Каталог Артыкулаў

Главная » Статьи » Артыкулы

14 Урок. Трагічныя лёсы глыбоцкіх літаратараў
14 Урок. Трагічныя лёсы глыбоцкіх літаратараў

 

14.Трагічныя лёсы глыбоцкіх літаратараў

 

Алесь Дубровіч ( Аляксей Рыгоравіч Рэдзька )

Алесь Дубровіч нарадзіўся ў 1910  годзе ў вёсцы Каралевічы   Галубіцкага сельсавета ў сям’і селяніна-бедняка. Яшчэ ў дзяцінстве пазнаў ён лёс малазямельных сялян. Не маючы сродкаў на адукацыю, Аляксей закончыў толькі пачатковую школу, а затым  займаўся самаадукацыяй. Паднявольнае  жыццё рана абудзіла ў маладога хлопца рэвалюцыйны пратэст і жаданне змагацца супраць польскага прыгнёту.

Алесь Дубровіч  дэбютаваў у заходнебеларускім друку ў 1928 годзе. У гэты час ён звязваецца з віленскім цэнтрам рэвалюцыйнай заходнебеларускай літаратуры. У ліку іншых прымае актыўны ўдзел у рабоце першага нелегальнага  з’езда  пісьменнікаў  нацыянальна-вызваленчага руху.

У першым і адзіным нумары часопіса "Літаратурная старонка” – органа рэвалюцыйнага літаратурнага фронту – была змешчана дэкларацыя групы пісьменнікаў, пад якой стаяў подпіс і Алеся Рэдзькі. Там жа надрукавалі яго верш "Мы”.

Мы – скрыўджаных няпраўдаў струны.

Адным распалены агнём

Мы гімн пакуце граем сумны

І славу барацьбе пяём

Натхненне наша ў змаганні

За шчасце новага жыцця,

Мы летуцім аб светлым ранні

І шмат у песнях пачуцця.

Мы сэрцам полымным і чыстым

Асвецім шлях сябрам другім, -

І верым, - песняй урачыстай

Мы перамозе зложым гімн.

Рэвалюцыйны па змесце часопіс праіснаваў нядоўга. Неўзабаве пасля першага  нумара, які выйшаў у 1934 годзе польская дэфензіва разграміла яго,  арганізатараў выдавецтва, у тым  ліку А.Рэдзьку, арыштавалі і пасадзілі ў турму. Яму было прад’яўлена абвінавачванне ў прыналежнасці да Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі.

Два з паловай гады без суда прабыў Рэдзька ў Лукішках, знакамітай віленскай турме для палітычна неблаганадзейных.

У той час у "Лукішках” выходзіў рукапісны часопіс "Краты”. Заснавальнікам яго быў Максім Танк. "Краты” пісаліся ад рукі ў 2-3 экзэмплярах. Выходзіў  часопіс фарматам невялікай кніжкі (як палова фармата  сённяшняга зборніка "Першая кніжка паэта”). На старонках часопіса былі прозвішчы В.Таўлая, А.Рэдзькі, М.Танка, Я.Патаповіча.  Сярод вязняў "Краты” карысталіся вялікай папулярнасцю. Людзі чакалі часопіса, як свята. З яго старонак гучала мастацкае слова высокай пробы.

Ужо тады М.Танк пісаў, што вершы Дубровіча вылучаліся сярод маладых заходнебеларускіх паэтаў досыць ярка і арыгінальна.

З вялікай радасцю на сэрцы сустрэў А.Рэдзька гістарычныя падзеі 1939 года. Ён з энтузіязмам уключаецца ў актыўную працу па ўсталяванні савецкай улады: працуе ў сялянскім камітэце, а затым выбіраецца сакратаром Галубіцкага сельсавета. Але  літаратурная ніва цягне маладога паэта. Неўзабаве ён пераходзіць на работу ў вілейскую газету.

Пачынаецца вайна з  фашысцкай Германіяй. Аляксей Рэдзька вяртаецца  ў родныя мясціны. Разам са сваімі братамі Дзмітрыем, Васілём, бацькам і суседам Васілём Капшулем ён стварае падпольную групу.

Аднак Аляксею Рэдзьку і яго сябрам па барацьбе так і не прыйшлося дажыць да светлага дня Перамогі.

У пачатку лістапада 1942 года ўся іх група была арыштавана і расстраляна ля вёскі  Галубічы.

Зараз непадалёк ад вёскі, на месцы расстрэлу патрыётаў ўзвышаецца помнік. Адна з вуліц горада Глыбокае носіць імя Алеся Дубровіча.

