1) Віды культавых камянёў
На
тэрыторыі Беларусі захавалася звыш 200 культавых (сакральных) камянёў
(валуноў). Некаторыя з іх атаясамліваюцца з людзьмі, акамянелымі за працу на
Вялікдзень, або з вяселлямі, якія нібыта сустрэліся з лютым змееем і былі ім
пракляты. Па паданнях пад аднымі камянямі закапаны скарбы, каля другіх у поўнач
скача "нячыстая сіла”. Многія камяні ў народзе лічацца лекавымі.
У археалагічнай навуцы ўсе
культавыя камяні падзяляюцца на віды:
-
камяні з надпісамі (валуны з высечанымі
імёнамі, старажытнахрысціянскімі выразамі);
-
камяні з паглыбленнямі (валуны з натуральнымі альбо
зробленымі чалавекам выемкамі і паглыбленнямі розных форм);
-
камяні са знакамі (валуны, на якія нанесены
разнастайныя па форме і памерах крыжы, крыжы ў спалучэнні з літарамі і
надпісамі);
-
камяні "чортавы” (валуны, з якімі звязаны
народныя павер’і пра чорта, напрыклад, чорт нёс камень, каб ім разбіць божы
храм);
-
камяні-краўцы (валуны, якія, паводле паданняў, самі
шылі адзенне (боты) або з’яўляліся хатай краўца (шаўца), праклятых за тое, што
працавалі ў святочны дзень);
-
камяні-следавікі (валуны з поўнасцю ці
часткова выбітай выявай слядоў чалавека або розных жывёл ці міфічных істот).
Культавыя валуны – гэта каштоўныя крыніцы вывучэння духоўнай культуры,
палеаграфіі і мастацтва ў шырокім храналагічным дыяпазоне ад неаліту да нашых
дзён. Маючы ледавіковае паходжанне, гэтыя помнікі з’яўляюцца матэрыяльнымі
сведкамі развіцця агульначалавечай цывілізацыі.
2) Культавыя камяні Глыбоччыны
"ЧОРТАЎ КАМЕНЬ”
Каля в. Вялец Пліскага
сельсавета ляжыць ружовага граніту камень, які мясцовыя жыхары называюць
"чортаў” камень. Памеры яго 3,55м на
1,75м, вышыня 0,8 м.
На камяні захавалася каля 30 ямак дыяметрам 5-6 см і глыбінёй каля 3 см. Сценкі ямак загладжаныя, адшліфаваныя і,
відавочна, узніклі ад вярчэння трывалых прадметаў.
Паводле аднаго падання, на
каменні скакаў і кружыўся чорт, і ад яго пятак утварыліся такія ямкі. Паводле
іншага падання, гэты камень падабраў чорт і хацеў ім разбурыць касцёл. Валуны
з падобнымі ямкамі вядомы ў Прыбалтыцы, Карэліі і Фінляндыі. Лічылася, што
максімальная ўсходняя мяжа пашырэння такіх камянёў праходзіла раней па
тэрыторыі Латвіі і Літвы. Цяпер тэрытарыяльна вялецкі «чортаў» камень
сярод падобных валуноў самы паўднёва-ўсходні. Спецыялісты сцвярджаюць, што
ямкі ў камяні былі створаны чалавекам прыкладна за 2—2,5 тысячы гадоў таму
назад у час абрадаў пакланення продкам, сонцу або багам урадлівасці. Перад увядзеннем хрысціянства
хутчэй за усё камень звязвалі з культам бога
статка Вялесам.
На камяні захавалася 33 ямкі глыбінёй каля 3 см, дыяметрам 5-6 см. Сценкі ямак гладкія,
адшліфаваныя, відавочна ўзніклі ад вярчэння трывалых прадметаў. Паводле аднаго
падання на камені скакаў і круціўся чорт і ямкі ўтварыліся ад яго пятак.
Паводле іншага падання, гэты камень падабраў чорт і хацеў ім разбурыць касцёл.
"ПЕРУНОЎ” КАМЕНЬ
Каля в. Папялы Ломашаўскага
сельсавета ў густым забалочаным лесе ляжыць валун з шэрага граніту пад назвай
«перуноў» камень. У плане ён мае трапецападобную форму, памерам
1,65x1,2 м, вышынёй 0,85 м.
Па паверхні валуна праходзіць груба высечаная
баразна, якая арыентавана па лініі захад-паўночны захад. Некалі тут рос
магутны дуб. Яшчэ ў нядаўнія часы каля яго маліліся людзі.
Паводле падання, на
бліжэйшых могілках стаяў храм, які потым праваліўся ў зямлю. Камень быў
прысвечаны славянскаму і балцкаму богу навальніцы Перуну.
ВАЛУН З РУЖОВАГА ГРАНІТУ
Валун
з ружовага граніту памерам 5,45 х 3,2
м, вышынёй 1,25 м ляжыць каля в. Багушэвічы Празароцкага
сельсавета побач з засценкам Бортнікі і з'яўляецца самым вялікім сярод тых, што зарэгістраваны ў раёне.
