Каталог Артыкулаў

Главная » Статьи » Артыкулы

15 Урок. Старонкі творчасці сучасных паэтаў і празаікаў Глыбоччыны
15 Урок. Старонкі творчасці сучасных паэтаў і празаікаў Глыбоччыны

Ірына Жарнасек

Памяць – гэта праца душы і рук 

А мы почасту гэткія лянівыя!

Памяць – гэта чуйнасць.

А мы часта такія сонныя!

Памяць – гэта любоў да тых,

каго ўжо няма з намі.

                                                                                 Ірына Жарнасек

 

Любіць сваю зямлю і тое, што  ёсць добрага і светлага на ёй, - асноўны лейтматыў   у творчасці празаіка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Жарнасек Ірыны Францаўны.

Нарадзілася Ірына Францаўна 17 студзеня 1953 года ў вёсцы Чаронкі Глыбоцкага раёна  Віцебскай вобласці ў сям’і  калгаснікаў Балабан Франца Адамовіча і Аляксандры  Вікенцьеўны. Скончыла Пліскую сярэднюю школу, працавала загадчыцай Мамайскай сельскай бібліятэкі, адначасова вучылася завочна ў Мінскім  інстытуце культуры.

Першае апавяданне "Суніцы” было змешчана на старонках часопіса "Работніца і сялянка”. З 1977 года Ірына Францаўна жыве ў г. Наваполацку. Спачатку працавала загадчыцай чытальнай залы ў бібліятэцы трэста № 16 "Нафтабуд”, затым пяць гадоў была карэспандэнтам газеты "Знамя новостройкі”; з 1983 года – карэспандэнт гарадской газеты "Химик”, некаторы час супрацоўнічала з "Новай газетай”, узначальвала цэнтр нацыянальнай культуры. З 1988 года  з’яўляецца членам Саюза журналістаў.

Значным творчым набыткам пісьменніцы быў выхад яе першай кнігі "Ліст  да сына” ў 1986   годзе. Літаратурная крытыка і чытачы адразу звярнулі ўвагу на гэту кнігу. І ў 1987 годзе за кнігу "Ліст да сына” Ірына Жарнасек стала  Лаўрэатам прэміі камсамола Віцебшчыны. У  гэтым  жа годзе яе прымаюць  у члены Саюза пісьменнікаў.

У апавяданнях І.Жарнасек адчуваецца наш  глыбоцкі каларыт . Дзеючыя асобы  маюць прозвішчы, якія шырока распаўсюджаны на Глыбоччыне. Шмат мясцовых слоў, як, напрыклад, "сцепануўся”, "пацвельвацца”, "порстка”, "атымалка”, "варэйка”, "уквяліць” і інш.

Другая кніга І.Жарнасек "Гульні над студняй” уздымае праблемы маральнасці і нацыянальнай годнасці. Тут згадваюцца славутыя  імёны глыбоцкага краю – Язэп Драздовіч і Ігнат Буйніцкі.

 

Марыя Баравік


Не крыўдзі чалавека чалавек

Ачалавеч ты свой імгненны век!

                                                                                      Марыя  Баравік

            

 

Баравік (Новікава) Марыя Якаўлеўна  нарадзілася ў 1946 годзе ў вёсцы  Прэабражэнка Глыбоцкага раёна. Закончыла Падсвільскую сярэднюю школу, потым Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, аддзяленне журналістыкі. Працавала ў доме культуры, у рэдакцыі раённай  газеты, у дзіцячай бібліятэцы п. Падсвілле.

Літаратурную працу пачала ў 1967 годзе. У1985 годзе выйшла  яе першая кніга  "Поле долі”,  друкавалася ў часопісах "Маладосць”, "Родная прырода”, у  рэспубліканскіх газетах. У 1993 годзе прынята ў  Саюз пісьменнікаў Беларусі.

У 1995 годзе пабачыла свет другая кніга М.Баравік "Вір пяшчоты і журбы”. Гэта споведзь лірычнай гераіні, душы кволай і чулай, якая святлом і тугой адгукаецца на ўсе праявы жыцця. Тут і роздум  аб перажытым, і сцвярджэнне нязгаснага промня ў чалавеку, сувязь з прыродай, замілаванне ёю, душэўны заклік  дзівіцца жыццю, трывога за яго будучыню ў сувязі з чарнобыльскай трагедыяй.

Не абдзяляе сваёй увагай М.Баравік і дзетак маленькіх. У зборніку дзіцячай паэзіі "Самавар у лесе” надрукаваны  вершаваныя  загадкі паэтэсы і казка "Лесавік – бяроставы чаравік”. Яна пераклала кнігу рускага паэта Ю.Уладзімірава "Дзівакі” на беларускую мову. Марыя Якаўлеўна – шчыры патрыёт свайго краю, нястомны змагар роднай беларускай мовы.

Калі мы называем свой край Беларуссю і лічым сябе яе дзецьмі, то мы павінны мець сваё нацыянальнае    і духоўнае аблічча. А гэта     аблічча пачынаецца з мовы. ..

