Асаблівасці
мясцовых сямейна-абрадавых і каляндарна-абрадавых традыцый.
На Глыбоччыне зроблена
шмат экспедыцый па вывучэнні фальклору, сямейнай абраднасці (хрэсьбіны,
вяселле, уваходзіны,абрад сватання, заручыны, валачобнікі, абрады жніва). Маецца
відэатэка з запісамі абрадаў, выступленнямі фальклорных калектываў, носьбітамі
мясцовых традыцый (народныя побытавыя танцы Глыбоччыны).
Адроджаны абрады: "Гуканне
вясны” (Дзеркаўшчынскі ЦК), "Дажынкі” (Бабічоўскі СДК), калядная гульня
"Жаніцьба Цярэшкі” (Мацюкоўскі СДК), "Тройца” (Азярэцкі КСЦ).
Сапраўднымі захавальнікамі
мясцовых традыцый з’яўляюцца фальклорныя гурты. Маладзёжна абрадавы гурт
Глыбоцкага ГДК, адзін з нямногіх гуртоў, які спявае на польскай мове,праводзіць
каталіцкія каляды,Вялікдзень, з’яўляецца асновай пры правядзенні такіх народных
свят, як "Масленіца”, "Купалле”, Каляды.
Народны тэатр фальклору
"Цярэшка”, праграмы якога заснаваны на імкненні захаваць пераемнасць
традыцый першага беларускага тэатра І.Ц. Буйніцкага.
Самабытны і непаўторны
фальклорны гурт в.Шо, удзельнікі якога зберагаюць традыцыі "ад веку”. Рэпертуар
гурта ўключае песенныя жанры,танцавальны фальклор,абрады.Калектыў з’яўляецца
лаўрэатам абласнога фестывалю абрадавага фальклору Віцебшчыны "Купалле
Паазер’я”.
Значная ўвага надаецца
арганізацыі работы Запрудскага Дома фальклору.Тут праводзяцца абрады: "Калядныя
– бліны ладныя”, абрад "Валачобнікі”, вячоркі "Калі госці на парог,трэба
вынесці пірог”, "Вялікодная вечарына”, "Да святога Хрыстова Дня”, фальклорныя
гадзіны "Ой, рана-рана на яна”, "Ілья лета канчае, жніво пачынае”.
Зацікаўленасць і
зберажэнне свайго песенна-танцавальнага мастацтва з’яўляецца для ўдзельнікаў
гэтых калектываў сэнсам іх жыцця.
Народныя традыцыйныя песні
жывуць вякамі і здольны задавальняць эстэтычны густ і патрэбу розных
пакаленняў.
На Глыбоччыне спрадвеку
існуюць абрады: зажынкі і дажынкі.
Абрад зажынак пачынаюць
урачыста: засцілаюць на стол белы абрус,ставяць на цэнтр стала каравай, або
хлеб, сыр, боршч, кіслае малако, кашу і іншыя стравы.
Пасля абеду галоўная жняя
апраналася ў святочнае адзенне, брала з сабою кавалак каравая са
стала,соль,сыр,грамнічную свечку і ішла зажынаць жыта. Зажынаючы першую жменю
жытнёвых сцяблінак, жняя прыгаворвала: "Божа, благаславі пачаць жаць і памажы ў
добрым здароўі кончыць!”
Пажаўшы першую жменю,
жнейка клала яе на край нівы, а паверх хлеб, сыр і іншыя пачастункі, прынесеныя
з дому.
Песня не толькі дапамагала
ў нялёгкай жаночай працы, але несла ў сабе і магічны пачатак.
Заканчэнне жніва
суправаджаўся "Дажынкамі”.
Жнеі, дажынаючы жыта,
пакідалі на полі некалькі нязжатых сцяблінак, якія ў народзе называлі "барада”, "куст”.
Вяртаючыся дадому, жнеі
неслі звіты з каласкоў і кветак вянок гаспадару.
Як на Глыбоччыне Цярэшку жанілі
Каляды – цэнтральнае
зімовае свята, час, калі разгортваліся забавы і гульні вясковай моладзі,якія
адбываліся на працягу ўсяго двухтыднёвага перыяду.
