Каталог Артыкулаў

Главная » Статьи » Артыкулы

12 Урок. Язэп Драздовіч – беларускі Леанарда да Вінчы
12 Урок. Язэп Драздовіч – беларускі Леанарда да Вінчы
 

                             Па Белай Русі ў світцы белай,

                                        У пыле зорак і дарог                 

                                            Ідзе, задумны, пасівелы,          

                                            Вандроўнік – мудрых фарбаў Бог.

                                              Чароўны кій вядзе па свеце.    

                                             А родны край, як родны дом…

    

                                                                                  В. Шніп

        Вечны вандроўнік. Іначай назваць яго не магчыма. Вечны, таямнічы, так да канца яшчэ не адкрыты.

         Драздовіч Язэп Нарцызавіч – мастак, скульптар, лінгвіст, гісторык, этнограф, пісьменнік, паэт, астраном, настаўнік, прарок…

 

1) Дзяцінства мастака

      Нарадзіўся  Язэп Нарцызавіч 13 кастрычніка 1888 года ў збяднелай шляхецкай сям’і ў засценку Пунькі, што на Галубіцкай пушчы. У сям’і ў Язэпа было чатыры браты і сястра. Сям’я Драздовічаў не мела сваёй зямлі і вымушана была арандаваць яе, пераязджаючы амаль што праз кожныя тры гады на новае месца. Калі Язэпу споўнілася два гады, памёр яго бацька. Выхоўвала дзяцей маці. З замілаванасцю слухаў Язэп беларускія песні, якія спявала яна вечарамі. Яна вучыла сваіх дзяцей быць патрыётамі, любіць Бацькаўшчыну. "Край наш забраны, гэта не Польшча і не Расія, а Беларусь. А язык наш, што празвалі "простым” – беларускі,” – так гаварыла яна сваім дзецям. Запомніліся будучаму мастаку цікавыя народыя паданні пра курганы-валатоўкі, ў якіх пахаваны старажытныя асілкі – абаронцы роднай зямлі. Усё гэта нараджала ў яго роздумах вобразы адважных і магутных змагароў. Народныя песні, казкі, легенды і паданні натхнялі хлопца цікавіцца гісторыяй роднага краю, Беларусі, ганарыцца сваёй мовай. Жылося сям’і даволі цяжка. Хоць ён быў самы малодшы сярод пяці братоў, але працаваць даводзілася ўсім. Асабліва любіў Язэп ездзіць на начлег, пасвіць коней.

     І ўсюды вабіла, захапляла малога Язюка хараство роднага краю. Падоўгу ўглядаўся ён у далячынь між зялёных узгоркаў, разлінаваных доўгімі палоскамі-шнурамі, што промнямі сыходзіла дзесьці за небакраем.

       А ціхія самотныя песні атулялі яго дзіцячую душу. Змалку абудзілася ў малога Язюка любоў да розных рамёстваў. Як зачараваны, глядзеў хлапчук на рукі  ганчара, у якіх звычайная гліна ператваралася ў прыгожыя стаўбункі, місы, спарышы і дзіцячыя цацкі. І сам ён спрабаваў зляпіць свісцёлку ці пеўніка. Малюнкі дзяціства былі невычэрпнай крыніцай натхнення, да якой і ў сталым веку не аднойчы будзе звяртацца мастак.

 

2) Юнацкія гады

      Праз нейкі час Язюк падасца ў свет па навуку. Спачатку была вучоба ў Дзісенскай гімназіі, а ўвосень 1906 года Язэп Драздовіч паступіў вучыцца ў Віленскую школу малявання, якую закончыў праз два гады. Кіраваў школай акадэмік Іван Трутнеў. Тут у школе былі зроблены першыя малюнкі – "Трызна мінуўшчыны”, "Дух зямлі”, "Брама будучыні”.

Падчас летніх канікул вучні рабілі замалёўкі краявідаў знакамітага Тракайскага замка, Вільні, малявалі пейзажы каля рэк Дзісна і Вілія. У гэты час  Язэп Драздовіч пачаў супрацоўнічаць з рэдакцыяй беларускай газеты "Наша ніва”. Ён маляўніча аздобіў вокладкі "Беларускага календара на 1910 год”.

          У 1910-1917 гг. Язэп Драздовіч служыў у арміі, дзе скончыў фельчарскія курсы.

         Ліхалецце Першай сусветнай вайны Язэп Драздовіч сустрэў у дзеючай арміі. Пазней мастак запіша ў сваім дзённіку: "Летам 1914 года, калі пачынаецца ваенная завіруха, ідуць палкі і маршавыя роты на фрот, усё пад Люблін і пад Люблін, я пазастаюся ў ліку трох фельдчараў пры запасным, з 15 тысяч салдат, батальёне і тры месяцы працую з імі без урача, штодзень ад усходу і да заходу сонца без адпачынку ў батальённай амбулаторыі. Адпускаю па пяцьсот у дзень пацыентаў...” Урэшце сам фельчар захварэў на брушны тыф. Два месяцы лазарэту, а потым – сямімесячы адпачынак з адведваннем радзімы. Неўзабаве зноў паклічуць вайсковыя дарогі. І ўсюды фельчар поруч з мастаком. Язэп і ў цяжкіх варунках ваенных нягодаў і клопатаў заўсёды ўлучаў хвілінку для творчасці, для самаадукацыі.

