6 Урок. Паверхневыя і падземныя воды У Глыбоцкім раёне 43 малых рэк і ручаёў, агульнай даўжынёй 379,5 км. Рэкі належаць да вадазбору Балтыйскага мора , басейн Заходняй Дзвіны. На паўднёвым усходзе раёна знаходзіцца геалагічны помнік прыроды мясцовага значэння «Кавалеўская гара» - вышэйшы пункт Глыбоцкага раёна – 226,4м, праз які праходзіць Чарнаморска – Балтыйскі водападзел. Рака Чарніца, якая працякае па граніцы Ушацкага і Глыбоцкага раёнаў, з’яўляецца прытокам Беразіны і належыць да вадазбору Чорнага мора , басейн Дняпра. Рэкі раёна – раўнінныя малыя рэкі, якія працякаюць ў адносна неглыбокіх далінах са спадзістымі схіламі. Яны маюць звілістыя рэчышчы з чаргаваннем плёсаў і перакатаў, невялікія нахілы воднай паверхні, павольнае цячэнне. За вытокі рэк звычайна прымаюць месцы, з якіх паяўляецца пастаяннае рэчышча патоку; гэта найчасцей крыніцы, балоты. У раёне значную частку складаюць рэкі, якія выцякаюць з азёр або цякуць праз іх, напрыклад, Аржаніца праз возера Чачалеўскае, Дабрылаўка праз Пятроўскае, Мнюта з возера Пліса. Рэчышчы рэк звілістыя, шырыня іх не перавышае 10-20 м, у ніжнім цячэнні 15-30 м. Пераважныя глыбіні рэк 0, 5–1 м, на плёсах 2– 4 м. Даліны рэк маладыя, поймы вузкія або зусім адсутнічаюць (пачатак іх ўтварэння 16-14 тысяч гадоў назад, калі вобласць апошняга зледзянення хутка вызвалялася ад ледавіковага покрыва ). Нахілы рэк раёна вагаюцца ў межах 0, 5 - 3, 10/00. Сярэднія скорасці цячэння невялікія. Найбольшая скорасць назіраецца ў час разводдзя і павадкаў, а найменшая – у межань. Па гідралагічнаму рэжыму рэкі раёна адносяцца да Заходнядзвінскага гідралагічнага раёна. Асноўная крыніца жыўлення рэк – атмасферныя ападкі. Для рэжыму рэк характэрна выразнае веснавое разводдзе і параўнальна ўстойлівыя летне-асенняя і зімовая межані, якія часам парушаюцца паводкамі ад дажджоў летам і ў час адліг зімой. У раённым цэнтры г. Глыбокае шмат азёр. Аб прычынах іх утварэння разважае А.А.Тарыкаў "Двухкіламетровая рака паміж азёрамі Крывое і Глыбокае (Кагальнае, раён Пескаваткі) у эпоху неаліта была даволі шырокай (150-200 м) і злучала два вялікіх возеры. З аднаго пазней утварыліся сучасныя Ластавіцкае, Арэхаўскае і Крывое, з другога – Вялікае (Беразвецкае), Глыбокае (Кагальнае), Бяглец, Падлазнае (Падлужнае), Мушкат і Забельскае. К нашаму часу рака выпрацавала 25-мятровы каньён з дзесяткам ступеняў рачных тэрас. Моцна адрозніваецца цяпер ад сваёй прарадзіцельніцы магутнасцю воднага патока, які цячэ ў рэчышчы 5-мятровай шырыні”. Гэтай ракой з’яўляецца буйнейшая рака Глыбоччыны – Бярозаўка (Бярэжвіца), правы прыток ракі Дзісны (басейн Заходняй Дзвіны). Пачынаецца яна маленькім ручаём з балоцістай мясціны на ўсход ад вёскі Абруб, працякае праз азёры Ластавіцкае, Крывое, Кагальнае, Вялікае, Падлазнае па мясцовасці з ухілам воднай паверхні 0,7%, упадае ў Дзісну за 4 км ніжэй г.