Каталог Артыкулаў

Главная » Статьи » Артыкулы

8 Урок. Расліннасць Глыбоцкага раёна

8 Урок. Расліннасць Глыбоцкага раёна

Лясы

      Глыбоцкі раён размешчаны ў падзоне змешаных лясоў Еўрапейска­-Сібірскай фларыстычнай падвобласці. Сучаснае расліннае покрыва яго прадстаўлена лясамі, лугавой і балотнай расліннасцю. Значная частка тэрыторыі ўзарана і занята культурнымі раслінамі.


      Лясы на тэрыторыі раёна ў асноўным прадстаўлены хваёвымі пародамі: сасной, елкай. На паніжаных участках рэльефу з забалочанымі глебамі растуць вольха, асіна, бяроза. З шыракалісцёвых парод у раёне сустракаюцца дуб, клён. дзікія яблыні і грушы. Невялікімі астраўкамі па ўсім раёне распаўсюджаны шэраальховыя лясы з прымессю бярозы, крушыны, рабіны.

      Лясны фітацэноз раёна складаецца з некалькіх ярусаў расліннасці, якія ўтвараюць дрэвастой, падлесак, падрост, надглебавае покрыва. Найбольш распаўсюджаным з’яў­ляецца фітацэноз, які складаецца з аднаго драўніннага яруса і надглебавага покрыва. Драўнінны ярус прадстаўлены адной або некалькімі пародамі і мае розную гушчыню. Падлесак утварае самастойны ярус, які складаецца з хмызнякоў. Найбольш распаўсюджаны ў падлеску ляшчына, крушына ломкая, ядловец, чаромха і вольха. Надглебавае покрыва лесу складаецца з травяных раслін, паўхмызнякоў, хмызнякоў і мхоў. Звычайна надглебавае покрыва ўтварае да трох самастойных ярусаў расліннасці. Апрача таго, у лясах часта сустракаецца іншая расліннасць, прадстаўленая лішайнікамі, якія растуць на дрэвах, і хмелем. Сярод лясной расліннасці шмат харчовых, лекавых і тэхнічных раслін.


      Плошча дзяржлясфонду тэрыторыі раёна займае  71876   га, у тым ліку пакрыта лесам  62228 га. Лясы распаўсюджаны пераважна ў цэнтральнай, паўночна­-усходняй, паўднёва­-усход­няй і паўднёвай частках раёна. Самыя вялікія лясныя масівы знаходзяцца на поўдні і паў­днёвым захадзе.Прыкладна 4/5 хваёвых лясоў прыпадае на сасновыя бары.

      Лясістасць тэрыторыі – гэта суадносіна плошчы пакрытай лесам да агульнай плошчы, выражаная ў працэнтах. Лясістасць у Рэспубліцы Беларусь складае 38 %, Глыбоцкага раёна - 24%. Глыбоцкі раён адносіцца да тэрыторыі з умеранай лясістасцю. Лясы захаваліся ля вытокаў і ўздоўж рэк, на схілах і на пясках іх плошчы расшыраюцца. У паўднёва-усходняй раёна размешчаны буйны прыродны лясны масіў - Галубіцкая пушча.


Лугі, балоты

Лугамі называюцца участкі сушы, занятыя шматгадовай травяністай расліннасцю. Лугі класіфікуюцца як кармавыя сельскагаспадарчыя ўгоддзі, а па ступені выкарыстання дзеляцца на пашы і сенакосы.

У залежнасці ад комплексу прыродных умоў - ступені і характару ўвільгатнення, багацця глебы мінеральнымі рэчывамі і мікраэлементамі, тэмпературнага, воднага і паветранага рэжыму -  фарміруюцца лугі з крайне разнастайным травастоем.

Сухадольныя лугі займаюць нязначныя плошчы ў раёне і прымеркаваны да ўзвышаных элементаў рэльефу. Гэтыя лугі ўвільгатняюцца ў асноўным за кошт атмасферных ападкаў; аснову травастою сухадольнага лугу складае разнатраўе і част­кова злакі. Першы ярус прадстаўлены звычайна аўсяніцай і мятліцай лугавой, якія растуць ў вялікай колькасці, другі — асакой, трыпутнікам, адуванчыкам, трэці — канюшынай белай і чырвонай, якія растуць рассеяна.