На Глыбоччыне, у вёсках
Псуя, Верхняе, Чарневічы, Запруддзе, Празарокі і іншых да нядаўняга часу
вечарам на першы дзень Каляд "жанілі Цярэшку”. Гэта старадаўняя народная
аграрна-шлюбная гульня вельмі распаўсюджана на Глыбоччыне. Яе удзельнікі ў
асноўным моладзь, але прыходзілі таксама жанатыя мужчыны і замужнія жанчыны.
Гульню вельмі любілі за яе тэатральнасць. Падабаўся гулліва-пацешлівы бок
вечарыны: тут шмат было гумару, забаў. Гульня мела і магічны сэнс: вяскоўцы
імкнуліся загадзя паўплываць на тое, каб сям’я была моцнай, каб былі здаровымі
бацькі і дзеці. "Жанілі Цярэшку” і на каталіцкія, і на праваслаўныя Каляды. Напярэдадні
свята мальцы дамаўляліся, у чыёй хаце будуць гуляць.Запрашалі моладзь з другіх
вёсак і хутароў. Але не кожная дзяўчына магла папасці на гэту вечарыну, толькі
па запрашэнню. Стол акрывалі дзяўчаты і жанчыны. Прыносілі хлеб, свежае
сала,смажаныя шкваркі, каўбасу, квашаную капусту, хрушчы сваёй выпечкі. Мальцы
клапаціліся пра пітво. У вызначаны час збіраліся. У в.Запруддзе спачатку
пачыналі з танцаў, каб моладзь прыглядзелася адна да аднаго, потым па камандзе
аднаго з танцуючых: "Хопіць танцаў, давайце Цярэшку жаніць” пачыналася гульня.
Перш за ўсе са старэйшых выбіралі "маці” і "бацьку”, якіх скручвалі "Лявоніхай”
пасля якой "бацькі” пачыналі свой рэй."Маці” падавала знак – гучала песня:
Пайду я ў новы
ток.
найду я хутчэй
куток.
Ах, вы, куры, не
сакачыце,
Мы будзем Цярэшку
жаніці,
Свае пары
выбіраці,
Цярэшку гуляці.
Ах, вы, куры, не
сакачыце,
Галавою не
трасіце.
Ёсць у мяне рэшата
пер’я,
Куплю петушка вам
пеўня.
"Бацька” і "маці”
прыступалі да выканання сваіх абавязкаў: трэба было мальцаў і дзяўчат злучыць у
пары, "пажаніць”. Звычайна ўсе ведаюць, хто да каго мае сімпатыю, таму "бацькі”
дамаўляюцца, каго з мальцаў будуць жаніць першым. І вось "бацька” ідзе да
мальца, "маці” да дзяўчыны высвятляць, ці згодны яны ў той пары "Цярэшку
жаніць”. У вёсках Запруддзе, Псуя пары злучаліся больш загадкава. Напрыклад,
падыходзіць "маці” да дзяўчыны, пытаецца, з якім мальцам яна хацела б "Цярэшку
жаніць”. Дзяўчына адказвае: "Жадаю сокала высокага, статнага, на ўсе рукі
майстра здатнага, з усмешкай на твары, з ім жадаю быць у пары.” "Маці” раіцца з
"бацькам”, кумекаюць, прыглядаюцца да мальцаў, вырашаюць, да якога падысці. У
рэшце знаходзяць і пытаюцца: "Хлопец высокі і статны, майстар на ўсе рукі
здатны, з усмешкай на твары, ці жадаеш "Цярэшку” гуляць у пары з дзяўчынай-красуняй,
у якой чорныя вочкі, як вугалёчкі, цёмна-русая каса аж да паяса?”. Але хлопец
не спашаўся згаджацца. Спачатку ён жадаў высвятліць ці ўмее дзяўчына прасці,
кароў даіць і г.д. Пасля кароткага дыялогу, калі пара згаджалася, іх скручвалі
"Лявоніхай”:
А Лявоніху Лявон
палюбіў,
Новенькія
чаравічкі купіў.
Лявоніха душа
ласкавая,
Чаравічкамі
палясківала.
Пару, што " жанілі”,
садзяць ужо разам і выбіраюць другую.