п. Шаркаўшчына з сярэнегадавым расходам вады 4, 6 м/сек. Рачная даліна ад 0,5 да 3 км, рэчышча звілістае, шырынёй 14-16 метраў у верхнім цячэнні, 20-30 метраў – у ніжнім. У межах адрогаў Свянцянскіх град рака працякае ў вузкай даліне са стромкімі берагамі, выходзячы на Полацкую раўніну даліна становіцца шырэйшай, а берагі яе спадзістымі. Асноўнымі прытокамі Бярозаўкі з’яўляюцца Аржаніца і Маргва (злева), Дабрылаўка і Стуканаўка (справа). На тэрыторыі раёна знаходзіцца 106 азёр агульнай плошчай 3347, 6 га, што складае 1, 9 % ад плошчы раёна. Сярод азёр пераважаюць малыя, плошча якіх не перавышае 0, 25 км2. Толькі 6 азёр маюць плошчу больш за 1 км2. Сярод іх Гаранскае (1, 6 км2), Доўгае (2, 6 км2), Мнюта (8, 95 км2), Пліса (4, 24 км2), Пліса (1,1 км2), Шо (7, 65 км2). Буйнейшай азёрнай групай з’яўляецца Доўгінская, якая ляжыць паблізу краявых град Свянцянскага ўзвышша на граніцы яго з Верхне-Бярэзінскай нізінай. Азёры Доўгае, Свядава, Псуя, Гінькава ляжаць у вузкай глыбокай упадзіне, выцягнутай з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход, па ходу работы ледавіка, і адносяцца да лажбінных. Возера Доўгае (53, 7 м ) - самае глыбокае возера Беларусі. Катлавіна глыбока (на 70-80 м) урэзана ў тоўшчы марэнных адкладаў, схілы вышынёй да 30 м (на паўночным захадзе і паўднёвым усходзе да 10 м) пераважна пад хмызняком, на асобных участках параслі лесам. Берагі ў асноўным супадаюць са схіламі, на паўночным захадзе і паўднёвым усходзе нізкія (да 0,2 м ) парослыя хмызняком. Падводныя схілы катлавіны вельмі стромкія. У цэнтральнай частцы возера некалькі глыбокіх упадзін, раздзеленых падняццямі дна. Зона мелкаводдзя пясчаная і пясчана-галечная, уздоўж усходняга і заходняга берагоў выслана валунамі. Пяскі пашыраны да глыбіні 10-15 метраў. Глыбей ложа выслана глінамі, якія ў глыбакаводнай частцы змяняюцца іламі. У залівах фарміруюцца сапрапелі. Водная маса вызначаецца вялікай колькасцю кіслароду ва ўсёй тоўшчы і нізкімі тэмпературамі; у летні час толькі паверхневы слой вады да глыбіні 7-8 м праграваецца да 18-200С. Зарастае слаба. У прыбярэжнай зоне паласа надводнай расліннасці шырынёй да 25 м, месцамі адсутнічае. Мае багаты жывёльны свет, адзначаны пасяленні баброў, жыве рэлікт ледавіковага перыяду – рачок лімнакалянус, занесены ў рэспубліканскую Чырвоную кнігу. У фітапланктоне возера Доўгае выяўлена рэдкая водарасць - асцыляторыя чырванаватая. З раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, тут сустракаюцца гарачаўка крыжападобная, кізільнік чорнаплодны, касцец Бенекена. З мэтай захоўвання ўнікальнай флоры і фаўны возера і прыбярэжная тэрыторыя ў 1979 годзе аб’яўлены "Гідралагічным заказнікам Доўгае”. На поўначы і паўночным захадзе ўпадаюць ручаі з азёр Свядава і Псуя, на поўдні выцякае ручай у Шо. Возера Гінькава (43, 3 м) - трэцяе па глыбіні возера Беларусі знаходзіцца ў басейне ракі Нехрысць, за 33 км на паўночны ўсход ад г. Глыбокае, за 4,5 