Каталог Артыкулаў

Главная » Статьи » Артыкулы

4 Урок. Легенды, паданні, казкі Глыбоччыны
4 Урок. Легенды, паданні, казкі Глыбоччыны

Глыбоччына – унікальны край. Тут кожны камень дыхае гісторыяй і паданнямі. Многія з іх пакладзены ў аснову паэтычных і празаічных твораў. Прыгадаем легенду "Мамчына горка”. На Залесчыне да нашых дзён захаваліся  рэшткі былой сядзібы  графа Лапаты.

Граф меў вельмі прыгожую дачку  Даруту.  У дзяцінстве яе сваім малаком выкарміла простая сялянка. І ў дальнейшым гэтая жанчына   даглядала і выхоўвала паненку. Была ейнай "мамкай”- карміцелькай. Пасталеўшы, Дарута закахалася ў сына "мамкі” – Янку. Маладыя аберагалі сваё каханне, і ніхто, акрамя Янкавай маці, не здагадваўся, якія пачуцці разгараліся ў юнацкіх грудзях і сэрцы паненкі. А між іншым, бацька Даруты даўно ўжо сачыў за тым, як сталее і прыгажэе яго дачка. Граф меціў сабе ў зяці Тадэвуша Жабу, бо той, хоць і быў стараватым, але ж лічыўся  прэстыжным  жаніхом, багацейшым на Глыбоччыне. Ён зрабіў сабе спадчыну на гандлі лесаматэрыяламі з рыжскімі купцамі.  Пан  Лапата  аб’явіў  Даруце, што мае намер выдаць яе замуж за Тадэвуша. Гнеў ахапіў графа, калі дачка нечакана адмовіла і прызналася, што кахае вясковага хлопца. Лапата  загадаў кінуць Янку з  Дарутай ў падзямелле. Аднак ноччу старая "мамка” выкрала ключы, выпусціла вязняў, і закаханыя ўцяклі.

Раніцай, убачыўшы пусты склеп, пан пусціў у пагоню гайдукоў  з сабакамі. Але   ўцекачоў не знайшлі.

І тады раз’юшаны  гаспадар загадаў расправіцца з няшчаснай жанчынай. "Мамку” адвялі на   высокую гару над возерам, прымусілі выкапаць сабе магілу. Старую скінулі ў яму і закапалі жывой.

З той пары   гэта ўзвышша між вёскай  Загор’е і Бушыкі завецца "Мамчына горка”.

Як расказваюць зараз старыя людзі, у адну з летніх начэй цень "мамкі” блукае па тых мясцінах і ў роспачы заве сваіх дзяцей…

Гэта легенда зацікавіла ў свой час паэта  Міхася Машару і ён напісаў паэму "Мамчына горка”:

"Залессем” зваўся двор Лапаты;

навокал лес сцяной стаяў

і ўзбярэжжаў пышнай шатай

палац і  горку абнімаў.

Так  згадваў у паэме паэт графа Лапату і ўсе падзеі, звязаныя з гэтым іменем. Паэма  на сённяшні дзень уяўляе сабой бібліяграфічную  рэдкасць:  усяго 1-2 асобнікі кнігі ў раёне, можа, толькі і адшукаюцца, бо год выдання паэмы 1948.                                                                                                   

Пазней пісьменнік Юрый  Татарынаў  напіша ў 1996 годзе гістарычную аповесць "Залеская гісторыя”.

Шмат фальклорных твораў запісаў на Псуеўшчыне вядомы краязнавец, паэт Іван Волкаў. У 2000 годзе выйшла яго кніга "Легенды, паданні азёрнага краю”.

Вось некалькі легенд, запісаных членамі клуба "Краязнавец” СШ № 2 г. Глыбокае пра паходжанне назваў вёсак.

Вёска Шчарбы названа так таму, што князь жыў, вёску аснаваў. Вакол лес быў, гушчар. Паехаў аднойчы князь на паляванне ў гэты лес, расцярэбліваў сабе шлях мячом. Аб пні, карчы расшчапіўся меч князеў. Вось і вёску так назвалі – Шчарбы.

                               Запісана ад Смірновай П.В. у  1988 г.    

Падсвілле - "недалёка ад сучаснага пасёлка быў двор Свіла, пан там жыў. А дзе зараз Падсвілле была пры паляках пабудавана  чыгуначная     станцыя, пад Свілам была. Вось і назвалі пасёлак  Падсвілле.

