Каталог Артыкулаў

Главная » Статьи » Артыкулы

“Сем цудаў Глыбоччыны”

“Сем цудаў Глыбоччыны”

Сцэнарый краязнаўчай гадзіны

Добры дзень, паважаныя!

Усе вы чулі аб сямі цудах свету —  Егіпецкіх пірамідах, Вісячых садах у Вавілоне, Храме Артэміды ў Эфесе, Статуі Зеўса ў Алімпіі, Галікарнаскім Маўзалеі, Калосе Радоскім, Фароскам маяку. Усё гэта выдатныя збудаванні, лічацца ўзорам будаўнічага мастацтва. У наш час можна пабудаваць усё, што падкажа ўяўленне архітэктараў. Прыклад таму – будынак Нацыянальнай бібліятэкі, Лядовы палац у Мінску  і многія шэдэўры архітектуры  Беларусі і свету.

Але ёсць цуды, якія не пабудуе ніводны архітэктар. Гэта тое, што знаходзіцца значна бліжэй, тое, што вакол нас, і тое, што таксама годна звацца цудам.  Гэта -  яе вялікасць Беларусь і яе прырода, якую  без прыкрас можна назваць -  над цудам  цуд.  

У 2008 годзе ў Беларусі быў запушчан праект “7 цудаў Беларусі”, у выніку якога высвятліліся цуды кожнага раёна. Сёння мы пазнаёмімся з цудамі нашага Глыбоцкага раёна .

Сёння наша сустрэча незвычайная. Мы прапануем вам здзейсніць віртуальнае падарожжа па родных мясцінах “Сем цудаў Глыбоччыны” і пазнаёміцца  з знакамітымі і адметнымі  мясціна Глыбоцкага раёна.

Глыбоцкі край! Маіх дзядоў калыска,

Радзіма сінявокая мая!

Твой лёс заўжды мне быў да болю блізкім,

З гадамі стаў бліжэйшым удвая.

                                                                                        Ф. Ляшонак.

Глыбоцкі раён мае надзвычай цікавую гісторыю.У які бок ад Глыбокага ні скіруеш свой погляд — усюды дзіўныя сустрэчы, мясціны, звязаныя са знакамітымі людзьмі і ўнікальнымі з’явамі прыроды. Тут, у Празароках, радзіма заснавальніка беларускага нацыянальнага тэатра Ігната Буйніцкага. Пакінулі свой след у гэтых месцах мастак Язэп Драздовіч і пісьменнік Тадэуш Даленга-Мастовіч, па раману якога знята папулярная кінастужка “Знахар”.

А якія помнікі архітэктуры і дойлідства ўпрыгожваюць глыбоцкія краявіды?! Узоры сусветнай прыгажосці. Шчодра надзяліла гэты край і сама прырода. У глыбіні лугоў і лясоў дыхае самае глыбокае возера Беларусі — Доўгае, праз ланцужок звязаных адно з адным азёр можна выйсці на возера Гінькава, на беразе якога схаваліся унікальныя для нашай краіны карставыя пячоры.  Колькі паданняў пра гэтыя мясціны перадаюць з пакалення ў пакаленне, і колькі яшчэ загадак утойвае невычарпальная глыбоцкая зямля...

У Глыбокім, на плошчы 17 верасня, глядзяць адзін на аднаго   два цуды – два божыя храмы.

Троіцкі касцёл

 

Як веры і вернасці сплаў

Пад небам Радзімы высокім

Прыстанішчам святасці стаў

Касцёл Святой Тройцы ў  Глыбокім.

 

Збярог для гісторыі ён

Фундатара Корсака імя,

І Божаю ласкай здавён

Напоўнена гэта Святыня.

 

Ці май, ці зіма настае

Ідзём да яго мы з пакорай,

Скіроўваем просьбы свае

Да Мацеры Божай Падхорнай

 

Троіцкі касцёл у Глыбокім размешчаны ў гістарычным цэнтры горада на плошчы 17 верасня. Яго заснаваў Іосіф Корсак, былы ўладальнік палавіны мястэчка. Нарадзіўся ў 1570 годзе, ваявода і стараста Дзісненскі з 1616 года. Валодаў маёнткамі ў Глыбокім, Ластавічах, Перадолах і Свіле.

