Каталог Артыкулаў

Главная » Статьи » Артыкулы

3 Урок.Тапаніміка і сучаснасць
3 Урок.Тапаніміка і сучаснасць

             Вывучэннем паходжання геаграфічных назваў, іх сэнсавага значэння і распаўсюджвання  займаецца тапаніміка.
Шырокія даследаванні тапанімікі Беларусі распачаты ў 60-ыя гады ХХ стагоддзя. Найбольш вядомыя даследаванні В. А. Жучкевіча. Ім напісана некалькі прац па тапаніміцы, у тым ліку "Тапаніміка Беларусі”, "Кароткі тапанімічны слоўнік”, "Чаму так названа”. 
          Асноўнай уласцівасцю геаграфічных назваў з’яўляецца іх устойлівасць. Таму назвы геаграфічных аб’ектаў з’яўляюцца своеасаблівымі гістарычнымі дакументамі. Яны даюць каштоўныя звесткі пра мінулае і сучаснае жыццё насельніцтва, адлюстроўваюць заняткі людзей у мінулым, іх этнічны склад, гаспадарку, характарызуюць тыпы паселішчаў, тым самым дапамагаюць вывучаць мінулае і сучаснае, духоўнае і матэрыяльнае жыццё народа, нашу гісторыю і геаграфію.
             Групоўка гідронімаў раёна, назваў рэк і азёр, якія ў старажытнасці выконвалі ролю амаль адзіных шляхоў зносін, у раёне найбольш поўна прадстаўлена назвамі, якія адлюстроўваюць глыбіню, велічыню і форму азёр. Напрыклад, Доўгае, Крывое, Круглае, Кулёк, Вялікае, Глыбокае, Глыбачка. З чыстай вадой  чатырох азёр, у тым ліку гідралагічнага заказніка, звязана назва Белае, а таксама возера Вялец (у некаторых крыніцах назва Бялец). Аб багацці жывёльнага свету сведчаць назвы: Акунёва (2), Баброва. Назвы рэк, якія працякаюць праз возера або ўпадаюць у яго, атрымалі азёры Мнюта, Падавута, а  назвы населеных пунктаў, якія ўзнікалі на берагах азёр, захавалі Гулідаўскае, Дзегцяроўскае, Забельскае, Ластавіцкае, Мушкацкае, Пліса, Чачалёўскае, Шылаўскае. З назвамі раслін звязаны назвы рэк Бярозаўка, Аржаніца, Агурнёўка.
             На фарміраванне геаграфічных назваў айконімаў раёна найбольш значны ўплыў аказалі прыродны, гістарычны, этнічны і лінгвістычны фактары. Назвы населеных пунктаў, якія адлюстроўваюць асаблівасці прыродных ўмоў раёна, займаюць больш за 20 % назваў. Напрыклад, Залессе, Загор’е, Запалоўе, Замошша, Задарожжа, Сасноўка, Баравое, Забалоцце, Замхава, Пожанькі, Залеські, Узрэчча, Карчы, Лозіна.
Вялікі пласт назваў звязаны з заняткамі насельніцтва. Гэтыя назвы добра датуюцца. Напрыклад, В.А.Жучкевіч лічыў, што да ХV-ХVІ стагоддзя адносяцца тапанімы, якія сведчаць аб даўно знікшых промыслах (Дзегцяры, Леднікі, Лаўцы, Шубнікі, Мацясы, Скрабатуны, Бондары). Да ХVІ-ХІХ стагоддзяў прымеркаваны тапонімы з больш познімі заняткамі - Рудніца, Ганчары, Ткачэўшчына, Кавалі, Кавалёнкі, Краўцы, Леснікі. Ад пераважаючых у данай мясцовасці дрэў атрымалі назвы Арэхаўна, Ліпава, Сасноўка. Аб асаблівасцях апрацоўкі і ўрадлівасці зямлі сведчаць назвы: Выгары, Барысавы Ляды, Шалушына, Гарохаўе, Папялы, Агурні, Пагарэльшчына, Леснікі, Зарубіна.
             Пра багацце жывёльнага свету даліны ракі Авута гавораць назвы вёсак Ласі, Лісіцы, Ластаўкі, Ласёва, Барсукі, Дразды, Галубы, Бобрыкі, Гарнастаі, Бабруйшчына. 
Шмат назваў населеных пунктаў з’явілася пасля правядзення зямельнай рэформы ў Вялікім княстве Літоўскім у ХVІ стагоддзі. Сярод іх панскія сядзібы з гучнымі назвамі: Дварэц, Двор Узрэчча, Дворыца, Баяры, Ксавер-Двор, Мікуліны Буські і сельскія паселішчы, звязаныя з надзеламі зямель: Абруб, Абруб-Ластавіцкі, Абруб-Беразвецкі, Новае Запалоўе, Новыя Шарабаі. Аб пасяленнях у раёне старавераў сведчаць назвы Русакі, Завулак-Рускі, Русанава, Хрыстова, аб пасяленнях татар – Амбросавічы, Чарневічы, Каралевічы, Галубічы. 
              З этнічнымі групамі насельніцтва звязаны назвы Латышы, Завулак Літоўскі, Крывічы. Тыпам паселішча абумоўлены назвы: Гарадзішча, Слабада, Селішча, Старыца, Завараты, Калячполле, Церасполле. Пад уплывам польскай мовы ўзніклі назвы Кашталянаўшчына, Дзеркаўшчына, Пятроўшчына, Іосіфаўшчына.
З асаблівасцямі транспартных шляхоў звязаны назвы Запруддзе, Праходы, Гатаўшчына, Перавоз, Перадолы. Вялікая група айконімаў пайшла ад асабовых імён першапасяленцаў і ўладальнікаў паселішчаў. Да іх адносяцца Канстанцінава, Васькава, Жыні, Шабаны, Чабаны, Юзафова, Янкава, Барткова, Майсюціна, Юстыянава, Юркава.
             У савецкі час, як не адпавядаючыя палітыцы дзяржавы, былі парайменаваны в. Халуі ў Салаўінае, в. Зашчэсле ва Уражайнае, але захаваліся Гразі, Ліхабалоцце.


Категория: Артыкулы | Добавил: evgeniy_cherkes (16.02.2014)
Просмотров: 2232 | Комментарии: 1 | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Форма ўвахода
Катэгорыі раздзела
Артыкулы [91]
Карысныя рэсурсы



Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь



Нацыянальная бібліятэка
Беларусі



Турызм у Беларусі


  Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт



Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны



Дзень беларускага пісьменства

Пошук


Надвор'e у Глыбокім

Статыстыка

Aнлайн yсяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0