                                    І зноў на поўначы мне свеціць

                                   Скрозь шыбы ясны веташок.

На сізым небе след свой месіць,

Як пазалочаны ражок.

Скажы мне,

Ветах-веташок,

Куды імкнешся ты, дружок?

Мо, як і я,

Імкнешся ты,

Што й сам

Не ведаеш куды.

О, мы з табой

На паўнаце жыцця

На від

Як быццам харашэем

Іграем роль здавольнага гасця,

Аднак што час,

То веташэем.

                                                                   Я. Драздовіч

 

3) Пачатак творчай дзейнасці

          У 1914 годзе ў Вільні выходзіць першая кніга юнай паэткі Канстанціі Буйло "Курганая кветка”, вокладку для якой аформіў Язэп Драздовіч. Замовіў афармленне кнігі яе рэдактар Янка Купала, які да таго часу добра ведаў Драздовіча.

         Поўны надзей і спадзяванняў Язэп Драздовіч сустрэў першы Усебеларускі Кангрэс 1917 года. Пасля 7 гадоў салдацкай службы мастак вяртаецца дамоў. Маці і братоў знаходзіць на гаспадарцы ў Красоўшчыне, пад Германавічамі. Змены, якія неслі ідэі нацыянальнага адраджэння, адбіліся і на яго ўласным лёсе. Планаў шмат. І Драздовіч, як мага хутчэй, імкнецца рэалізаваць задуманае. На сваёй радзіме ён стварае бібліятэку для народа, аматарскі тэатр.

4) Мінскі перыяд у жыцці мастака

       1 студзеня 1919года ў Смаленку ствараецца Беларуская Сацыялістычная Рэспубліка. Драздовіч пераязджае ў Мінск і становіцца настаўнікам малявання ў сталічнай Беларускай вышэйшай жаночай школе, адначасова працуе ілюстратарам  у літаратурных  выдавецтвах і мастаком-дэкаратарам у Таварыстве беларускага мастацтва.

       У Мінску Я. Драздовічам створана шмат малюнкаў да першага буквара (лемантара) Савецкай Беларусі. У сталіцы Драздовіч наведвае курсы беларускай мовы, гісторыі. Напэўна, і гэта акалічасць стала штуршком для больш глыбокага спазнання айчыннай мінуўшчыны. У выніку ўзнікае задума замалёўваць помнікі старажытнай драўлянай архітэктуры, прасачыўшы шлях яе развіцця ад простых буданоў да абарончых збудаванняў. Так з’явілася  серыя малюнкаў пад агульнай назвай "Тыпы старадаўняй беларускай будоўлі” – "Гарадзец”, "Стажар”, "Сігнальная вежа” ды іншыя.

          Археалагічныя раскопкі і даследчая праца Язэпа Драздовіча ў Заслаўі (1919-1920гг.) натхнілі яго на стварэнне гістарычнай серыі партрэтаў дзеячаў Беларусі, якую можна назваць "Духоўныя асілкі Беларусі”. Да яе належаць акрамя партрэтаў полацкіх князёў графічныя партрэты вялікіх князёў літоўскіх Гедыміна, Вітаўта, вялікага гетмана Канстанціна Астрожскага, магната Казіміра Сапегі, які пабудаваў у Заслаўі касцёл Панны Марыі ў 1623 г., пісьменнікаў Адама Міцкевіча, Уладзміра Сыракомлі, Францішка Багушэвіча, Алаізы Пашкевіч, Янкі Купалы, Францыска Скарыны.

5) Дзісенскі перыяд

      У 1921 годзе Язэп Драздовіч пераехаў да хворай маці ў вёску Германавічы, якая ў 1921 годзе адышла да Польшчы. Смерць маці і асабістае цяжкае матэрыяльнае становішча выклікалі ў яго разважанні пра мэтазгоднасць сваёй мастацкай дзейнасці для Беларусі. Ён імкнецца шукаць новыя шляхі для творчай працы. Пачынае пісаць гістарычны раман "Гарадольская пушча”, у якім адбываюцца прыгодніцкія здарэнні з маладымі жыхарамі Гарадольскай пушчы ў 13 стагоддзі. Але раман застаўся незавершаным.

          На пачатку 1920-х гг. Язэп Драздовіч спрабуе стварыць на радзіме беларускія школы, але абставіны складваюцца так, што ён вымушаны шукаць сабе працу ў іншых месцах.

            У 1921 годзе ў вёсцы Сталіца, што непадалёку ад Германавічаў, мастак арганізаваў школу з навучаннем на роднай мове. Ды праіснаваць яна здолела нейкіх тры месяцы – была зачынена польскімі ўладамі.