                                                           Запісана ад Іўко В.С., у 1988 г.

в. Верхняе- "Названа так таму, што царква  ў вёсцы пабудавана з верхавін дрэў (дружакоў).

Запісана ад Краміча М.А., у 1988 г.

 Аповед пра легенды і паданні Глыбоччыны можна працягваць  бясконца. У кожнай вёсачцы  пачуеш сваю гісторыю і не толькі пра паходжанне яе назвы, але і пра назвы пагоркаў, азярцоў, рачулак, лясоў каля іх.

Славіцца Глыбоччына і сваімі казкамі. Адну з іх запісаў паэт Янка Пачопка яшчэ ў 20-я гады XX стагоддзя. Казка быццам знаёмая, але мае свае адметнасці. Звярніце ўвагу на характарыстыкі, якія даў народ героям казкі.

 

Рукавічына

Ішоў зімой мужык дамоў, стаў люльку закурваць ды і згубіў        рукавічыну. Бегла мышка і ўбачыла , што нешта вялікае, калматае на снягу  ляжыць. Панюхала, паслухала  - цяплом пахне. Вырашыла забегчы ,пагрэцца. Скача зайка. Змерз на марозе бядак, рад бы дзе пагрэцца. Бачыць не то дамок, не то мяшок. Падбег да рукавічыны ды пытаецца:

-Хто ў гэтай хатцы жыве? Пусці пагрэцца!

-Я мышка-крутушка, збожжа грызушка! – адзываецца мышка з рукавічыны.-   А ты хто такі?

          – Я зайка-шарак, ліхой долі сваяк. Пусці пагрэцца!

-Калі ласка!

Ідзе лісіца, вушамі слухае, хвастом сляды замятае. Убачыла яна рукавічыну і пытаецца:

-Хто ў гэтай хатцы жыве? Пусці пагрэцца!

І пачула ліса  ў адказ:

-Я мышка-крутушка, збожжа грызушка!

            -Я зайка- шарак, ліхой долі сваяк! А ты хто ?

           - Сама лісіца, курыная царыца! Пусціце пагрэцца!

           - Калі ласка!

Улезла і лісіца ў рукавіцу.  Прыйшоў воўк  , пакруціў хвастом, паннюхаў  носам і пытаецца:

           - Хто ў гэтай хатцы жыве?

І чуе у адказ:

          - Мышка-крутушка, збожжа грызушка!

          - Зайка-шарак, ліхой долі сваяк!”

          - Сама лісіца – курыная царыца!

          - А васпан хто такі?

          - Тутэйшай пушчы гаспадар, воўк – авечча цар! – адказаў воўк. – Пусціце пагрэцца!

- Цесна! Цесна! Месца няма! – крычаць з рукавічыны.

- Дзе цесна, там уцешна! – адказаў воўк і палез  у рукавічыну.

Вось ідзе  вялікі калматы мядзведзь, падышоў да рукавічыны, паслухаў , панюхаў ды пытаецца:

- Хто ў гэтай хатцы жыве?

- Мышка-крутушка, збожжа грызушка!

- Зайка-шарак, ліхой долі сваяк!

         - Сама лісіца – курыная царыца!

-Тутэйшы пушчы гаспадар, воўк – авечча цар! А, васпан,  хто такі?

Стаў мядзведзь на заднія лапы , узлез на рукавічыну і адказвае:

- А я конскі хапун і ўсіх цароў таптун!

І пачаў мядзведзь таптацца па рукавічыне. Бачыць мышка, што канец прыйшоў, прагрызла палец ды ходу ў лес, а за ёй зайчык. А лісіцу – курыную царыцу і ваўка-авечча цара мядзведзь затаптаў. Вось і на цароў цар знашоўся.
  
Категория: Артыкулы | Добавил: evgeniy_cherkes (18.02.2014)
Просмотров: 2130 | Комментарии: 1 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Форма ўвахода
Катэгорыі раздзела
Артыкулы [91]
Карысныя рэсурсы



Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь



Нацыянальная бібліятэка
Беларусі



Турызм у Беларусі


  Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт



Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны



Дзень беларускага пісьменства

Пошук


Надвор'e у Глыбокім

Статыстыка

Aнлайн yсяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0