Нізінныя лугі займаюць паніжаныя месцы, праточныя лажбіны, яры. На нізінных лугах у вялікай колькасці сустракаюцца асокі, сітнік. З разнатраўя шмат вільгацелюбівых: гравілат рачны, тавалга вязалістая, чына лугавая. Да нізінных адносяцца поймавыя лугі, якія выцягнуты ўздоўж рэк Мнюта, Шоша, Авута, Бярозаўка. Гэта ўчасткі сушы, пакрытыя шматгадовай травяністай расліннасцю, якая не спыняе свайго росту на працягу ўсяго вегетацыйнага перыяду. Першы ярус прадстаўляюць мятлік лугавы, цімафееўка, лісахвост, асака вострая (якой расце вельмі шмат) і шчаўе. Другі ярус прадстаўлены чаротам і незабудкай. Трэці — белавусам, чацвёрты — гусінай лапкай, якія растуць рассеяна. Па прадукцыйнасці нізінныя лугі больш урадлівыя, чым сухадольныя.

Балоты з’яўляюцца элементамі геаграфічнага ландшафту. Яны ўтвараюцца пад уздзеяннем шчодрага ўвільгатнення гідрафільнай расліннасці, якая абумовіла торфаўтварэнне. У залежнасці ад воднага рэжыму тэрыторыі, складу і будовы раслінных супольніцтваў балоты раёна, як і іншыя тэрыторыі, падзяляюцца на нізінныя, пераходныя і верхавыя.

Нізінныя балоты маюць моцную абводненасць, вялікую відавую разнастайнасць расліннасці з перавагай травяністай, надмохавай і іншых раслінных супольніцтваў. Найбольш тыповымі для нізінных балот з’яўляюцца асокава­гіпнавыя асацыяцыі, дзе пануючае становішча займаюць асокі, некаторыя віды злакаў, разнатраўе. На іх растуць асака вострая і ніткавідная, вейнік ланцэтны, макнік наплываючы, палявіца звычайная. Да разнатраўя прымешваюцца вахта трохлістая, сабельнік балотны, лотаць балотная, зялёныя ­мхі. Сустракаецца дрэвавая расліннасць, прадстаўленая ­найбольш распаўсюджанымі відамі бярозы, попельнай вярбой, чорнай вольхай. Нізінныя балоты жывяцца грунтовымі водамі. Рэшткі раслін гэтых балот, змешваючыся з глеем, які прыносіцца вадой у час разліву, утвараюць глеявата­балотную глебу. З накопленых рэшткаў раслін утвараецца торф, які ўтрымлівае шмат глею і як паліва непрыдатны. Ён эфектыўны толькі ў якасці ўгнаення, бо ўтрымлівае кальцый, азот, фосфар і іншыя пажыўныя рэчывы. Пасля асушэння такіх балот на іх месцы атрымліваюць высокія ўраджаі. Нізінныя балоты па меры назапашвання торфу паступова становяцца вышэйшымі, страчваюць сувязь з грунтовымі водамі і пера­твараюцца ў верхавыя.

Верхавыя балоты ўтварыліся на забалочаных водападзелах, часам на месцы забалочаных лясоў, а ў нізінах — на месцы былых азёр або рачных далін, атрымліваючы жыўленне за кошт атмасферных ападкаў. Глебы такіх балот тарфяна­балотныя. Яны ўтрымліваюць невялікую колькасць пажыўных рэчываў і шмат кіслот. Адмерлы сфагнавы мох і іншыя расліны ўтвараюць якасны торф, які пры спальванні дае мала попелу. Верхавому балоту ўласцівы сфагнавыя і іншыя мхі, хмызнячкі, таксама багун балотны, мірт балотны, падбел, буякі, журавіны, нізкарослыя сасна і бяроза. З асаковых растуць падвей, асака драбнацветная, расянка круглалістая. Балоты верхавога тыпу пераважаюць у раёне.

Пераходныя балоты займаюць нязначныя тэрыторыі на паўднёвым усходзе раёна. Яны больш разнастайныя па скла­дзе, чым верхавыя. Для іх характэрны асокі, розныя мхі. Пры назапашванні асаковага торфу асокі страчваюць сувязі з мінеральным грунтам і адміраюць. Іх месца займаюць параснікі з чорнай вольхі, пушыстай бярозы, сасны і асіны. Радзей сустракаюцца злакі і балотнае разнатраўе.

 

Категория: Артыкулы | Добавил: evgeniy_cherkes (21.02.2014)
Просмотров: 1393 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Форма ўвахода
Катэгорыі раздзела
Артыкулы [91]
Карысныя рэсурсы



Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь



Нацыянальная бібліятэка
Беларусі



Турызм у Беларусі


  Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт



Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны



Дзень беларускага пісьменства

Пошук


Надвор'e у Глыбокім

Статыстыка

Aнлайн yсяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0