Каталог Артыкулаў

Главная » Статьи » Артыкулы

Асноўныя прадпрыемствы раёна

Асноўныя прадпрыемствы раёна

         Калі б знакаміты казачны герой Віні-Пух на гэтым камбінаце, то ён, напэўна, забыўся б пра свій любімы мёд. Водар згушчонкі з кавай, какавай, цыкорыяй, карамеллю, маса разнастайных ёгуртаў, сыркоў, тваражкоў – чым не рай салодкаежку. Акрамя фірмавай, вядомай ад Камчаткі да Балтыйскага мора, сіне-блакітнай банкі згушчонкі, на камбінаце асвоены выпуск 128 відаў новых вырабаў з малака. У гандлёвую сетку пастаўляецца пастэрызаванае малако, кефіры, тварагі, сыры, масла, смятана у натуральным выглядзе або з натуральнымі дабаўкамі.        

         Сучасны ААТ " Глыбоцкі МКК" – буйнейшае прадпрыемства ў  СНД. Адлік сваёй працоўнай біяграфіі вядзе з 30 снежня 1971 года, калі была выпушчана першая банка згушчонага малака з цукрам. У студзені 1972 года камбінат увайшоў у эксплуатацыю. Для вытворчасці стэрылізаваных малочных кансерваў устаноўлена шведская лінія "Альфа-Лаваль”, а для вытворчасці згушчонага малака з цукрам  -  вакуум-апараты "Віганд-8000”. У 1983 годзе ўведзены ў эксплуатацыю цэх па вытворчасці заменніка натуральнага малака з устаноўкай у ім сушылкі "ВРА-4” чэшскай вытворчасці, а ў 1986 – сушылкі "ОСВ-1” айчыннай вытворчасці. У 1999 годзе ў бляшаначным цэху ўстаноўлена лінія "Блем-Керхайс” германскай вытворчасці для вырабу бляшанак са зварным швом.

          ААТ "Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат" – гэта 5 вытворчых цэхаў: малочна-кансервавы, суцэльнамалочны, бляшаначна-баначны, маслацэх, цэх сухога малака. Абслугоўвае камбінат транспартны цэх, з якога штодзённа ў 4 гадзіны раніцы выязджаюць да 40 малакавозаў на фермы раёнаў. Магутнасці МКК дазваляюць перапрацоўваць да 1000 тон малака ў суткі. У склад ААТ уваходзяць філіялы: Браслаўскі малочны завод, сельскагаспадарчы філіял "Мнюта”, вытворчы ўчастак у Шаркаўшчыне, Пліскае сепаратарнае аддзяленне. Спецыялісты прадпрыемства ўпэўнены: шлях на знешні рынак ляжыць праз новыя тэхналогіі. Больш 60% вырабаў рэалізуецца за межамі Беларусі, перш за ўсё у Расіі, Казахстане, Украіне; значная доля экспарту прыпадае на рэспублікі Сярэдняй Азіі, Закаўказзя. Павелічэнню аб’ёмаў продажу садзейнічала адкрыццё ў 2006 годзе гандлёвага дома "Глыбокае” ў Маскве і "Глыбоцкі МКК” у Актобе. У адпаведнасці з палітыкай шматвектарнасці, прадпрыемства імкнецца расшыраць геаграфію экспартных паставак. Паступова асвойваюцца рынкі збыту ў Афрыцы. Сухое малако пастаўляецца ў Сенегал, Алжыр, малочныя кансервы – у Лівію. Устанаўліваюцца гандлёвыя сувязі з Канадай і Аўстраліяй.

         Кожны год прыносіць прадпрыемству заслужаныя ўзнагароды па выніках удзелу ў Міжнародных конкурсах і выставах прадуктаў харчавання.

         Гісторыя ААТ "Глыбоцкі мясакамбінат" бярэ пачатак у 1936 годзе. Як сведчаць архіўныя дакументы Віленскай палаты земляробства, на той час "гэта была невялікая бойня жывёлы, якая абслугоўвала навакольнае насельніцтва. Пералік вырабаў быў небагаты: каўбасы "Кракаўская”, "Чайная”, "Ліверная”, зельцы. "Кракаўскую”, якая хутка псавалася, у скрынках пасажырскім поездам адпраўлялі ў Беласток, "Чайную” – вывозілі ў Докшыцы, Круляўшчызну, Параф’янава. "Ліверную” і зельцы везлі на старым кані ў розныя населеныя пункты паблізу.”