       Шкадавалі бацькі і плакалі дзеці... Вучняў сваіх вучыў па сваёй методыцы без "пастрах і кары”, а на зразуменні, што ёсць дабро і зло, што прыгожа і непрыгожа. Слухалі мяне не як "господіна учітеля”, ці пана, а як " дзядзьку настаўніка”. 

6) Вандроўкі

  Пачынаюцца частыя вандроўкі Язэпа Драздовіча па Беларусі, працягнуцца яны некалькі дзесяткаў гадоў. У 1924-1926 гадах выкладаў маляванне ў Глыбоцкай польскай школе, у 1927- 1930  – выкладаў маляванне ў беларускай гімназіі ў Навагрудку і Радашковічах, вёў работу па збору экспанатаў для Віленскага беларускага музея. У гэты час ён актыўна супрацоўнічаў з  віленскім сатырычным часопісам "Маланка”, актыўна дапамагаў Таварыству беларускіх школ.

         На працягу жыцця Язэпам Нарцызавічам праведзена вялікая археалагічная праца. Пачаўшы з раскопак на беразе ракі Нямігі, ён працягваў пошукі маўклівых сведак мінулага ў курганах каля Заслаўя, у валатоўках Дзісеншчыны, на замчышчах Навагрудка, Крэва і ў мястэчку Свір.

             У 30-я гады вядзе вандроўны лад жыцця: жыве ў сваякоў у вёсках Германавічы, Сталіца, Лужкі, Юркава, Наваполле. У гэты час стварае прыгожыя насценныя дываны, якія вылучаюцца арыгінальнай структурай кампазіцыі. Старажытныя замкі зачароўваюць гледача таямніцай мінулага, якое нібы размаўляе з ім незвычайным колерам фарбаў са стракатых маляваных дываноў.

       Багаты фальклорны матэрыял сабраў Язэп Драздовіч падчас вандровак па роднай Дзісеншчыне ў 1930-я гады. Дасканала запісаныя "Песні Дзісеншчыны” падаюцца ў адпаведнасці з каляндарнымі і сямейнымі абрадамі ("Дажынкі”, "Хрэсьбіны”, "Вясельныя”). У народнай творчасці Язэп Нарцызавіч адшукаў і паказаў беларусам тыя спрадвечныя карані, якімі мы павінны духоўна ўзмацняцца і сталець.

7) Небазнаўца

         Язэп Драздовіч па праву лічыцца пачынальнікам касмічнай тэмы ў беларускім выяўленчым мастацтве. Ім створана серыя карцін: "Жыццё на Марсе”, "Жыццё на Сатурне”, "Жыццё на Месяцы”, "Космас”. Больш за 60 графічных і жывапісных работ на касмічную тэму стварыў мастак на працягу жыцця.

        Мастак імкнуўся паказаць у  творах вышэйшую моц касмічнага жыцця, існаванне ў космасе разумнай творчай сілы, якая кіруе "гармоніяй творчага жыцця ў сусвеце”. Беларускі "летуценнік небазнаўца” спрабуе асэнсаваць усю глыбіню філасофскай думкі, да якой чалавецтва наблізілася ў 20 стагоддзі. Пра неабходнасць заканчэння войнаў як вялікага зладзейства і пра выкарыстанне тэхнічных дасягненняў чалавецтва ў даследаванні космасу Язэп Драздовіч пісаў у сваім "Дзённіку” ў 1933 годзе: "Дзе мы і хто мы…”

         У 1931 годзе ў Вільні ім выдадзена першая на беларускай мове кніга па астраноміі "Нябесныя бегі”. У ёй аўтар разглядае тэорыі прыцяжэння паміж нябеснымі целамі, дае схематычныя малюнкі пра фізічны стан Сонца, планеты Сатурн, разглядае магчымасць жыцця на Сатурне. У тым жа годзе Драздовіч падрыхтаваў працу "Тэорыя паходжання планет Сонечнай сістэмы і іхняга самавярчэння”, якую даслаў у Акадэмію навук БССР.

          Апошні вядомы твор Язэпа Драздовіча датаваны 1954 годам - гэта "Зачараваны замак”. Карціна знаходзіцца ў краязнаўчым музеі Падсвільскай сярэдняй школы. У тым жа 1954 годзе мастак памёр. Пахалі яго на могілках у в. Ліпляне, непадалёк ад роднага засценка Пунькі.  

 

На ўвесь экран

 

Категория: Артыкулы | Добавил: evgeniy_cherkes (28.02.2014)
Просмотров: 2777 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Форма ўвахода
Катэгорыі раздзела
Артыкулы [91]
Карысныя рэсурсы



Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь



Нацыянальная бібліятэка
Беларусі



Турызм у Беларусі


  Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт



Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны



Дзень беларускага пісьменства

Пошук


Надвор'e у Глыбокім

Статыстыка

Aнлайн yсяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0