Сучасны мураваны храм пабудаваны ў 1764—1782 гг. у стылі сталага барока. На адным са слупоў да 1905 года быў умураваны партрэт фундатара. У ХVІІІ стагоддзі касцёл быў дамінантай гандлёвай плошчы і драўлянай жылой забудовы. У пачатку ХХ стагоддзя перабудаваны і пашыраны.

Галоўны алтар — магутнае двух’яруснае архітэктанічнае збудаванне, завершанае скульптурна-ляпным пано “Глорыя”.

У касцёле захоўваюцца цудадзейны абраз “Маці Божай Падхорнай” і скульптура “Церпячы Езус”.

У пачатку 20 стагоддзя імператарская археалагічная камісія дала дазвол на перабудаванне і расшырэнне касцёла, што зроблена ў 1902-08 гг. архітэктарам Ю. Заро.

Фасады сучаснага праваслаўнага сабора і каталіцкага касцёла скіраваны так, быццам глядзяць адзін на аднаго. Муры, узведзеныя выдатнымі дойлідамі, маўкліва сведчаць: паміж небам і зямлёй, на Беларусі, Бог жыве.

 

Царква Раства Багародзіцы ў Глыбокім 

 

“Сожалею, что я не могу его взять с собою в Париж: храму Нотр Дам не стыдно было бы иметь его в соседстве”: так сказаў Напалеон Банапарт пра Царкву Раства Багародзіцы ў Глыбокім, калі ў  1812 годзе на некалькі дзён затрымаўся ў Глыбокім.

Кафедральны сабор Раства святой Багародзіцы ў Глыбокім захоўвае нямала таямніц сваёй гісторыі яшчэ з часу манахаў-кармелітаў, якія былі заснавальнікамі храма.У 1636—1654 гадах на сродкі старасты Язэпа Корсака быў пабудаваны каталіцкі кляштар і касцёл. Пры кляштары кармелітаў былі вучылішча, прытулак для бедных, бібліятэка на 3 тысячы тамоў, аптэка. Вышынёй 50 метраў культавы будынак уразіў нават французскага імператара Напалеона Банапарта, які ў 1812 годзе прыпыняўся ў Глыбокім. Пасля паўстання 1863 года царскі ўрад закрыў кляштар, будынак касцёла перадаў праваслаўным. Будынак у стылі віленскага барока быў дапоўнены пятым купалам і набыў адпаведны праваслаўны выгляд

Зараз, калі праводзіцца добраўпарадкаванне ў вялікіх падвальных памяшканнях сабора, знаходзяць дзесяткі чарапоў і костак людзей, захаваных пад храмам пры невядомых абставінах.

Краязнаўцы ведаюць, што пад будынкам храма былі вельмі вялікія, з магутнымі сценамі і скляпеннямі шырокія падземныя хады. Ёсць версія, што яны злучаліся не толькі з падзямеллямі парафіяльнага храма, якія знаходзіліся на адлегласці 200 м, але і цягнуліся да Беразвечча (3 км).

Галоўная святыня храма - абраз Багародзіцы са святой гары Афон “Дастойная есть”, копія чудадзейнай іконы, якая захоўваецца ў Карэйскім храме на Афоне.  . Ён быў дастаўлены ў Глыбокае ў 1911 годзе з Грэцыі і з’яўляецца цудадзейным.

Яшчэ адно цуда Божае існуе ў Глыбоцкім раёне – Мосар... Касцёл у імя святой Ганны – гэта цуда!

 

З белых пяшчотна-цнатлівых гарлачыкаў

Выпіла сонца расу.

Мосар, з пашанаю светлай, гарачаю

Верш табе ўзнёслы пішу.

Воблачкі лёгкія – белыя панны –

Думкі да Бога нясуць.

Горда касцёл узвышаецца Ганны.

Славяць анёлы красу.

                                               Ганна Зінкевіч

 

Паглядзець на хараство Мосарскага касцёла едуць з усіх куткоў планеты. Тут вакол святыні і далёка за межамі касцёльнай тэрыторыі створаны дзіўны парк, які прызнаны помнікам прыроды і гісторыі.