         У верасні 1939 года на месцы прыватнай бойні было арганізавана народнае прадпрыемства. Па-іншаму пайшлі справы. Старога каня замяніла "паўтарачка”. Значна расшырыўся асартымент выпускаемай прадукцыі. Але ўсё перапыніла вайна. Летам 1941 года, калі да Глыбокага падыходзілі фашысты, па загадзе дырэктара прыведзена ў непрыгоднасць абсталяванне і знішчаны дакументы мясакамбіната.

         Пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 9 жніўня 1944 года Народным камісарыятам мяса-малочнай прамысловасці бойня была перайменавана ў Глыбоцкі мясакамбінат, які да канца года выпусціў 14, 1 тоны мясапрадуктаў. Па стану на 1 студзеня 1945 года на мясакамбінаце працавала 20 чалавек. У 1949 годзе мясакамбінат і міжраённая нарыхтоўчая кантора аб’яднаны ў Глыбоцкі птушкакамбінат. У 1953 годзе на камбінаце ўстаноўлены першыя канвеерныя лініі. Неўзабаве былі механізаваны асноўныя тэхналагічныя працэсы, пачалі будавацца адкормачны цэх, кацельня, вадапровад, пракладваюцца каналізацыйныя сеткі. Здадзены ў эксплуатацыю ў 1960 годзе забойны цэх па перапрацоўцы мяса птушкі паспрыяў умацаванню фінансавага становішча прадпрыемства. У 1964 годзе птушкакамбінат перайменаваны ў мясакамбінат.У сярэдзіне 80-х гадоў узнікла неабходнасць у карэннай рэканструкцыі прадпрыемства, якая па-сутнасці стала будоўляй новага камбіната з сучасным высокатэхналагічным абсталяваннем, новымі цэхамі. З рэканструкцыяй камбіната пачаў пашырацца і асартымент вырабаў. Прадукцыя разыходзілася па ўсім Саюзе, а свініну адпраўлялі ў Венгрыю і Югаславію, тлушч харчовы – на Кубу.

         Сучасная вытворчая база ААТ "Глыбоцкі мясакамбінат” арыентавана на набыццё, вытворчасць і перапрацоўку жывёлы з масавым выпускам прадуктаў харчавання. У склад камбіната ўваходзяць сельскагаспадарчыя філіялы "Галубічы” і "Каралі”. Калектыў камбіната  вырас да 700 чалавек. Магутнасці вытворчасці дазваляюць выпускаць да 75 тон мяса за змену, 10 тон каўбасных вырабаў, 1,75 тоны пельменяў, 1,3 тоны паўфабрыкатаў. Асартымент прадукцыі  -  каля 300 найменняў каўбас (вараных, паўвэнджаных, сыравэнджаных, сыравяленых), сасісак, сардэлек, 70 найменняў мясных паўфабрыкатаў, а гэта – 20% усіх каўбасных і 25% мясных вырабаў вобласці. Прадукцыя Глыбоцкага мясакамбіната адрозніваецца высокай якасцю, яе добра ведаюць пакупнікі. Галоўны рынак збыту ўнутры рэспублікі – Віцебская вобласць. Фірменныя магазіны прадпрыемства працуюць у Глыбокім (два), ва Ушачах, гандлёвыя пункты – у вёсцы Галубічы, Полацку, Віцебску. Праз выставы-продажы і ўдзел у кірмашах  праводзіцца маніторынг бліжняга замежжа, экспартныя пастаўкі прадукцыі. Сёння прадпрыемства адгружае мяса ў Расію, а скураную сыравіну – у Германію, Шатландыю, Англію, Італію, Літву, Эстонію, Малдову.

         ААТ "Глыбоцкі мясакамбінат" – прадпрыемства высокай санітарнай культуры – упэўнена ўтрымлівае высокія пазіцыі ў галіне. За апошнія 8 гадоў  больш 60 відаў прадукцыі атрымалі вышэйшыя ўзнагароды міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. Глыбоцкі мясакамбінат – адзіны раённы камбінат рэспублікі - узнагароджаны ордэнам "Знак Пашаны”.

