшчэнт разбуранай гаспадаркі.      

Гістарычная даведка. Страты, нанесеныя гітлераўцамі, былі вельмі цяжкія. У 1941г. у Глыбокім было 1124 двары, а ў 1944г. – толькі 357, гэта значыць, было знішчана 2/3 жылога фонду. Больш як у 3 разы скарацілася і колькасць насельніцтва райцэнтра – было знішчана больш за 5800 чалавек. У фашысцкую няволю з Глыбокага было вывезена 1037 чалавек, да красавіка 1946г. дадому вярнуліся толькі 460 глыбачан. У Глыбоцкім раёне за гады акупацыі былі знішчаны 10133 мірныя жыхары.

Нягледзячы на страты, панесеныя ў час вайны, паступова сталі аднаўляць работу прадпрыемствы і арцелі, установы горада. Ужо да канца ліпеня 1944г. пачалі працаваць райпрамкамбінат, мылаварны завод, райспажыўсаюз, кантора па нарыхтоўцы лёну, лінейнатэхнічны вузел сувязі, скураны і лесапільны заводы, лясніцтва, гарадская электрастанцыя, швейная, абутковая арцелі, мясакамбінат, машынна-трактарная станцыя, бальніца.

У 1945г. налічвалася ўжо 34 арганізацыі і ўстановы, сярод якіх – рэдакцыя газеты "За свабоднае жыццё”, турма НКУС, цырульня, пажарная ахова і іншыя.

Напярэдадні 5-й гадавіны з дня вызвалення Глыбокага ў райцэнтры было закончана будаўніцтва кансервавага завода. Завод пачаў выпуск кансерваў з ягад, садавіны і гародніны. У год выпускалася 360 тысяч слоікаў кансерваў.

У 1949г. у Плісе было закончана будаўніцтва механізаванага маслазавода.

У 1950-я гады Глыбоцкі раён праславіўся як цэнтр ільнаводства на паўночным захадзе Беларусі. У 1954г. раён стаў удзельнікам ВДНГ СССР у Маскве. У Беразвеччы была створана доследная станцыя, якая вяла навуковыя даследванні па вывядзенні высокаўраджайных сартоў канюшыны і лёну.

Паступова развівалася і сетка кааператыўнага гандлю.

Ужо ў 1948г. глыбоцкія кааператары прадалі насельніцтву тавараў на суму 10 мільёнаў рублёў, мелі базу рэалізацыі з 48 магазінаў і гандлёвых кропак, вялі нарыхтоўку грыбоў і ягад, закупку прадуктаў у насельніцтва, трымалі сваю дапаможную гаспадарку.

За гады 5-й (1951-1955 гг.) і 6-й (1956-1960 гг.) пяцігодак прамысловасць раёна працягвала развівацца. Сярэднегадавыя тэмпы росту валавай прадукцыі ў 6-й пяцігодцы склалі 112,8 %. У 1960г. у прамысловасці было занята 1749 чалавек.

Пасляваенны аднаўленчы працэс патрабаваў бесперабойнай работы транспарту. Аднак перавозкі скоўваліся разбітымі дарогамі. Таму райвыканком давёў план па рамонце дарог кожнай гаспадарцы, кожнаму населенаму пункту.                                                         Напрыканцы першага пасляваеннага дзесяцігоддзя у Глыбокім пачалося развіццё новага віда пасажырскага транспарта – з’явілася некалькі аўтобусаў. А з лета 1955г. стаў працаваць рэгулярны міжгародні аўтобусны маршрут Глыбокае-Мінск.

У наступныя гады ўдасканальвалася і далей развівалася прамысловасць раёна. Так, на Глыбоцкім кансервавым заводзе ў 1954г. была асвоена лінія па вытворчасці сокаў. Выпускалася каля 50 відаў прадукцыі. Пасля рэканструкцыі 1964-1966гг. быў здадзены кансервавы цэх магутнасцю 16,6 мільёнаў слоікаў кансерваў. Прадукцыя з маркай Глыбоцкага кансервавага завода адпраўлялася на крайнюю Поўнач, на Кубу, у ГДР, Канаду, Непал, Англію і іншыя краіны свету. У 1966г. быў пабудаваны таксама Глыбоцкі піўзавод.