Аркадзь Андрэевіч Гейнэ ( 1919-1942)

Нарадзіўся на Віцебшчыне 10 студзеня 1919 года. Вучыўся ў Камуністычным інстытуце журналістыкі імя С.М.Кірава ў Мінску. З 1939   па 1941 гады працаваў адказным сакратаром глыбоцкай газеты "За свабоднае жыццё”.

У час Вялікай Айчыннай вайны – камандзір мінамётнай батарэі. Ваяваў на Сталінградскім фронце. Там і  загінуў у канцы 1942 года.

Першыя вершы і артыкулы А.Гейнэ друкаваліся ў беларускіх рэспубліканскіх газетах, у часопісе "Полымя рэвалюцыі”, зборніках паэзіі "Шчаслівая зорка”.

 

Вацлаў Ластоўскі ( 1883-1938)

Нарадзіўся Вацлаў Ластоўскі 8 лістапада (паводле старога стылю 27 кастрычніка) 1883 года ў засценку Калеснікава (Пліскі сельсавет). Хрышчоны ў Задарожскім касцёле. Калі падрос, вучыўся ў вёсцы Стары Пагост на Міёршчыне, затым у Дзісненскім павятовым вучылішчы. У Пецярбургу працаўладкаваўся бібліятэкарам і "зайцам” наведваў лекцыі ва ўніверсітэце.

З 1909 па 1914 гады быў сакратаром рэдакцыі газеты "Наша ніва” ў Вільні. 1 студзеня 1910 года "Наша ніва” друкуе "Кароткую гісторыю Беларусі”, напісаную Ластоўскім. Пазней Вацлаў   выдае "Нарысы беларускай гісторыі”.

На старонках "Нашай нівы” адзін за адным з’яўляліся абразкі В.Ластоўскага: "Нарадзіны”, "Зайчык”, "Слёзы” і інш. Мастацкія і навуковыя, публіцыстычныя творы Ластоўскага змяшчаліся таксама ў "Беларускім календары”, калектыўным зборніку "Велікодная пісанка”, альманаху "Маладая Беларусь”, часопісе "Лучынка” і іншыя.

Выехаўшы ў Коўна, прадоўжыў выдавецкую справу ў Літве, быў рэдактарам часопіса "Крывіч”, які выдаваў разам з ураджэнцам-глыбачанінам К.Дуж-Душэўскім. У Коўне выйшла напісаная      В.Ластоўскім "Гісторыя беларускай (крэўскай) кнігі”.

У 1916-1917 гадах  В. Ластоўскі выдаваў газету "Гоман”, быў актыўным грамадскім і палітычным дзеячам.

Пасля адыходу ад палітыкі займаўся навуковай, літаратурнай дзейнасцю. Прызнаў савецкую ўладу і вярнуўся з эміграцыі на Беларусь. Быў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, сакратарам Акадэміі навук  БССР, у 1928 годзе В.Ластоўскага выбралі акадэмікам АНБССР.

Пазней В.Ластоўскі быў беспадстаўна рэпрэсіраваны і ў 1938 годзе расстраляны. Магіла яго невядомая…

Але час расстаўляе ўсё на свае месцы. Па першым прыгаворы В.Ю. Ластоўскі быў рэабілітаваны 10 чэрвеня 1988 года. Вярхоўным судом БССР, па другім – 16 верасня 1958 г. У 1990 г. ён быў адноўлены ў званні акадэміка АН Беларусі.

Дзейнасць В.Ластоўскага высока цаніў Я.Купала. Апошні прысвяціў Ластоўскаму     вершы "Дудар” і "Песня званара”. Цішка Гартны прысвяціў яму верш " Я – асобны свет…”

Цёплыя сяброўскія сувязі звязвалі В.Ластоўскага і М.Багдановіча. З гісторыі творчых кантактаў гэтых людзей асаблівае месца заёмае 1912 год – год падрыхтоўкі да выдання зборніка "Вянок”. В Ластоўскі сабраў і захаваў вершы паэта, само арнаментальнае афармленне вокладкі "Вянка”таксама належыць  яму. В.Ластоўскі быў адначасова і рэдактарам зборніка.


Категория: Артыкулы | Добавил: evgeniy_cherkes (28.02.2014)
Просмотров: 1257 | Комментарии: 1 | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Форма ўвахода
Катэгорыі раздзела
Артыкулы [91]
Карысныя рэсурсы



Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь



Нацыянальная бібліятэка
Беларусі



Турызм у Беларусі


  Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт



Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны



Дзень беларускага пісьменства

Пошук


Надвор'e у Глыбокім

Статыстыка

Aнлайн yсяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0