         ААТ "Глыбоцкі камбікормавы завод" уведзены ў эксплуатацыю ў 1974 годзе для вырабу рассыпнога і грануляванага камбікорму з мэтай поўнага задавальнення патрэб Глыбоцкага і суседніх з ім раёнаў у прадукцыі. За гады працы на заводзе праведзена рэканструкцыя і пашыраны відавы склад выпускаемай прадукцыі. Цяпер завод вырабляе камбікармы для БРЖ, свіней, птушак, рыб, кармавыя сумесі, бялкова-вітамінныя дабаўкі, пшанічную муку, ячменныя крупы. Завод мае 4 вытворчыя ўчасткі ў Глыбокім, Шаркаўшчыне, Падсвіллі, Параф’янава, складской магутнасцю 40850 тон, два фірменныя магазіны і краму. Завод прымае, сушыць, дапрацоўвае і захоўвае ў самых высокіх будынках элеватарах усе віды зерня (ёмістасць збожжавага – 62 тыс. т., каля 1000 чыгуначных вагонаў), рапс і 15 тысяч тон травяной мукі.

         ААТ "Глыбоцкая птушкафабрыка" створана 10 лютага 1971 года для забеспячэння насельніцтва раёна і вобласці прадуцыяй птушкагадоўлі. З 31 снежня 2003 года атрымала сучасную назву. Гаспадарка з’яўляецца адной з трох буйнейшых у вобласці птушкафабрык па вытворчасці курыных яек і вырабу мясной курынай прадукцыі, а з далучэннем суседніх калгасаў – і па вытворчасці малака і мяса. Карпусы птушкафабрыкі размешчаны ў Марцыбыліне, дзе ў 10 будынках вырошчваецца больш 230 тысяч курэй. Цэх па вырабу кармоў забяспечвае сваёй прадукцыяй шматлікае пагалоўе. У міні-цэхах  перапрацоўваецца мяса і малако, наладжан выпуск сыроў, дыетычнага тварагу, каўбасных вырабаў, пельменяў, фаршу і разнастайных паўфабрыкатаў. На рэалізацыю прадукцыі працуюць 4 магазіны: тры – у Глыбокім, адзін – у г. п. Шаркаўшчына, працуе выязны гандаль. Прадукцыя знайшла попыт у Расіі.

         На прадпрыемстве вядзецца рэканструкцыя для павелічэння вупуску яек да 140 млн. штук у год ( у 2011 годзе – 55 млн. штук). У саставе гаспадаркі працуе сельскагаспадарчы філіял "Капыльшчына”, комплекс па вырошчванню цялушак у в. Мярэцкія.

         ААТ "Канстанцінаў Двор" – буйнейшае спецыялізаванае прадпрыемства раёна па вытворчасці мяса, малака з многапрофільным раслінаводствам. Жывёлагадоўчы комплекс "Маліноўшчына” адзін з буйнейшых у вобласці. Для перапрацоўкі мясной прадукцыі працуе міні-цэх. Наладжана вытворчасць мясных паўфабрыкатаў, фарша, шашлыкоў, вэнджаных вырабаў. Прадукцыя рэалізуецца праз фірмавыя магазіны ў г. Глыбокае і за межамі раёна.

         ААТ "Глыбоцкі кансервавы завод", з 2011 года - ААТ "Купцовъ" з’яўляецца адным з базавых прадпрыемстваў кансервавай прамысловасці рэспублікі па выпуску плодаагародніных кансерваў. Створаны завод у 1946 годзе ў памяшканнях былой цукеркавай фабрыкі ў гістарычным цэнтры горада Глыбокае. Першая рэканструкцыя завода адбылася ў 1965 годзе з уводам у дзеянне кансервавага цэху №1, другая – у 1990 з уводам у эксплуатацыю кансервавага цэху №2 і мантажом венгерскай лініі па вытворчасці зялёнага гарошку. У 1993 годзе у цэху №2 была ўведзена ў дзеянне нямецкая лінія па вытворчасці канцэнтрыраванага соку. У 2006 праведзена мадэрнізацыя лініі па вытворчасці зялёнага гарошку кансерваванага.