Часта жартавалі, пераапраналі якога-небудзь
мужчыну ў жаночае адзенне і расхвальвалі мальцам на ўсе ўлады.
Як толькі ўсе пары
"скруцілі”, удзельнікі становяцца ў два рады: у адным мальцы,у другім дзяўчаты.
Пры гэтым "маці” гаварыла: "Станьце дзеткі радком,пагаворым ладком”
(станавіліся дзяўчаты).
"Станьце дзеткі ў рад,каб
Бог быў рад” (станавіліся мальцы). Наступаў новы этап гульні – кожны павінен
злавіць сваю нарачоную (ці нарачонага). Перш "бацька” лавіў "маці”. Пры гэтым
спявалася песня:
Мой дзетка –
пампуць, пампуць,
Не можа ножкаю
ступнуць.
Прыйшоў Цярэшку
жаніць,
Не можа бабку
злавіць.
Як дзяўчаты
"дзядоў”(мальцаў) лавілі, спявалі песню:
Ой, здайся,мой
дзеду,здайся,
Бо другія не
тутэйшыя,
За мяне не
пушчэйшыя.
Яны са шляху
звядуць,
Нас да разлукі
давядуць,
Будуць надругацца,
ды з нас насміхацца.
Потым мальцы дзяўчат лавілі пад песню:
Паю я коніка ў
вядрэ,
Бачу я дзяўчыначку на дне.
Кіну я коніка паіць,
Пайду я дзяўчыну
лавіць.
Хоць я пабегаю,
Як рыбка па берагу
Хоць я пагуляю, як
рыбка на Дунаю.
У канцы, калі ўсе
пералавіліся, "бацька” і "маці”
скручваюць пары пад куплет:
Кацілася калясо з
клеці,
Ой, жывіце хораша
дзеці.
Ой, жывіце харашо
дзеці,
Кацілася калясо з
клеці.
Затым наступаў новы этап
гульні: "бацька” і "маці” саджалі сваіх "маладых” за стол і благаслаўлялі іх, як
на сапраўдным вяселлі. Першым вітаў "бацька” : "Дзеці любыя! Кахання жадаю вам
вечнага, шчасця чалавечага. Каб ваша ніўка радзіла, каб поўна скацінкі ў хлеве
хадзіла, каб былі вы і вашы дзеткі здаровыя, як дубкі дубовыя!”
Вітала "маладых” і "маці”:
"Нашы шчаслівыя пары! Праўды тут казаў мой чалавек. Няхай поўна будзе ў вас у
засеку, радуйцеся заўсёды госцю-чалавеку, каб вам салодка спалася, лёгка
ўставалася, радзіліся сыночкі, як у добры дубочкі, радзіліся дачушкі – мамчыны
пястушкі!”
Узнімаліся чаркі. І зноў гучала песня:
Дзяўчаты: А ў нашым садзе паспелі
вішні,
Ўзялі мы мальцаў
пад свае мыслі.
Мальцы: А ў нашым садзе бацьвінне вяне,
Ўзялі паненак ёсць
на што глянуць.
Усе: А мы Цярэшку дружна жанілі,
Пара за парай ў
танцы хадзілі.
Пары дабралі,ёсць
на што глянуць,
Ад прыгажосці
кветачкі вянуць.
Цяпер гарэлку
будзем мы піці,
Трэба гарэлку
пасладзіці.
Пасля Цярэшкі
будуць вяселлі,
Нездарма пары
дружна паселі.
Пасля невялікага застолля бацька
і маці аб’яўляюць: "Усіх, хто гуляе Цярэшку, танцуюць польку, каб улетку жыта
на ніве трубою вілося, каб скацінцы сытна ўвесь год жылося”.
Пары пачынаюць танцаваць
польку. Спачатку павольна, потым тэмп нарастае, азарт разгараецца. Дзяўчаты і
мальцы спяваюць прыпеўкі:
А што гэта за
курчаты,
Сыплеш крупы – не
ядуць.
А што гэта за
дзяўчаты,
Просіш замуж – не
ідуць. І г.д.
Палюбіла сокала,
Тонкага, высокага.
Каб яго
пацалаваць,
Мне на лаўку трэба
стаць.