Найбольш плённай для прамысловасці раёна была 9-я пяцігодка (1971-1975 гг.), калі ўступілі ў строй 2 буйныя прадпрыемствы – малочнакансервавы камбінат і камбікормавы завод.

Малочнакансервавы камбінат у Глыбокім пачаў узводзіцца ў 1966г. Першую варку згушчонага малака з цукрам правялі 30 снежня 1971г. У студзені 1972г. камбінат быў уведзены ў эксплуатацыю, а ў ліпені таго ж года ўведзена другая чарга па вырабе згушчонага малака без цукру. Вялікая ўвага надавалася тэхнічнай аснашчанасці. Ужо на той час гэта было адно з буйнейшых прадпрыемстваў у краіне. З цягам часу ўдзельная вага вытворчасці камбіната склала больш за 45 % у агульным аб’ёме прамысловай прадукцыі Глыбоцкага раёна. Магутнасць камбіната разлічана на перапрацоўку 1000 тон малака ў суткі.

У 1973г. уведзены ў эксплуатацыю камбікормавы завод, які спецыялізаваўся на вытворчасці рассыпных і грануляваных камбініраваных кармоў. Першапачатковая магутнасць завода планавалася на 315 тон кармоў у суткі. У 1994г. магутнасць склала 840 тон кармоў у суткі.

У 1974г. быў пабудаваны хлебазавод з праектнай магутнасцю 32 тоны хлебабулачных вырабаў шырокага асартыменту і 60 тон жытнёвага фармавога хлеба.

Плённа працаваў у гэтыя гады і Глыбоцкі мясакамбінат, пераважны аб’ём сыравіны якога сталі складаць крупная рагатая жывёла і свінні. У сувязі з ростам вытворчых магутнасцей, а таксама з-за зношанасці абсталявання з канца 1980-х гадоў на мясакамбінаце пачалася рэканструкцыя, па маштабах раўназначная будаўніцтву новага прадпрыемства. У1986г. Глыбоцкі мясакамбінат быў узнагароджаны ордэнам "Знак Пашаны”.

 

Становішча ў сельскай гаспадарцы. Пасля вызвалення Глыбоччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вельмі складанай была сітуацыя ў сельскай гаспадарцы. Адбывалася калектывізацыя заходніх абласцей, уз’яднаных з БССР у 1939г. Перад самай вайной на Глыбоччыне было створана вельмі мала калгасаў. Тым не менш, ужо ў ліпені 1944г. былі адноўлены саўгас "Азярцы”, калгас імя Молатава ў вёсцы Пятроўшчына, калгас "1 Мая” у вёсцы Узрэчча. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі Глыбоцкага раёна была завершана ў 1950г. Пасля ўзбуйнення дробных гаспадарак у раёне дзейнічалі 66 калгасаў і 1 саўгас. Яны спецыялізаваліся на малочна-мясной жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых культур і бульбы.

Пасля вайны на вёсцы ствараліся розныя вытворчыя прадпрыемствы. Так, у вёсках Падгаі і Арэхаўна былі створаныя цагельныя заводы, у апошняй і торфазавод; у вёсцы Сарокі запрацаваў вапнавы завод, у Кашталянаўшчыне – млын.