Існуе паданне, што яго восі
накіраваны на месца, дзе на глыбіні 30 футаў закапана 6 бочак з каштоўнасцямі на
7 мільёнаў франкаў. Гэтыя каштоўнасці быццам былі нарабаваны салдатамі
французскай арміі ў час вайны 1812
г. Усяго бочак было сем, але адну салдаты разбілі і
каштоўнасці распіхалі па кішэнях.
КАМЕНЬ "З РЫБКАМІ”
Паблізу
ад гэтай жа вёскі, за 0,5 км
на захад ад былога хутара Пацэвічаў, у хмызняку захаваўся валун ружовага
граніту памерамі 1,95х 1,5 м,
вышынёй 1,3 м,
які мясцовыя жыхары называюць камень "з рыбкамі”. Такая назва дадзена, відаць,
таму, што на бакавой роўнядзі валуна знаходзіцца ўключэнне (ксеналіт) іншай
паводле саставу пароды - шэрага гнейсу ў выглядзе пляскатага эліпса (0,85x0,25
м). Частка гнейсу разбурылася, у выніку чаго ўтварылася паглыбленне, у верхняй
частцы якога выступае яшчэ адзін эліпс меншых памераў. Магчыма, што прыродныя
рысы гэтага ксеналіту былі яшчэ падпрацаваны рукой чалавека так, каб яго выгляд
больш нагадваў рыбу. Лічыцца, што гэтую выяву стварылі французы ў XIX стагоддзі з мэтай адзначыць месца захавання яшчэ аднаго
скарбу. Паводле падання, большая з гэтых рыбак (эліпсаў) паказвае напрамак,
дзе знаходзіцца тое месца і адлегласць да яго, меншая — глыбіню, на якой
закапаны скарб.
ВЯЛІКІ КАМЕНЬ
Пра вялікі
камень каля в. Лаўрынаўка Абрубскага сельсавета захавалася паданне, што пад ім
нейкі старавер нібыта знайшоў скарб. Але зараз ніхто з жыхароў вёскі
нічога
не ведае ні
пра гэты
камень, ні
пра той скарб.
Паводле падання XIX стагоддзя, скарб быў
знойдзены пад каменем каля в. Жабінка
Азярэцкага сельсавета. На ім было паглыбленне
накшталт чашы.
А на камяні, што ляжыць каля в.
Луцк-Мосарскі,
высечана выява шаблі.
"БОЖЫ” КАМЕНЬ
За 1 км на паўночны захад ад в.
Вялікія Давыдкі Галубіцкага сельсавета захаваўся валун ружовага граніту
памерамі 3,3х2,6 м, вышынёй 1,1
м. На бакавой яго паверхні адзначаны ксеналіт-
цёмна-шэрага гнейсу, верхняя частка якога разбурылася, і ўтварылася
паглыбленне (даўжыня 35 см
і глыбыня 2 см),
падобнае на след чалавека. Гэта паглыбленне натуральнае, хоць іншы раз людзі caмi
рабілі
падобныя формы на тых камянях, што трапляліся на межах рассялення плямён.
Апрача межавога значэння слядам надавалі і містычную афарбоўку, у
некаторых месцах іх
і
цяпер называюць «божымі» і носяць да іх
ахвяры.
Вада, якая застаецца ў «слядочку» пасля дажджу, у
народзе лічылася
святой, гаючай.
КАМЕННЫЯ КРЫЖЫ
Ёсць на Глыбоччыне і
каменныя крыжы. Звычай устаноўкі такіх крыжоў простай («лацінскай») формы і
высечаных з вялікіх мясцовых валуноў пашырыўся яшчэ з часоў прыняцця хрысціянства.
Яны ставіліся на месцах былых язычніцкіх капішчаў, пры пабудовах храмаў, на
курганах і пазней на бескурганных могілках, на перакрыжаваннях сухапутных і
водных шляхоў, на ўскраінах вёсак і гарадоў для заступніцтва ад ворагаў і эпідэмій,
на месцах знамянальных падзей. Лічылася, што менавіта каменныя крыжы асабліва аберагаюць
спакой і шчасце людзей. Найбольш выдатным (з тых, што захаваліся) каменным
крыжом з'яуляецца той, што высечаны з шэрага граніту каля в. Пліса. Ён ляжыць
побач са старым Альгердавым трактам («Гасцінец
вялікі»), які ў
16 —17 стагоддзях
злучаў Вільню, Глыбокае, Полацк, Віцебск і Смаленск. Такіх
крыжоў уздоўж
гэтага тракту было шмат.
Захаваліся
каменныя крыжы і на старых могілках каля вёсак Кішы, Бабруйшчына, Перавоз,
Зябкі, Псуя, Шо і інш.