Ах, ты мілая мая,
Якая ж ты
жалобная.
На двары нашым
авечка,
На цябе падобная.
Польку змянілі вальс,
абэрак, кракавяк нарэчанька, лысы. Без стомы гралі музыкі і заліваўся гармонік,
звінелі цымбалы,вохкаў бубен, плакала скрыпка.
Пасля маленькага адпачынку
і перакусу ўдзельнікі гульні вадзілі карагод. Выходзілі на круг мальцы:
- Як за рэчкай за
ракой моладцы гуляюць,
Яны праваю рукой
дзявіц выбіраюць.
- Надакучыла
ўжо нам па саду шатацца,
Скажым мы,
дзявіцы, вам:час нам закахацца.
Просім, просім вас
свядома з намі пагуляці,
Бацькі,маці няма
дома,некаму ругаці.
(мальцы выбіраюць дзяўчат выводзяць іх на
круг, дзяўчаты спяваюць у адказ)
- Вечар
добры, любы мой, што ты ліцамерыш,
Я люблю ўсёй
душой,а ты мне не верыш.
(мальцы спявалі ў
адказ)
- Веру,
веру, дарагая, кінь ты рэч пустую,
За любоў тваю без
краю тры разы цалую.
(пары цалуюцца)
А вось другі карагод на змену ўступае, жартоўны
і пацешны. На круг выходзяць дзяўчаты, яны мальцаў выбіраюць і спяваюць.
А ў сад – вінаград
па ваду хадзілі,
А не даў жа нам
Бог, каго мы любілі.
А даў жа нам Бог,
гэтых недарэкаў,
Ні араіць, ні
пахаць, гультаёў-няўмекаў.
А даў жа нам Бог
хлопцаў – верхаглядаў,
Ні кахаць, ні
гуляць, пляшачка ім нада.
А даў жа
Бог,хлопцаў састарэлых,
Ні скакаць, ні
плясаць, і зусім нясмелых.
Як іх нам
разварушыць? Каго мы гадуем?
Парашылі,так і
быць, возьмем пацалуем.
На крузе застаюцца мальцы і спяваць:
А ў лес, густы
лес, мы гуляць хадзілі,
А не даў жа нам Бог,
каго мы любілі.
А даў жа нам Бог,
гэтых недарэчак,
А ні прасці, а ні
ткаць,бо ляжаць на печах.
А даў жа нам Бог, гэтых
валасатых,
З грыўкай, рыжаю
касой, курачак чубатых.
А даў жа нам Бог,
такіх прыгажуняў,
Толькі скокі ў
галаве, і давай ім гулі.
Як да працы
прыручыць? Каго мы гадуем?
Парашылі, так і
быць, тры разы цалуем.
(пары пад агульны смех і апладысменты
цалуюцца.)
Пасля карагодаў зноў
танцы, гульні "Ручаёк”, "Паненка”, "Залаты пярсцёнак”, "Фанты”і г.д. Нарэшце
"бацька” і "маці” аб’яўляюць, што гульня "жаніцьба Цярэшкі” заканчваецца,
засталося толкі станчыць польку "на лён”. Пары гуляюць польку з прытопваннем,
зноў з прыпеўкамі, з камандай "Полька злева”.
Пад раніцу ўдзельнікі
гульні разыходзіліся па хатам. Але было адно вельмі важнае правіла: мальцы
павінны былі праводзіць да хаты толькі тую дзяўчыну, з якой яго пажанілі на
"Цярэшцы”. Тыя, хто "ехаў у падводы”, развозілі сваіх сябровак па вёскам і
хутарам (многія на гульню прыяджалі з другіх вёсак на конях).
У вёсцы Вусава, жанілі
Цярэшку на польскія Каляды. Са слоў
Усовіч Ганны Сцяпанаўны, 1922
г. нараджэння.
"Цярэшку” жанілі кожны год
на першы дзень Каляд. На вечарыне прысутнічалі ўсе жадаючыя. Перш за ўсё, выбіралі
"татусю” і "мамусю”, якія і злучалі пары. Але некаторыя хлопцы і дзяўчаты
зарання гаварылі "бацькам” хто з кім хоча быць. "Матуся” выводзіла паненку,
"татуся” хлопца, пыталіся, ці хочуць жаніць Цярэшку? Так пары і дабіраліся.