У 1955-1957гг. у калгасах Глыбоцкага раёна ўпершыню сталі асвойвацца шляхі ўкаранення пабрыгаднага ўнутрыгаспадарчага разліку, асноўнай і дадатковай аплаты ў залежнасці ад выканання гаспадарча-разліковых заданняў брыгадамі, фермамі, звёнамі. Першымі паказалі метад гаспадарчага разліку калгасы імя Калініна, "Новы шлях”, "За Радзіму”, "Перамога”. На іх узор пачалося масавае ўкараненне гаспадарчага разліку і яго ўдасканаленне ва ўсіх калгасах раёна. Павышалася матэрыяльная зацікаўленасць працаўнікоў вёскі ў выніках сваёй работы, узрастаў іх дабрабыт. Добрыя вытворчыя паказчыкі былі ў калгасаў "Перамога”, "17 Верасня”, "Зара”, "За Радзіму”, імя Калініна, імя Чапаева, "Парыжская камуна”, імя Сталіна. Да прыкладу, у 1960-я гады ўраджайнасць зерневых узрасла ў 3 разы, а прадукцыйнасць малочнай жывёлагадоўлі – у 6 разоў.

На вёсцы вялося актыўнае будаўніцтва жылля, жывёлагадоўчых памяшканняў, клубаў, школ, магазінаў. Для абслугоўвання гаспадарак былі створаны Глыбоцкая і Падсвільская міжкалгасныя будаўнічыя арганізацыі, перасоўная механізаваная калона, аб’яднанні райсельгасхіміі і райсельгастэхнікі.   

Былі пабудаваныя вялікія жывёлагадоўчыя комплексы па адкорме буйнай рагатай жывёлы ў калгасе імя Свярдлова і саўгасе імя Ціміразева, свінагадоўчы комплекс "Маліноўшчына” у калгасе "Герой працы”, комплекс па вырошчванні цялушак для ўзнаўлення статка ў калгасе імя Калініна, авечкагадоўчы комплекс у калгасе імя Чкалава. Створаныя спецгасы па вырошчванні сартавога насення збожжавых культур у калгасах "17 Верасня”, "За Радзіму”, "Кастрычнік”, саўгасе "Азярцы”, траў – у калгасах імя Кірава і імя Чапаева, спецгас па агародніцтве ў саўгасе імя Энгельса.

Дзякуючы вялікай дапамозе з боку дзяржавы ў канцы 1980-х гадоў у раёне не было нерэнтабелльных гаспадарак. Працаўнікі калгасаў і саўгасаў максімальна забяспечылі выкананне планаў продажу сельскагаспадарчай прадукцыі дзяржаве.

 

 

Змены ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні. Далучэнне Пліскага раёна. Пасля вайны адбываюцца таксама змены ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні. У студзені 1954г. была скасаваная Полацкая вобласць. Старажытны Полацк перавялі ў разрад райцэнтра. Глыбокае ўвайшло ў склад Маладзечанскай вобласці.

У 1960г. да Глыбоцкага раёна быў далучаны Дунілавіцкі. А ў снежні 1962г. адбылося яшчэ адно ўзбуйненне Глыбоцкага раёна за кошт часткі тэрыторыі былога Пліскага раёна.       

Вывады: Пасляваеннае аднаўленне гаспадаркі Глыбоцкага раёна адбылося ў надзвычай сціслы тэрмін дзякуючы руплівай і самаадданай працы яго жыхароў. Ва ўсіх сферах вытворчасці людзі старанна працавалі. Пасля перамогі ў самай цяжкай з войнаў яны здзейснілі яшчэ адзін подзвіг – працоўны. Глыбоччына паступова ператваралася ў квітнеючы край. Ствараліся новыя прамысловыя прадпрыемствы, вядомыя ў межах усёй краіны, працаўнікі сельскай гаспадаркі максімальна забяспечвалі дзяржаву сваёй прадукцыяй. 


Категория: Артыкулы | Добавил: evgeniy_cherkes (02.03.2014)
Просмотров: 857 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Форма ўвахода
Катэгорыі раздзела
Артыкулы [91]
Карысныя рэсурсы



Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь



Нацыянальная бібліятэка
Беларусі



Турызм у Беларусі


  Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт



Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны



Дзень беларускага пісьменства

Пошук


Надвор'e у Глыбокім

Статыстыка

Aнлайн yсяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0