         На ААТ "Купцовъ" водазабор праводзіцца з падземнага гарызонта з чатырох артэзіянскіх скважын агульным дэбітам 160 м3/час. Асноўнымі напрамкамі дзейнасці прадпрыемства з’яўляецца вытворчасць і рэалізацыя плодаагароднінных кансерваў і канцэнтратаў сокаў. У перыяд нарыхтоўкі дзікарастучых ягад і грыбоў на прадпрыемстве вырабляецца прадукцыя з выкарыстаннем данага віду сыравіны. Прадукцыя завода, вырабляецца з уласнай натуральнай сыравіны і не ўтрымлівае штучных дабавак, фарбавальнікаў і араматычных рэчываў.

         На прадпрыемстве вядуцца работы па рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па тэхнічным пераўзбраенні вытворчасці, што дазволіць павялічыць выпуск імпартазамяшчальнай прадукцыі ў сучасных відах тары і ўпакоўкі "Тэтра-Пак”, расшырыць асартымент, павысіць якасць і канкурэнтаздольнасць тавараў. На землях філіяла "За Радзіму” пашыраюцца плошчы пасеваў зялёнага гарошку, морквы, капусты, закладзены фруктовы сад на плошчы 306 га.

         Філіял "Падсвільскі вінзавод" дзяржаўнага прадпрыемства "Полацкі вінаробчы завод” некалькі разоў мяняў не толькі сваю назву, але і спецыялізацыю. Пачынаў сваю дзейнасць завод у 1954 годзе выпускам салёных агуркоў, грыбоў, капусты, выпечкай хлеба і булак. У 1956 годзе былі пабудаваны цэхі безалкагольных напіткаў, сокаў і вырабу пладовых він. У 60-80-ыя гады завод з’яўляўся галоўным пастаўшчыком він. У 1987 годзе завод спыніў вытворчасць він і працаваў як "завод харчовых прадуктаў”, выпускаў кукурузныя палачкі, аўсянае пячэнне, журавіны ў цукровай пудры. У 1991  годзе завод аднаўляе вінаробчую вытворчасць на малдаўскай і мясцовай сыравіне і становіцца адным з высокадаходных прадпрыемстваў раёна.

         Лёгкая прамысловасць раёна прадстаўлена ў раёне Падсвільскім (Пліскім) і Мосарскім ільнозаводамі, якія спецыялізуюцца на вырошчванні ільну на арандаваных землях і вырабе ільновалакна для Аршанскага ільнокамбіната. Вытворчыя магутнасці Падсвільскага ільнозавода 2500 тон, Мосарскага – 1082 тон ільновалакна ў год.

         Лясная прамысловасць старэйшая галіна гаспадаркі раёна. Дзяржаўная вопытная лесагаспадарчая ўстанова "Глыбоцкі вопытны лясгас” арганізавана ў 1939 годзе на базе былых памешчыцкіх і казённых лясоў. Межы яго неаднаразова змяняліся ў сувязі са зменай граніц раёна і перадачай калгасных і саўгасных зямель лясной гаспадарцы. У 1956 годзе ў вёсцы Арэхаўна пачаў працаваць дрэваапрацоўчы цэх па вырабе піламатэрыялаў і таварнай драўніны. З 1971 года пачалася вопытна-гаспадарчая дзейнасць з закладкі ляснога пітомніка па селекцыйным вырошчванні драўніны для лясгасаў вобласці і рэспублікі на плошчы 10, 8 га, якая цяпер вырасла да 50 га.

          У структуру лясгаса ўваходзяць 5 лясніцтваў, 14 майстарскіх участкаў, 65 лясных абходаў, пастаянны базісны лясны гадавальнік. У гадавальніку размешчаны лесанасенны цэх, укамплектаваны шведскім абсталяваннем, якое дае магчымасць перапрацоўваць 100 тон шышак за сезон. Пасадачны матэрыял рэалізуеццца ў лясгасы Віцебскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання, а прывітыя саджанцы сасны і ёлкі – для стварэння плантацый ў лясгасах рэспублікі.