Потым станавіліся ў круг, і гулялі ў гульню. Хлопец павінен быў злавіць
дзяўчыну, а астатнія, хто стаяў у кругу, гаварылі: "Лап котка, лап собе, хто
злапіл, той тобе.” І так кожнай пары. Пры гэтым не спяваліся, а толькі тады як
сядуць пары за стол і іх "бацькі”
благаславяць, гучала: Цярэшка чаху, чаху,
што ў цябе ў мяху, мяху?
Шпілечкі іголачкі, залаты пярсцёначкі.
Пасля гэтай песні пары
танцавалі: абэрак, кракавяк, падыспань, польку і г.д.
Пасля танцаў усе
разыходзіліся дамоў, а тыя пары што пажаніліся на Цярэшцы, гулялі да раніцы.”
Як цярэшку жанілі ў вёсцы
Верхняе, распавядаюць: Аліна Іванаўна Міклашэвіч (1930 г.нараджэння) і Раіса
Васільеўна Адамовіч (1926 г.нараджэння)
"Як пост быў, тады мы ўжо
не танцавалі. А пасля "Цярэшку жанілі”. Цягнулі намяры – хто з кім будзіць. І ў
дзень, калі пачыналася свята, няслі, хто што мог і выпіць, і закусіць. Дзяўчаты
варылі, парылі, смажылі цэлы дзень, а вечарам збіраліся ўсе, станавіліся ў дзве
шарэнгі, у адну хлопцы, у другую – дзяўчаты. Затым дзяўчаты "дзядоў”(хлопцаў)
лавілі і спявалі:
Ай, Божа мой, вялікая
бяда
Далі мне старога
дзяда.
Ці мне яго ў полку
спавіць,
Ці ў калыску
палажыць? І г.д.
Пасля хлопцы дзяўчат
лавілі. Быў вызначаны бацька і матка. Ім было гадоў па 50. Яны кіравалі ўсім.
Калі хлопцы зловяць сваіх дзяўчат, садзіліся за стол, елі, спявалі. Пасля
вылазілі з-за стала і танцавалі. "На лён называлася гэта, кожны хлопец танцаваў
са сваёй.”
І сёння гэта гульня мае
сваё прадаўжэнне дзякуючы носьбітам мясцовых традыцый: Усціне Рыгораўне
Леановіч (1927 г.нар.,
в.Псуя), Аляксею Васільевічу Рагіла (1930 г. нар., в. Харашкі), Алімпіядзе
Васільеўне Давідовіч (1924г.нар., в.Пратасы), Фёдару Уладзіміравічу Крупскаму
(1939г.нар., в.Вусава), Януш Леакадзіі Аркадзьеўне (1928г.нар., в.Запруддзе),
Крывёнак Зоі Іванаўне (1922г.нар., в.Вераб’і) і многім іншым.
АБРАД
СВАТАННЯ
Абрад сватання – перадвясельны
абрад, у час якога сваты – выбраныя прадстаўнікі ад пэўнай сям’і і роду
дамаўляліся з бацькамі, якія мелі дарослую дачку, каб тыя выдалі яе замуж за
хлопца, род якога яны прадстаўлялі.
Сваталі дзяўчат звычайна да Пакроваў, што адзначаюцца 14 кастрычніка, таму ў народзе гавораць:
"Прыйшла Пакрова – дзеўка гатова”.
Ехалі сватаць дзяўчыну
абавязкова на конях. Прыехаўшы да дзяўчыны,сваты не заходзілі ў хату, а
пачыналі гаманіць паміж сабою ў яе двары так, каб пачулі гаспадары.
Знайшоўшы па запрашэнню гаспадара
ў хату, размову за сталом вялі сваты ад хлопца і бацькі будучай нявесты. Потым
запрашалі жаніха і нявесту,каб пачуць і іх згоду на рашэнне бацькоў.