Культурна-дэндралагічны комплекс вёскі Мосар аб’ядноўвае касцёл св. Ганны, пабудаваны ў 1792 годзе ў стылі ранняга класіцызму, парк са скульптурнымі кампазіцыямі, алеямі і экзатычнымі кветнікамі.  Аўтар унікальных дызайнерскіх рашэнняў — ксёндз-пралат Ёзас Булька, які з 1990 года клапоціцца пра духоўны стан сваёй парафіі і прыгажосць навакольнага свету ў Мосары. Першай скульптурай, якая трапляецца на вочы наведвальнікам Мосара, з’яўляецца статуя святога Яна Хрысціцеля, і гэта невыпадкова: штогод 24 чэрвеня многія жыхары Глыбоцкага раёна з’язджаюцца сюды на свята Яна. Яно — галоўнае ў Мосарскім касцёле. Да глыбокай восені тут квітнеюць сажалкі і клумбы, спецыялісты налічылі каля 200 відаў экзатычных раслін.

На мосарскіх могілках устаноўлена пяціметровая фігура Хрыста.  А каля касцёла святой Ганны закладзена алея цвярозасці. Ксёндз Ёзас Булька, вядомы барацьбіт з п’янствам, стварыў першы ў Беларусі антыалкагольны музей, куды мясцовыя “самагоншчыкі” здалі свае апараты.

А яшчэ Булька ажывіў закінутую крынічку непадалёк ад касцёла. Акультурыў яе, асвяціў, праклаў да крыніцы асфальтаваную сцяжынку, узбоч якой узведзена 20 каплічак, якія расказваюць аб зямным жыцці Ісусо Хрыста.

Шматлікія турысты і пілігрымы называюць Мосар беларускім Версалем.

Пад кожным цудам стаяць таленавітыя людзі.  На прасторы нашай малой радзімы ўскалыхнёны талент многіх слынных сыноў Глыбоччыны. Яркі прыклад таму генеральны канструктар, двойчы Герой Сацыялістычнай Працы, аўтар больш за 50 тыпаў самалётаў - Павел Восіпавіч Сухі. Яго самалёты адрозніваюцца ўвядзеннем розных тэхнічных навінак, упершыню ўжытых у савецкім самалётабудаванні.

У СШ № 1 дзякуючы намаганням настаўніцы Тэрэзы Эдуардаўны Рабіза сабраны багацейшы матэрыял і створаны музей Паўла Сухога. Будучы генеральны канструктар нарадзіўся ў сям’і настаўнікаў Глыбоцкага народнага вучылішча ў 1895 годзе. Праз чатыры гады Сухія пераехалі з Глыбокага ў Гомель. Доўгі час сапраўднае месца нараджэння гэтага геніяльнага чалавека трымалася “пад сакрэтам”, бо Глыбокае да 1939 года заставалася ў Заходняй Беларусі. Але ўрэшце “грыф сакрэтнасці” быў зняты і беларусы даведаліся пра сапраўднае месца нараджэння стваральніка легендарных знішчальнікаў .З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны самалёты маркі “Су” ўдзельнічалі ў баявых аперацыях .

Перад уездам у горад стаіць на пастаменце самалёт “Су-17”. Глыбачане ганарацца сваім земляком, авіатэхніка якога дагэтуль пакарае паветраныя прасторы пятага акіяна.

Адметная наша родная Глыбоччына і сваёй прыгажосцю .

У дэндралагічным садзе Глыбоцкага вопытнага лясгаса сабрана больш за паўтысячы дрэў і хмызняковых раслін з усяго свету: Далёкага Усходу, Цэнтральнай Азіі, Паўночнай Амерыкі, поўдня Расіі, Заходняй  Еўропы. Тут вы ўбачыце і елку сербскую, і тую клонавідную, і бярозу карэльскую, і арэх грэцкі, і шыкоўныя рададэндраны. Ствараў сад на плошчы 8,2 гектара інжынер лясных культур Віктар Антонавіч Ламака. Усё сваё жыццё ён прысвяціў гэтай справе. Пражыў 90 год. У наступным годзе Глыбокае адзначала 100-годдзе заснавальніка унікальнага саду, якому прысвоена званне ганаровага грамадзяніна горада. Багата на цуды і прырода нашай Глыбоччыны з яе блакітнымі люстрамі азёр.

 

Возера Доўгае  хвалямі пеніцца,

Чайка над хвалямі б’ецца крылом.

Вецер на долу бярозамі крэніцца.

Шызая дымка вісіць над сялом.

 

Дзівяць глыбіні твае незвачайныя,

Радуе твой неабсяжны прастор,

Возера Доўгае, возера слаўнае,

Найпрыгажэйшае з нашых азёр.

