Каталог Артыкулаў

Главная » Статьи » Артыкулы

22 Урок. Падзеі Першай сусветнай вайны. Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі на Глыбоччыне

22 Урок. Падзеі Першай сусветнай вайны. Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі на Глыбоччыне

 

39504606_Kazak_Mamantova.jpg         Глыбоччына ў час вайны.  1 жніўня 1914 года Германія аб’явіла вайну Расіі. Уступленне Расійскай імперыі ў Першую сусветную вайну ў саюзе з Францыяй, Англіяй, Сербіяй супраць Германіі, Аўстра-Венгрыі, Турцыі і Балгарыі прывяло да ўвядзення ваеннага становішча ў беларускіх губернях. З пачатку 1915 - па лета 1915 гг. Расійская армія, церпячы паражэнне за паражэннем, адступае з Польшчы на ўсход. У  жніўні пачалося наступленне немцаў у напрамку Коўна - Вільня - Мінск. Вельмі падрабязна аб падзеях жніўня-верасня 1915 г. у нашай мясцовасці расказваецца ў "Записках беженца” (пад такой назвай у 1916 годзе ў Петраградзе ў друкарні таварыства А.С.Суворына "Новое время” былі выдадзены нататкі Е.А.Сурынай -Масальскай). 

Цікавы факт:” Передовые отряды немецкой каваларии показались близ Глубокого уже в день нашего выезда (2 сентября), но из опасения казаков, в Глубокое они не въезжали, а только усиленно следили в бинокли за Сеславинской дорогой. В воскресенье 6 сентября они решились въехать в местечко, озираясь, с опаской, и допрашивая всех, где казаки? Здесь они разбили несколько лавок с съестными припасами и отправились в имение, где потребовали …открыть амбар. Тевтоны насыпали овса, на что выдали расписки, …что взяли 70 центнеров овса, «за которые не уплачено»… Визит длился не более 3-х часов, после чего они уехали, захватив одну чужую пароконку из каретника и заколов чужую свинью. Вся эта добыча была у них отбита в дороге казаками».

 

Размежаванне ў грамадстве. Першая сусветная вайна, рэвалюцыйныя падзеі раскалолі не толькі некалі магутную Расійскую імперыю, але і грамадства. Людзі з адной мясцовасці нярэдка аказваліся па розныя бакі барыкад, паколькі па-рознаму бачылі перспектывы развіцця роднага краю. Закранула гэта размежаванне і ўраджэнцаў Глыбоччыны. Адны з іх, такія як Вацлаў Ластоўскі і Клаўдзій Дуж-Душэўскі, стаялі ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці, марылі аб вольнай Беларусі, аб тым часе, калі беларускі народ зможа заняць сваё пачэснае месца ў супольнасці народаў. Іншыя, такія як Б.М.Волін, свой лёс звязвалі з партыяй бальшавікоў і верна служылі ёй і Савецкай Расіі, састаўной часткай якой бачылі і Беларусь. Аб падзеях гэтага бурнага часу менавіта на Глыбоччыне звестак сабрана пакуль няшмат. Хваля палітычных пераўтварэнняў, выкліканых Кастрычніцкай рэвалюцыяй у Петраградзе, даволі хутка дасягнула Дзісеншчыны. Дзісенскі Савет, якім кіраваў член ВЦВК бальшавік Кашура, меў прамую тэлеграфную сувязь з Петраградам. У лістападзе 1917 г. савецкая улада была устаноўлена ў Глыбокім. Усюды пачалі фарміравацца атрады Чырвонай гвардыі "для барацьбы з праціўнікамі рэвалюцыі...” У снежні 1917 года ў Мінску праходзіў Усебеларускі з’езд,  дзе прагучала ідэя самастойнасці Беларусі, якая падтрымлівалася шматлікімі беларускімі арганізацыямі, партыямі, нацыянальна свядомымі людзьмі. Імкненні беларусаў збудаваць свой дзяржаўны дом не прымалі на той час ні Часовы ўрад, ні потым савецкі ўрад, які вёў перамовы з Германіяй пра лёс Беларусі без удзелу прадстаўнікоў беларускага народа.

 

