Каталог Артыкулаў

Главная » Статьи » Артыкулы

7 Урок. Геаграфічныя ландшафты

7 Урок. Геаграфічныя ландшафты

Глебы — гэта верхнія слаі асадкавых горных парод, якія змяняюцца пад уздзеяннем фактараў глебаўтварэння, клімату, расліннасці, жывёльнага свету і мікраарганізмаў, рэльефу, мясцовасці і гаспадарчай дзейнасці чалавека і валодаюць урадлівасцю. Пры правільным выкарыстанні з году ў год глебы павышаюць сваю ўрадлівасць і прадукцыйнасць.

Разнастайнасць глебаў складаецца за кошт стракатасці глебаўтваральных парод, рознай ступені выражанасці дзярновага, падзолістага і балотнага працэсаў глебаўтварэння, а таксама працэсаў эрозіі і акультурвання глебы.

У межах раёна, дзе кліматычныя ўмовы параўнальна аднолькавыя, асноўным фактарам глебаўтварэння,  апрача рэльефу,  з’яўляецца механічны састаў глебаўтваральных парод. Па механічным складзе глебаўтваральныя пароды прадстаўлены лёгкімі глінамі, суглінкамі, супескамі, пяскамі.

Найбольш распаўсюджанай глебаўтваральнай пародай з’яўляецца марэна. На ўзвышшах яна непасрэдна выходзіць на паверхню, у паніжэннях прыкрыта пазнейшымі водна­ледавіковымі, азёрна­ледавіковымі і дэлювіяльнымі адкладамі рознай магутнасці.

Марэна — асноўны матэрыял, прынесены ледавіком. У выніку размывання, сартыроўкі і пераадкладання ўтварыліся покрыўныя пароды: пяскі, супескі, суглінкі і інш. Характэрным прызнакам марэны з’яўляецца яе механічны састаў, аднак у большасці гэта сугліністыя і супясчаныя адклады.

Раўнінны і расчлянёны рэльеф садзейнічае моцнаму пераўвільгатненню паніжэнняў, слабарасчлянёны — меншаму, але больш шырока распаўсюджанаму залішняму ўвільгатненню за кошт слабага паверхневага сцёку вільгаці. Пералічаныя фактары садзейнічаюць развіццю дзярновага, падзолістага, балотнага глебаўтваральных працэсаў.

Балотны глебаўтваральны працэс адбываецца ва ўмовах па­стаяннага або залішняга ўвільгатнення і недахопу кіслароду.

Раслінныя рэшткі распадаюцца марудна і няпоўна, у выніку чаго адбываецца назапашванне торфу, фізіка­хімічныя ўласцівасці якога садзейнічаюць далейшаму ўзмацненню забалочвання.

Дзярновы глебаўтваральны працэс адбываецца пад травяністай расліннасцю на любой пародзе. Яго асаблівасць — назапашванне гумусу, мінеральных прадуктаў і ўтварэнне камякавата­зярністай структуры ў верхняй частцы глебавага профілю. У выніку мінералізацыі арганічнага рэчыва (рэшткаў раслін) у глебе ўтвараецца гумус, які можа назапашвацца ў вялікіх колькасцях, павялічваючы ўтрыманне пажыўных рэчываў, павышаючы фізічныя ўласцівасці глебы, узмацняючы мікрабіялагічныя працэсы, дзякуючы чаму ўтвараюцца ўрадлівыя землі.

Падзолісты глебаўтваральны працэс працякае ва ўмовах прамыўнога або перыядычна прамыўнога воднага рэжыму пад хваёвымі або змешанымі лясамі з мохавым покрывам. Асаблівасць яго — разбурэнне глебавых мінералаў пад уздзеяннем мікраарганізмаў, арганічных кіслот і вымывання лёгкарастваральных злучэнняў з верхніх гарызонтаў глебы. У гэтым выпадку пад тонкім слоем перагною фарміруецца гарызонт белаватай або белавата-­шэрай афарбоўкі.

         Разнастайнасць глебы ствараецца за кошт падсцілаючых глебаўтваральных парод, рознай ступені выражанасці дзярновага, падзолістага і балотнага працэсаў глебаўтварэння, а таксама працэсаў эрозіі і акультуравання глебы, іх спалучэння і змены ў гістарычным мінулым. Па  спалучэнні працэсаў глебаўтварэння і ў адпаведнасці з асаблівасцямі рэльефу на тэрыторыі Глыбоцкага раёна вылучаюцца 7 асноўных  тыпаў глебы.