Роднае слова, родны поціск рук, родны позірк, родная бярозка і далонь… Калі чалавек здольны адчуць усю глыбіню гэтых паняцццяў, ён грамадзянін і ў больш шырокім сэнсе таксама, - пісала аўтар у адным з лістоў у раённую газету.

 

Тамара  Чабан – літаратурны крытык

Нарадзілася 31.05.1952 годзе ў вёсцы Чабаны Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і.

Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1974 годзе. Выкладала беларускую мову і літаратуру  ў  Ветрынскай сярэдняй школе Полацкага  раёна.

З 1978 года жыла ў Мінску. Працавала старшым карэктарам у выдавецтве "Навука і тэхніка”. Скончыла завочна аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры БДУ у 1980 г.

З 1981 года – навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АНБССР. Кандыдыт філагагічных навук : Сябра СПСССР з 1988 г.

Памерла 20.03.1992 г.

Выступіла ў друку як  крытык і літаратуразнаўца ўпершыню ў 1976 годзе.  ( газета "Літаратура і мастацтва”). Аўтар кніг пра паэзію "Крылы рамантыкі” ( 1982), "Сучасная паэзія і фальклор” ( з Я.Гарадніцкім, 1988)

 

Т.Чабан "Песні беларускай валадар”

"Народная песня  на працягу свайго шматвяковага існавання выпрацавала і такія мастацкія формы, якім было цяжка поўнасцю раскрыцца ў рамках фальклорнай эстэтыкі і якія рэалізаваліся ў лірычнай паэзіі, часткова ў прозе.”

                                                 (Т.Чабан "Сучасная паэзія і фальклор”)

 

"У паэме Казіміра Камейшы "Посах” недахоп індывідуалізацыі, псіхалагізму,     "замяшчаецца сімвалічнасцю вобраза Язэпа Драздовіча, у якім увасобіўся вандроўніцкі, непрыкаяны лёс беларускага мастацтва”.

                                                                (Т.Чабан "Мара пра эпас”)

 

Алесь Жыгуноў

Такая выпала дарога,

Такія сцежкі нас вялі,

Што забываючы пра Бога,

Усё ж да Бога мы прыйшлі.

Я, зразумела, больш пра душы,

Не пра нябёсы і Хрыста

Як Бога ў сабе парушыў,

То гэта брат мой – дабрата.

                                                                                      Алесь Жыгуноў

 

Алесь Міхайлавіч  Жыгуноў нарадзіўся 27 лютага 1954 года   ў вёсцы Тройца   Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1976 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны  ўніверсітэт імя  У.І.Леніна. Працаваў настаўнікам  на Глыбоччыне, з 1980 года быў карэспандэнтам-арганізатарам раённага радыё, зараз працуе ў рэдакцыі  газеты  "Веснік Глыбоччыны”. Друкуецца з 1972 года. Аўтар  паэтычных  зборнікаў "Матчына  вышыванка” (1984 г.), "Мая Тройца” (1993), зборнік дзіцячых вершаў "Дзе начуе апетыт” (1994), "Пагавары са мной пра восень” (2004), "Ля цяпельца зары” ( 2009).

А.Жыгуноў – лаўрэат прэміі камсамола Віцебшчыны за кнігу  "Матчына вышыванка”,а  за зборнік вершаў "Ля цяпельца зары” удастоены другой прэміі "Сярэбраны купідон” рэспубліканскага літаратурнага конкурсу. А. Жыгуноў - лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча, прэміі часопіса  "Маладосць”.

У 1982 годзе – член Саюза пісьменнікаў СССР і Беларусі.

 

 

 

 

 

Ганна  Зінкевіч

                                                           Яго не часта цэняць,

Толькі судзяць,

Хоць у адказе ён

за ўвесь сусвет

Святы і грэшны –

хай ён з намі будзе

Дзівак  ад роду,

а душой паэт.

                                       Ганна Зінкевіч                                      

 Ганна Браніславаўна Зінкевіч нарадзілася ў вёсцы Догі Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Закончыла філфак Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. Працуе настаўніцай роднай мовы і літаратуры ў Мярэцкаўскай  школе з 1977 года.

Вершы друкаваліся ў раённай і абласных газетах, у рэспубліканскім  перыядычным друку ( "Чырвоная змена”, "Літаратура і мастацтва”, "Настаўніцкая газета”, "Родная прырода”), а  таксама ў літаратурных альманахах  "Дзвіна” і "Край”.

У 2006 годзе выйшаў першы зборнік паэтэсы "Шляхам любові", з гэтага часу яна з’яўляецца членам  Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Навошта думаць, што часова

У гэты свет прыходзім мы

Жыве ў вяках народа мова –

Крыніца чыстае душы

                  ***

Колькі добрых людзей

З намі побач жыве,

Колькі светлых надзей

Дзень наступны нясе

                   ***

Месяц і жоўтая лотаць

Хваляй закалыханыя

Сніцца дзіравай лодцы

Возіць яна закаханых

 

Людміла Андзілеўка  - празаік

Людміла Андзілеўка шчодра і багата  надзеленая ад прыроды як жаноцкасцю, так і талентамі…Яна – і музыкант, і мастак. і празаік.