         У 1967 годзе пад кіраўніцтвам заслужанага лесавода Рэспубліка Беларусь Ламакі Віктара Антонавіча закладзены ўнікальны па разнастайнасці і колькасці раслін дэндралагічны сад на плошчы 8,2 га. Асноўная мэта закладкі дэндрасаду: вывучэнне росту і развіцця ў дадзеных умовах тэхнічна каштоўных і дэкаратыўных драўнінных і хмызняковых парод, адбор перспектыўных відаў і форм для ўкаранення ў лясныя культуры і азеляненне, атрыманне насення, стварэнне дэндралагічнай калекцыі.

         Жывая калекцыя драўнінных раслін – галоўная прыкмета дэндрасаду. Расліны аднаго віду высаджаны як правіла біягрупамі. Колькасць дрэў у ёй складае каля 5-10, хмызнякоў - 10-20 штук. У калекцыі дэндрасаду налічваецца 550 відаў драўнінных раслін, якія адносяца да 102 родаў і 36 сямействаў. Рашэннем дзяржаўнага камітэта Рэспублікі Беларусь па экалогіі № 17/4 ад 23.12.1991 года дэндралагічны сад аб’яўлены "Дзяржаўным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння”.

         "Дзвінская эксперыментальная база Інстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі" – самая паўночная, адна з трох баз на тэрыторыі краіны. Пачала сваю дзейнасць 16 красавіка 1960 года у складзе трох лясніцтваў: Псуеўскага, Прошкаўскага, Падсвільскага. Навукова-даследчая і гаспадарчая дзейнасць вядзецца на плошчы 210 га, дзе закладзена каля 100 доследных пляцовак  на плошчы 15,4 га. Навукова-даследчая работа праводзіцца па 3-х накірунках: лесаўзнаўленне, селекцыйная праца, выкарыстанне недраўніннай прадукцыі. На тэрыторыі базы неаднаразова праходзілі навуковыя канферэнцыі, семінары рэспубліканскага  і міжнароднага значэння па праблемах лясной гаспадаркі.

На тэрыторыі раёна працуе Празароцкае лясніцтва Дзісенскага лясгаса.

 

 

Структура лесагаспадарчых арганізацый  Глыбоцкага раёна

 

№ п/п

лясгас

лясніцтвы

Агульная плошча

Занята пад лесам

1

Дзяржаўная вопытная лесагаспадарчая ўстанова "Глыбоцкі вопытны лясгас”

Глыбоцкае

10087

7500

Узрэцкае

9303

6862

Галубіцкае

10758

7943

Ліпаўскае

8954

7759

Тумілавіцкае

11164

13631

2

Дзвінская эксперыментальная база Інстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”

Псуеўскае

6125

5407

Прошкаўскае

5295

4543

Падсвільскае

4280

3763

3

Дзісненскі лясгас

Празароцкае

5280

4890

 

         Гісторыя электраэнергетыкі  раёна пачалася з будаўніцтва ў 1912 годзе на рацэ Мнюта дзвюх гідраэлектрастанцый. "Глыбоцкія электрычныя сеткі" як філіял РУП "Віцебскэнерга" прадстаўляе гэту галіну на тэрыторыі краю. Прадпрыемства аб’ядноўвае шэсць раёнаў заходняй часткі вобласці з цэнтрам г. Глыбокае і складаецца з раённых электрычных сетак: Глыбоцкай, Міёрскай, Пастаўскай, Браслаўскай, Шаркаўшчынскай, Докшыцкай.

         На абслугоўванні Глыбоцкіх электрычных сетак каля 14 тысяч кіламетраў ліній напружаннем ад 750 кВт да 10 000 кВт, больш 4 тысяч падстанцый і 2 ГЭС. Такі вялікі аб’ём работы праводзіць калектыў у 92 чалавекі.