 

Асноўныя тыпы глебаў Глыбоцкага раёна

№ п/п

Назва глебы

Плошча              (тыс. га)

працэнт

1.

Дзярнова-карбанатныя

1, 6

0, 93

2.

Дзярнова-падзолістыя

73, 7

43, 16

3.

Дзярнова-падзолістыя забалачваемыя

41, 7

24, 42

4.

Дзярновыя забалачваемыя

24, 2

14, 18

5.

Тарфяна-балотныя

23, 1

13, 54

6.

Поймавыя (алювіяльныя)

2, 9

1, 7

7.

Поймавыя тарфяна-балотныя

2, 3

1, 35

     

Дзярнова-падзолістыя глебы пераважаюць і займаюць большую частку тэрыторыі раёна. На іх размешчана асноўная частка ворных земляў раёна. Для павышэння ўраджайнасці на забалачваемых тэрыторыях праводзіцца комплекс меліярацыйных работ. Глебы вапнуюцца, пры нейтралізацыі кіслай рэакцыі ў глебах лепш накапліваецца перагной, павышаецца ўтрыманне азоту, фосфару, калію і іншых спажыўных элементаў у даступнай для раслін форме.

      Дзярновыя забалочваемыя глебы сустракаюцца ў выгля­дзе невялікіх плямаў і палос і прымеркаваны да нізін з блізкім размяшчэннем грунтовых вод. Гэтыя глебы ўтвараюцца пад уплывам дзярновага і балотнага працэсаў глебаўтварэння. Выкарыстоўваюцца ў асноўным як кармавыя ўгоддзі, некаторая частка іх разарана. Для павышэння ўрадлівасці іх неабходна перш за ўсё асушаць і правільна апрацоўваць, уносіць угнаенні.

      Тарфяна­-балотныя глебы займаюць 13% плошчы раёна. Яны сустракаюцца па ўсёй тэрыторыі раёна і прымеркаваны да замкнутых нізін. Тлумачыцца гэта асаблівасцямі рэльефу, блізкім заляганнем грунтовых вод, дзе глебы сфарміраваліся толькі пад уздзеяннем балотнага працэсу. Для іх характэрны запасы торфу, які падсцілаецца глеяватымі пародамі рознага механічнага складу.

      Поймавыя глебы фарміруюцца ў рачных далінах, якія заліваюцца паводкавымі водамі. Дажджавыя патокі вады зносяць у рэкі і азёры арганічныя рэчывы, таму поймавыя глебы кожны год угнойваюцца. Выкарыстоўваюцца ў асноўным пад сенакосы.


      Цеплавы, водны і паветраны рэжымы ў глебах, розных па механічным саставе, складаецца па-­рознаму.


       Пясчаныя глебы найхутчэй праграваюцца вясной, маюць добры паветраны рэжым, валодаюць добрай водапра­нікальнасцю. Ва ўмовах раёна, дзе выпадае 500—600 мм апад­каў у год, расліны летам часта пакутуюць ад недахопу вільгаці.


      Ад воднай эрозіі церпіць каля 90 % сельскагаспадарчых зямель. Прычына — узгоркава­-марэнны рэльеф. Каб зменшыць змыў глебы вадой, палі ўзворваюць упоперак схілаў. Тады вада больш прасочваецца ў глыбіню і менш сцякае па паверхні. Глеба не толькі размываецца, але і лепш увільгатняецца. Крутыя схілы не ўзворваюць, а засаджваюць лесам ці засяваюць травой. «Малы падлесак, ды горы захоўвае», — гаворыць народная мудрасць. Трава каранямі, што разрасліся, змацоўвае часцінкі глебы і ўтварае дзірван, які добра ахоўвае паверхню ад размыву. Закон аб ахове прыроды абавязвае калгасы і саўгасы правільна і своечасова апрацоўваць глебу, добра ўгнойваць, надзейна ахоўваць ад шкоднага ўздзеяння вады і ветру.


      Сугліністыя і гліністыя глебы праграваюцца вясной павольней, маюць недастатковую водапранікальнасць, парушаецца паветраны рэжым.


Найбольш добрымі па механічным складзе з’яўляюцца слаба­ і сярэднесугліністыя, а таксама супясчаныя глебы, падсцілаемыя суглінкамі. У гэтых глебах складваюцца найбольш спрыяльныя ў параўнанні з лёгкімі або цяжкімі глебамі ўмовы воднага, ­паветранага і спажыўнага рэжыму.