Калі ж сватам нехта
пераходзіў дарогу, а тым больш з пустымі вёдрамі, ці прабягала ў перадзе праз дарогу
кошка,то ўся сватання дружына вярталася назад.Вярталіся дадому сваты і тады,
калі ў дарозе часта іржаў конь, або калі,едучы чулі спеў пеўня. У такіх
выпадках у сваты выязджалі іншы раз.
У народзе таксама лічылі,
што ў сваты лепш выязджаць маладзіком. У народзе казалі:
"Суджанага і канём не аб’едзеш”.
"Да
мілай сцежка лёгкая”.
"Дзяўчына ў бацькі ў гасцях”.
АБРАД
"ЗАРУЧЫНЫ”
Абрад "Заручыны” – перадвясельны
абрад, на якім сустракаліся род жаніха і род нявесты,каб даць сваю згоду на
шлюб маладых і абмеркаваць пытанні,звязаныя з правядзеннем вяселля. Заручыны
праводзіліся ў хаце нявесты, на працягу тыдня-двух пасля прыезду сватоў. На
пачатку застолля дамаўляліся аб пасагу, які бацькі павінны даць дзяўчыне. У час
заручын маладыя абменьваліся пярсцёнкамі.
ВЯСЕЛЛЕ
Вяселле – сямейны абрад,які праводзіцца з выпадку
заключэння шлюбу паміж хлопцам і дзяўчынай і пачатку іх сямейнага жыцця.
У першы дзень
вяселля,адразу пасля поўдня,жаніх з сваёю дружынаю выязджаў да маладой.Дзяўчаты
ў гэты час адводзілі маладую ў адну с суседніх хат,каб апрануць у вясельнае
ўбранне і схаваць ад жаніха.
Малады браў з сабою
паджанішка, сяброў-шафераў і ішоў шукаць маладую. Калі ж урэшце яны траплялі ў
хату, дзе была нявеста з сваімі шаферкамі, то за дзвярыма перад парогам у
сенцах далейшы праход быў перагароджаны сталом або лаваю, за якой кучкаю стаялі
дзяўчаты. Яны не пускалі хлопцаў далей у хату і патрабавалі выкуп за
сяброўку-нявесту.
Атрымаўшы благаславенне
бацькоў і "радзіначкі” на вянчанне, маладыя тройчы цалавалі абраз і выходзілі з
хаты ў двор.
У час вянчання па тым,як
гарэлі свечкі ў маладых, гадалі аб іх будучым лёсе.
Пад час вянчання маладыя
ехалі разам на першай павозцы, з імі побач сядзелі хросныя бацькі і старшыя
шаферы.
Бацька і маці сустракалі
маладых каля хаты, маці брала хлеб і давала ўкусіць з цэлага бохана спачатку
"доньцы”, а потым зяцю: так па чарзе яна
падносіла бохан да кожнага з іх тры разы.потым маладыя ішлі па разасланай
дарожцы ў суправаджэнні бацькоў у хату.
Трэцяе і апошняе застолле
ў хаце дзяўчыны-нявесты пачыналася з дзялення караваю. Хутка маладыя ўсталавалі
з-за стала і збіраліся ад’язджаць да маладога.
Развітанне дзяўчыны з
роднай хатай і бацькамі суправаджалася слёзнымі галашэннямі дачкі і яе маці.
Ай ты, родная мая
мамка,
Дай далейкі –
шчасцейка,
А я ж іду ў чужыя
людзі,
І ка чужой
маманькі.
Як і ў першы дзень,
вяселле ў маладога таксама праходзіла з трыма застоллямі. Але вянчальнае плацце
і вянок на другі дзень маладая ўжо не адзявала.
Госці віншавалі
маладажонаў, танцавалі.спявалі, весяліліся.
ВАЛАЧОБНІКІ
На Глыбоччыне традыцыйна
праводзіцца абрад "Валачобнікі” на Вялікдзень.
І на каталіцкае, і на
праваслаўнае святы валачобнікі абыходзяць двары і спяваюць гаспадарам
песні,услаўляючы іх,жадаючы ім добрага здароўя,ураджаю.
На каталіцкае свята спяваюць
на польскай мове "Вэсолэ”.
На праваслаўнае – Царкоўны
Хрыстос, Гаспадарскі Хрыстос, Паненскі Хрыстос у той
хаце, дзе дзяўчына на выданні.