 

Сярод 106 азёр Глыбоцкага раёна, ды і наогул — 10 тысяч азёр Беларусі, Доўгае вызначаецца якраз не сваёй даўжынёй, а глыбінёй. 53,7 метра — афіцыйны рэкорд глыбіні возера. Больш нідзе такога не знойдзеце.

Возера плошчай 2600 га і даўжынёй 6 кіламетраў аб’яўлена гідралагічным заказнікам, а знаходзіцца ў 32 кіламетрах ад райцэнтра каля вёсак Зябкі, Доўгае, Заазёрная.

Калі вы вырашыце акунуцца ў возеры, спачатку адчуеце прыемнае пясчанае дно. Дзе-нідзе каля берагоў на дне пападаюцца і валуны. Але вось на глыбіні ўжо 10—15 метраў пяскі змяняе гліна. У самай глыбакаводнай частцы возера дно высцілае гліністы іл.

У вадаёме водзіцца акунь, плотка, лешч, судак, шчупак, краснапёрка і нават вугор. Аднак прамысловая лоўля рыбы ў заказніку забаронена. Паміж возерам і рэчкай Даўжанкай месціцца маляўнічы куточак — Галубаў сад. Калісьці на высокім узгорку тут стаяў панскі палац, побач з якім пышна цвілі бэз і гартэнзіі. У часы Першай сусветнай вайны тут праходзіла лінія фронту, сядзіба была зруйнавана. У 20-я гады мінулага стагоддзя на ўрадлівых землях мясцовы купец і аграном Канстанцін Галуб вырошчваў клубніцы і гародніну.

Галубіцкая пушча не менш вядомая, чым Налібоцкая ці Белавежская. Адзінае, чаго ў ёй не стае — дык гэта зуброў. Але ёсць іншыя адметнасці. На плошчы 15,7 тысячы гектараў лясоў хвойнага і змешанага тыпаў, водна-балотных угоддзяў біёлагі налічылі дзесяткі відаў рэдкіх прадстаўнікоў флоры і фауны, занесеных у Чырвоную кнігу. Тут ходзіць буры мядзведзь і гняздуюцца скапа і вялікі бугай. Пушча суседнічае з Бярэзінскім біясферным запаведнікам.

На ўскрайку Галубіцкай пушчы ў засценку Пунькі нарадзіўся жывапісец і графік Язэп Драздовіч, якога назвалі “вечным вандроўнікам”. Ён абышоў усю Заходнюю Беларусь, збіраючы каштоўнасці і рэшткі старой культуры свайго народа. Фалькларыст. Этнограф. Краязнаўца. Асветнік. Але найбольш вядомы нашчадкам як мастак, які пакінуў ці не ў кожнай хаце, дзе спыняўся, маляванку (дыванок, пісаны алейнымі фарбамі), пачынальнік касмалагічнай тэмы ў беларускім выяўленчым мастацтве. На Глыбоччыне і пахаваны апантаны творца, на могілках у Ліплянах, на ўскрайку Галубіцкай пушчы. Пад старой сасной стаіць невялічкі помнік з барэльефам твару мастака і гадамі жыцця: 1888—1954.

 

Мастар слова, пэндзаля вандроўік,

Што прайшоў дарог-шляхоў нямала.

На яго прыдзісенская роўнядзь

Настальгію часам наганяла.

 

Кожны з гэтых цудаў – гэта багацце нашага краю, наша гіторыя. Усё гэта робіць нашу Глыбоччыну прыгожай, адметнай і багатай.

 

Край непаўторных фантазёраў,

Куток вандроўчых мастакоў

Каралі з рэчак і азёраў

І скрыжаванні бальшакоў.

 

Натхненне бераг для паэтаў.

Дзе пахне вечнасцю ралля.

Калыска вершаў і санетаў

І ёсць Глыбоччыны зямля.

 

                        Дзякуй! Да наступных сустрэч!     

  Распрацавала: Мацюшонак Т. В.
Категория: Артыкулы | Добавил: evgeniy_cherkes (17.11.2015)
Просмотров: 1448 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Форма ўвахода
Катэгорыі раздзела
Артыкулы [91]
Карысныя рэсурсы



Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь



Нацыянальная бібліятэка
Беларусі



Турызм у Беларусі


  Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт



Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны



Дзень беларускага пісьменства

Пошук


Надвор'e у Глыбокім

Статыстыка

Aнлайн yсяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0