км на поўнач ад в. Зябкі. Схілы катлавіны вышынёй 20-30 м вельмі стромкія, пад хмызняком. Берагі супадаюць са схіламі. Мелкаводдзе (глыбіня да 2 м ) вельмі вузкае. Дно да глыбіні 6-10 м пясчанае, потым ілістае. Зарастае слаба. Шырыня паласы расліннасці да 25 м. Возера Шо, другое па плошчы возера раёна, ляжыць у абшырнай плоскай катлавіне спушчанага старажытнага прыледніковага Шошынскага возера. У басейне ракі Шоша з возера, за 32 км на ўсход ад г.Глыбокае, каля в. Надазер’е. Схілы катлавіны вышынёй 2-4 м, пясчаныя, часткова разараныя, на поўначы і поўдні забалочаныя. Берагі нізкія, пясчана-тарфяністыя, забалочаныя, пад лесам і хмызняком. Дно сапрапелістае, уздоўж берагоў да глыбіні 0, 5 -1 м пясчанае. Зарастае па ўсёй плошчы. Упадаюць ручаі з азёр Доўгае і Івесь. Схілы катлавіны пад лесам, на поўначы, паўночным захадзе разараныя. Берагі на захадзе, усходзе, паўднёвым усходзе высокія, пясчаныя, парослыя лесам, на паўночным захадзе і поўдні нізкія, тарфяністыя. Мелкаводдзе пясчанае, глыбакаводная частка возера сапрапелістая. Зарастае, паласа расліннасці шырынёй 40-50 м да глыбіні 4 м; да глыбіні 11 м пашыраны мох фантыналіс – адзін з рэдкіх для Беларусі відаў воднай флоры (утварае магутныя плаваючыя дзярнінкі). У басейне ракі Шоша, за 36 км на ўсход ад г. Глыбокае, за 2 км на паўднёвы ўсход ад возера Шо размешчана возера Белае, на якім у 1979 годзе створаны гідралагічны заказнік, з мэтай захавання эталоннага па чысціні возера і яго насельнікаў, асабліва баброў. Схілы катлавіны пад лесам, на поўначы, паўночным захадзе разараныя. Берагі на захадзе, усходзе, паўднёвым усходзе высокія, пясчаныя, парослыя лесам, на паўночным захадзе і поўдні нізкія, тарфяністыя. Мелкаводдзе пясчанае, глыбакаводная частка возера сапрапелістая. Зарастае, паласа расліннасці шырынёй 40-50 м да глыбіні 4 м; да глыбіні 11 м пашыраны мох фантыналіс – адзін з рэдкіх для Беларусі відаў воднай флоры (утварае магутныя плаваючыя дзярнінкі) Тут растуць рэдкія рэліктавыя расліны: лабелія Дортмана, палушнік азёрны. У басейне ракі Мнюта за 20 км на паўночны ўсход ад г. Глыбокае, каля в. Вялец знаходзіцца самае вялікае па плошчы возера раёна - возера Мнюта (рака цячэ праз возера), Схілы катлавіны возера да 4 м, на паўднёвым усходзе да 10-11 м. Берагі нізкія, пясчаныя і галечныя, на поўначы і паўночным усходзе тарфяністыя. Дно пясчанае, глыбей 2 м ілістае. Расліннасцю занята амаль палова возера. Злучана меліяратыўным каналам з возера Пліса. На заходніх і паўднёва-заходніх схілах маюцца крыніцы. На паўночным захадзе раёна знаходзіцца група Залесскіх азёр у саставе Карпікаўскага, Белага, Бярозаўскага, Сетаўскага, Мурамшчына, Гародня. Цікавыя звесткі пра гэту мясцовасць можна адшукаць у даследаваннях Я.Н.Драздовіча, які сцвярджае, што Гародня са "Слова аб палку Ігаравым” размешчана на самым абрывістым з узгоркаў, што градой узвышаюццца над возерам Гародня.
|