      Улічваючы гэтыя асаблівасці і патрабаванні да сельскагаспадарчых культур, неабходна правільна размяркоўваць пасевы раслін. Напрыклад, бульбу лепш вырошчваць на пясчаных і супясчаных глебах, у той час як жыта, авёс, ячмень могуць даваць высокія ўраджаі і на глебах механічнага складу.


      Глыбоцкі раён размешчаны ў агракліматычнай зоне, дзе колькасць ападкаў перавышае іх выпарэнне, што служыць прычынай змыву і размыву глебы. Ад колькасці ападкаў і асаблівасцей іх выпадзення залежыць хуткасць развіцця воднай эрозіі. На хуткасць эразійных працэсаў моцны ўплыў аказвае рэльеф, крутасць, даўжыня і форма схілу, велічыня вертыкальнага расчлянення. Фонд пераўвільготненых зямель складае 45 %.


      Даследаванні паказалі, што ўраджайнасць можа зніжацца да 20 % на слаба змытых глебах і да 30-60 % на моцна змытых глебах.


      Камяністасць зямель вялікая. Яна складае прыкладна 50 %, а на паўднёвым захадзе — 70-90 %. Недабор ураджаю складае каля 10 %. На зніжэнне ўраджайнасці аказвае ўплыў таксама стракатасць глебавага покрыва ў межах палёў, складаная канфігурацыя палёў. Кіслыя глебы складаюць каля 50 % плошчы, для іх характэрна нізкае ўтрыманне гумусу, фосфару і калію.


      Работы па рацыянальным выкарыстані, ахове, павелічэнні ўраджайнасці глебы называюць меліярацыяй.


      Глыбоцкі раён уваходзіць у Паўночную ўмерана­-цёплую вільготную агракліматычную вобласць. Сярэдняя тэмпература студзеня –7...–7,5 °С, а ліпеня — +17...+18 °С. Максімальная тэмпература +4 °С, мінімальная –40 °С. Вегетацыйны перыяд каля 185 дзён (з сярэдзіны красавіка да трэцяй дэкады кастрычніка). Працягласць перыяду з тэмпературамі паветра вышэй за 0 °С каля 230 дзён, вышэй за 10 °С — 140-145 дзён, вышэй за 15 °С — 80-85 дзён. Сума тэмператур вышэй за 10 °С складае каля 2175 градусаў. Апошнія замаразкі ў паветры бываюць у пачатку мая, першыя замаразкі адзначаюцца ў канцы верасня. Працягласць безмарознага перыяду ў паветры 145 дзён.


      Каэфіцы­ент увільгатнення за цёплы перыяд 1—1,1, што характарызуе дастатковае ўвільгатненне. Устойлівае снегавое покрыва ляжыць каля 110 дзён. Вышыня снегавога покрыва дасягае 25-30 см, а запас вады ў снезе ў канцы зімы ў сярэднім 70-80 мм. Глыбіня прамярзання супясчанай і сугліністай глебы 50-55 см. Лепшыя тэрміны сяў­­бы яравых — канец красавіка-пачатак мая, бульбы — 5-10 мая.


Агульная плошча раёна складае 178411 га.


Размеркаванне зямель Глыбоцкага раёна па выкарыстанню

№ п/п

 

Плошча (га)

%

1.

Сельскагаспадарчыя ўгоддзі

95400

53.47

2.

Сядзібныя землі

6157

3, 5

3.

Лес

44195

24, 9

4.

Хмызнякі

6008

3, 4

5.

Балоты

11003

6, 2

6.

Торфараспрацоўкі

973

0, 5

7.

Пад вадой

5167

2, 9

8.

Дарогі

3448

1, 9

9.

Пабудовы

2076

1, 1

10.

Іншыя

1766

0, 8

 

 

Категория: Артыкулы | Добавил: evgeniy_cherkes (21.02.2014)
Просмотров: 567 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Форма ўвахода
Катэгорыі раздзела
Артыкулы [91]
Карысныя рэсурсы



Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь



Нацыянальная бібліятэка
Беларусі



Турызм у Беларусі


  Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт



Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны



Дзень беларускага пісьменства

Пошук


Надвор'e у Глыбокім

Статыстыка

Aнлайн yсяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0