         Філіял РВУ "Глыбокаегаз" вядзе адлік з далёкага 1964 года, калі звадкаваны прыродны газ пачаў ужывацца як паліва і сродак для прыгатавання ежы на кухнях глыбачан. У перыяд масавай газіфікацыі горада і вёсак сфарміравалася шырокая сетка яго спажыўцоў як сярод жыхароў, так і прадпрыемстваў і арганізацый: адбылося пашырэнне функцый дзейнасці спецыялістаў райгазу. Асабліва хутка пайшоў працэс, калі ў    Глыбоцкі раён прыйшло "блакітнае паліва” па газаправодзе. Працягласць газаправодаў у 2004 годзе складала 34, 4 км (з іх 28, 4 км з прыродным газам), да 2012 года дасягнула 106 км (з іх 100, 4 км з прыродным газам). Газабалонныя ўстаноўкі маюць больш чым 17, 5 тысяч кватэр, з іх 11 тысяч у сельскай мясцовасці. Акрамя г. Глыбокае газафікаваны аграгарадкі "Азярцы”, "Марцэбыліна”. Хутка прыродны газ прыйдзе ў Падсвілле і Плісу.

         Глыбоцкі філіял "АУП "Віцебскаблпалівазбыт" забяспечвае насельніцтва палівам, у асноўным дровамі, торфабрыкетам, раней каменным вугалем. Рэалізуецца  паліва як па свабоднай, так і па ільготнай цане для розных катэгорый грамадзян. Абслугоўвае арганізацыя больш за 5 тысяч домаўладанняў.

         Глыбоцкі цэх РУП "Віцебскдругмет" створаны ў 1949 годзе для нарыхтоўкі і дастаўкі металічнага лому на металургічныя заводы. Да 1956 года прадпрыемства працавала на пляцоўцы каля чыгуначнага вакзала, а з 1975 года перанесена на новае месца на захад ад горада і тэхнічна пераабсталявана. Нарыхтоўваецца металалом з 6 раёнаў, да 80% адсартаванага чорнага лому адпраўляецца на Беларускі металургічны завод, а 20% на заводы Мінска і Гомеля.

        

Сувязь

         Дастаўка перыядычных выданняў, пісьмаў, тэлеграмаў, тэлефонныя перамовы, інтэрактыўнае тэлебачанне і інтэрнэт -  гэтыя і іншыя паслугі аказвае Глыбоцкі раённы вузел сувязі. Пачатак дзейнасці – 1920 год, калі ў горадзе пачала дзейнічаць пошта, тэлеграф, тэлефон. У перадваенныя і пасляваенныя гады аддзяленні паштовай сувязі адкрыты ў сельскай мясцовасці. З 1996 года ў раёне працуюць раённы вузел паштовых паслуг УП "Белпошта” і раённы вузел электрасувязі УП "Белтэлеком”.

         Паслугі паштовай сувязі ў раёне аказваюцца ў 3-х гарадскіх і 32 сельскіх аддзяленнях  праз паштальёнаў і загадчыкаў паштовых аддзяленняў. Паштовая сувязь – многапрофільная ўстанова, якая дастаўляе жыхарам раёна журналы, газеты, тэлеграмы і грашовыя пераводы, прымае камунальныя плацяжы, выдае пенсіі і матэрыяльную дапамогу, мае доступ у Інтэрнэт, рэалізуе прамысловыя тавары і паслугі.

УП "Белтэлеком” аказвае паслугі электрычнай сувязі, тэлефона, тэлеграфа, Інтэрнета. У 2011 годзе ў раёне 17, 8 тыс. абанентаў тэлефоннай сувязі, 4, 2 тыс. абанентаў інтэрактыўнага тэлебачання, каля 3. 7 тыс. карыстальнікаў сеткі "Інтэрнэт”

Радыёперадачы ў раёне выходзяць у эфір па серадах і суботах. Аб’ём вяшчання 1 гадзіна 15 мінут. Асноўныя тэмы эфіру – паўсядзённае жыццё і клопаты жыхароў раёна.

 

Категория: Артыкулы | Добавил: evgeniy_cherkes (01.03.2014)
Просмотров: 949 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Форма ўвахода
Катэгорыі раздзела
Артыкулы [91]
Карысныя рэсурсы



Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь



Нацыянальная бібліятэка
Беларусі



Турызм у Беларусі


  Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт



Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны



Дзень беларускага пісьменства

Пошук


Надвор'e у Глыбокім

Статыстыка

Aнлайн yсяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0