        Людміла Фёдараўна Андзілеўка нарадзілася 13 лютага 1958 года. Менавіта ў той час бацькі  намерыліся перабрацца з вёскі ў горад. Так што Людміла фактычна была глыбачанкай, хоць ў пашпарце значыцца вёска Шыпы, дзе фармальна яшчэ заставаліся прапісанымі бацькі.

Людміла Фёдараўна ўспамінае:

-         Я ніколі не жыла ў Шыпах і ўсё ж…Менавіта адтуль мая  першая кніжка, з тых мясцін, з тых каранёў. На хутары ( пара кіламетраў ад вёскі) жыла сям’я маёй цёткі Ніны, у якой я правяла значны час свайго дзяцінства.

           Пасля  заканчэння СШ № 1 г. Глыбокае  Л.Ф.Андзілёўка – студэнтка Наваполацкага музычнага вучылішча.

        З 1977 года пачала  працаваць выкладчыкам Падсвільскай музычнай школы і завочна вучыцца у Мінскім інстытуце культуры. Пасля заканчэння якога ў 1989 годзе стала сур’ёзна займацца жывапісам.

        З 1994 года друкуецца ў розных часопісах.

        З 2002 года  - член Саюза пісьменнікаў Беларусі

Філасафізмы Людмілы Андзілеўкі

ü Няма розніцы, на якой мове размаўляюць, абы людзі разумелі адзін аднаго. Сябе ж зразумець магчыма толькі на роднай мове

ü Ці ёсць што больш нуднае, чым празмернасць цудаў?

ü Не дзеляцца людзі на харошых і дрэнных, дзеляцца на розных

ü Каб можна было ўсё патлумачыць, не патрэбна было б мастацтва.

 

Фама Ляшонак (Тамаш Загорскі) 1935-2004

    А мне ў жыцці, мой кут бацькоўскі, трэба

    Не пачуцце ўзаемнасці, о не! –

    Каб той, другі, каму адкрыеш неба,

    Любіў цябе яшчэ болей за мяне.

                                                                        Т.Ляшонак

 

        Тамаш Ляшонак (Фама Васільевіч Ляшонак) нарадзіўся 5.09.1935 года ў вёсцы Загор’е Глыбоцкага раёна. Пасля заканчэння сярэдняй школы служыў у арміі, вучыўся ў тэхнічным вучылішчы, затым працаваў і завочна вучыўся ў Беларускім  інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі. Па прафесіі – інжынер-электрык.Пазней узначальваў Глыбоцкае міжраённае аддзяленне прадпрыемства "Энерганогляд”, што ўваходзіць у ВА "Віцебскаэнерга”.

           Вершы пачаў пісаць яшчэ ў школе. Але друкавацца пачаў толькі ў 90-х гадах  XX  стагоддзя. Неаднаразова творы Т.Загорскага

( Ф.Ляшонка) змяшчаліся ў раённым, абласным друку, у часопісе "Вожык”, гучалі  на рэспубліканскім радыё. У 1995 годзе ў выдавецтве "Мастацкая літаратура” выйшаў першы зборнік вершаў "Запознены дар”. Як адзначыў ў прадмове да зборніка Мікола Федзюковіч, што Ф.Ляшонак у сваіх творах "настойліва падкрэслівае, што галоўны абавязак сённяшняй паэзіі – як ніколі, быць духоўнай апорай для людзей. Гаворыць на поўны голас аб тым, што дорага для нас – аб Радзіме, аб нашых думках і клопатах, аб мужнасці і любові”.

           Знаёмства праз газету і супрацоўніцтва з кампазітарам з Магілёўшчыны Міколам Яцковым прывяло да стварэння шматлікіх песень. У 1997 годзе выдадзены нават  сумесны зборнічак песень "Гронка бэзу”. У гэтым жа годзе ў серыі "Бібліятэка часопіса "Маладосць” выйшла кніга Ф.Ляшонка "Сустрэча”, у якой надрукавана паэма "Голас даўніны”. Пасля смерці ў 2005 годзе выдадзены зборнік "Апошні лістапад”. Як адзначыў В.Гарановіч у прадмове да кнігі "Гэта бескампрамісная грамадзянская пазіцыя, пранікнёны лірызм, шчаслівыя і пакутныя хвіліны перажытага ўсць падсумаванне творчага і жыццёвага шляху чалавека і паэта Фамы Ляшонка.

 

Я рукі тыя, лепшыя на свеце,

За час жыцця аддзячыць не змагу…

І вось таму лічу сябе да смерці

Перад сваёй матуляў у даўгу.


Категория: Артыкулы | Добавил: evgeniy_cherkes (28.02.2014)
Просмотров: 3025 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Форма ўвахода
Катэгорыі раздзела
Артыкулы [91]
Карысныя рэсурсы



Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь



Нацыянальная бібліятэка
Беларусі



Турызм у Беларусі


  Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт



Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны



Дзень беларускага пісьменства

Пошук


Надвор'e у Глыбокім

Статыстыка

Aнлайн yсяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0