Ваеннае ліхалецце. 18 лютага 1918 года Германія перарвала заключанае ў канцы 1917 года перамір’е з Савецкай Расіяй і яе войскі пачалі наступленне. Расійская армія адыходзіла на ўсход. Глыбокае знаходзілася ў зоне адступлення 3-й арміі Заходняга фронту. 19 лютага праз Глыбокае ў напрамку станцыі Сеславіна (Крулеўшчына) адыходзіў 15 армейскі корпус, а 20 лютага немцы занялі мястэчка. Лістападаўская рэвалюцыя ў Германіі паскорыла вызваленне акупіраваных тэрыторый Беларусі. У лістападзе 1918 г., калі германская акупацыя дажывала апошнія дні, у Глыбокім быў створаны Савет рабочых і сялянскіх дэпутатаў. У Савет увайшлі ваеннаслужачы С.В.Стоцік, настаўнікі М.В.Яноўскі, А.А.Сабалеўскі, рабочы Х.Я.Смольскі і інш. Савет устанавіў сувязь з салдацкім камітэтам германскай часці, якая знаходзілася ў Беразвецкім кляштары. Для забеспячэння беднаты харчаваннем і барацьбы са спекуляцыяй быў створаны камітэт беднаты на чале з Х.Я.Смольскім. 10 снежня агульны сход грамадзян Глыбокага і Глыбоцкай воласці выбраў двух дэлегатаў - Жыня і Сабалеўскага - на павятовы з’езд Саветаў у Дзісну. 11 снежня 1918 года Глыбокае занялі часці Пскоўскай дывізіі Чырвонай Арміі. Рэквізіцыі нямецкіх акупантаў змяняліся харчразвёрсткай, абавязковымі падаткамі, зноў пачаўся дыктат сілы, пагрозы, на гэты раз - рэвалюцыйным судом. Складанае становішча з прадуктамі харчавання, няўпэўненасць у заўтрашнім дні, трываласці новай улады вымушалі мясцовае насельніцтва забіваць жывёлу, у т.л. племянную і маладняк, якія дасталіся яму з былых маёнткаў і фальваркаў. Дзісенскі павятовы выканкам рассылае 25 снежня 1918г. валасным саветам строгі цыркуляр, у якім пад пагрозай рэвалюцыйнага суда забаранялася без дазволу савецкай улады забіваць жывёлу (кароў, цялят). Частыя змены ў адміністрацыйным падпарадкаванні павета (то ў складзе Расіі, то Беларусі, то ЛітБеле) зусім заблыталі і без таго складаную палітычную сітуацыю на Дзісеншчыне. Усё гэта сведчыла пра нетрываласць улады, нягледзячы на жорсткія спосабы яе ўсталявання. Такое становішча выклікала незадаволенасць мясцовага насельніцтва, якое нярэдка перарастала ў адкрытыя выступленні. Улічваючы складанае ваеннае становішча, павятовыя ўлады вялі актыўную мабілізацыю ў Чырвоную Армію.

 

Савецка-польская вайна. Як адзначала "Звязда” у нумары за 17 мая 1919 года ў Дзісенскім павеце была "назначана мабілізацыя 4 узростаў” і меркавалася, што колькасць сем’яў чырвонаармейцаў "павялічыцца да 2 тысяч”. Калі ўлічыць, што ў складзе польскай арміі таксама служыла нямала беларусаў, можна ўявіць глыбіню той трагедыі, у якую трапіў беларускі народ. Вясной 1919 года польскае войска захапіла Вільню і Гродна. Яго часці занялі Паставы і рухаліся ў напрамку Глыбокага. Глыбоцкі Савет накіраваў насустрач ім свой атрад на чале са Стоцікам. У раёне станцыі Варапаева адбыўся бой, у якім камандзір атрада загінуў. Ваенная сітуацыя складвалася на карысць Польшчы. У аператыўнай зводцы палявога штаба Рэўваенсавета рэспублікі ад 19 жніўня 1919 г. паведамлялася пра баі, якія вялі адступаючыя часці Чырвонай Арміі ў полацкім напрамку, з канца лета 1919 г. Глыбоччына апынулася ў зоне польскай акупацыі. У пачатку ліпеня 1920 г. Чырвоная Армія перайшла ў наступленне. Актыўныя баявыя дзеянні вяліся на ўсёй тэрыторыі Глыбоччыны. 5 ліпеня каля Глыбокага адбыўся жорсткі бой чырвонай конніцы з польскімі жаўнерамі, у якім апошнія панеслі значныя страты. 7 ліпеня камандарм М.Тухачэўскі напісаў прадстаўленне Рэўваенсавету рэспублікі  аб узнагароджанні тых, хто вызначыўся ў баях на Глыбоччыне.  Пасля ўдалага наступлення Чырвонай Арміі, фронт адкаціўся далёка на Захад. На Дзісенскі павет, у тым ліку і на Глыбоччыну, пашыралася ўлада Ваенна- рэвалюцыйнага камітэта БССР. Але і гэта ўлада была нядоўгай. Чырвоная армія, якая дайшла ледзь не да Варшавы, пацярпела паражэнне і пачала адкочвацца назад. Восенню 1920 года лінія фронту праходзіла ў многіх месцах па тых пазіцыях, што былі ў пачатку савецка-польскай вайны. 12 кастрычніка 1920 г. у Рызе было заключана перамір’е, а 18 сакавіка 1921 г. падпісаны Рыжскі мірны дагавор , паводле якога Заходняя Беларусь, у тым ліку і Глыбоччына, адыходзіла ў склад Польскай дзяржавы.

           

Категория: Артыкулы | Добавил: evgeniy_cherkes (02.03.2014)
Просмотров: 1088 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Форма ўвахода
Катэгорыі раздзела
Артыкулы [91]
Карысныя рэсурсы



Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь



Нацыянальная бібліятэка
Беларусі



Турызм у Беларусі


  Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт



Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны



Дзень беларускага пісьменства

Пошук


Надвор'e у Глыбокім

Статыстыка

Aнлайн yсяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0